Малыя могуць гадзінамі гуляць у пясочніцы. Але ці такі бяскрыўдны, як здаецца на першы погляд, пясок, дзе пры дапамозе вядзерца і “піражкоў” дзіця вывучае свет.
У апошнія гады ўсё большая цікавасць праяўляецца да праблемы таксакарозу. Сімптаматыка гэтага гельмінтозу вельмі разнастайная, таму з ім могуць сустрэцца ўрачы самых розных спецыяльнасцей: педыятры, тэрапеўты, акулісты, гематолагі, гастраэнтэролагі, неўрапатолагі і іншыя.
Таксакароз выклікаецца неўласцівым для чалавека паразітам — таксакарай, вельмі падобнай да аскарыды чалавечай. Вядомы два віды таксакар: Toxocara canis — гельмінт, які паражае прадстаўнікоў сямейства псовых (сабак, ваўкоў, лісіц, пясцоў) і Toxoca mystax (у англамоўных краінах называюць Toxocara cati) — гельмінт сямейства кашэчых. Роля Т.canis у паталогіі чалавека даказаная, а роля Т.mystax яшчэ абмяркоўваецца, таму сёння тэрмін “таксакароз” мае на ўвазе толькі хваробу чалавека, якую выклікае Toxocara canis.
Крыніцай заражэння пры таксакарозе ў асноўным з’яўляюцца сабакі, якія забруджваюць глебу і пясок яйкамі таксакар, што выдзяляюцца з фекаліямі. Людзі не могуць быць крыніцай заражэння, таму што ў арганізме чалавека дарослыя асобіны паразіта з лічынак не ўтвараюцца і яйкі не выдзяляюцца. Для таксакар чалавек служыць толькі рэзервуарным гаспадаром.
Лічынкі, якія выйшлі з яек, мігрыруюць у арганізме чалавека з кішэчніка праз сценку кішкі і па крывяносных сасудах трапляюць у розныя органы і тканкі, выклікаючы лічыначную форму захворвання. Лічынкі, якія аселі ў тканках, захоўваюць сваю жыццяздольнасць месяцы і гады.
Інкубацыйны перыяд пры таксакарозе можа працягвацца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Хвароба працякае з ярка выражанымі алергічнымі сімптомамі: высыпаннем, свербам, ліхарадкай, павелічэннем печані і селязёнкі, бронхапнеўманіяй з прыступамі нясцерпнага кашлю і ўдушша, адутлаватасцю твару.
Галоўныя метады ў дыягностыцы таксакарозу — імуналагічныя. Адным з найбольш эфектыўных тэстаў з’яўляецца імунаферментны аналіз.
Заражэнне людзей адбываецца на працягу ўсяго года, аднак максімальная колькасць заражэнняў прыпадае на летне-асенні перыяд, калі колькасць яек у глебе і кантакт з ёю максімальны. Дзеці, якія любяць гуляць у пясочніцы, трапляюць у групу рызыкі. Адзначым, што пясочніцы можна разглядаць толькі як зоны рызыкі. Сама наяўнасць таксакар у пяску не сведчыць аб прамой пагрозе для дзіцяці, калі яно будзе захоўваць асабістую гігіену і мыць рукі пасля прагулкі.
Важныя прафілактычныя меры — гэта рэгулярная замена пяску ў дзіцячых пясочніцах у вясенні перыяд і па эпідэмічных паказаннях укрыццё пясочніц спецыяльнымі накрыўкамі, каб папярэдзіць магчымае забруджанне фекаліямі жывёл. Не варта забываць і пра старанную апрацоўку зеляніны, агародніны і іншых харчовых прадуктаў, якія могуць змяшчаць часцінкі глебы, перад іх ужываннем.
Наталля АДЗЯРЫХА,
валеолаг Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.