На арэхі

Цікавыя факты

* 90% смяротных выпадкаў ад прыступу алергіі прыпадаюць на долю, выкліканай арэхамі. Чалавек, які пакутуе ад алергіі на арэхі, можа памерці нават ад адной крошкі, дададзенай у марожанае.

* На святы насельніцтва Індыі з задавальненнем ужывае фіні — самагон з какосаў і арэхаў кеш’ю, мяккі і моцны напітак.

* Какосавая вадкасць маладых арэхаў можа выкарыстоўвацца як замяшчальнік плазмы крыві. Гэта выявілі ўрачы на Фіджы падчас Другой сусветнай вайны.

* У Англіі лічаць, што, загадаўшы жаданне, трэба кінуць лясны арэх у агонь, тады яно збудзецца.
* Вядомы 17 сартоў грэцкага арэха, і ўсе яны ядомыя.

* Больш чым 100 г арэхаў за адзін прыём арганізм не засвойвае.

Арэхі — гэта Новы год, які з дзяцінства нельга ўявіць без грэцкіх арэхаў (дзеці акуратна загортвалі іх у “залацінкі” (звычайную фольгу), старэйшым давяралі “залаціць” фарбай). Арэхі — гэта фірменны мамін торт, шчодра пасыпаны колатым арахісам.

Батанік скажа, што арэх — гэта расліна сям’і арэхавых, напрыклад, фундук. Прычым арэх заўсёды бывае ядомым, але не заўсёды з’яўляецца арэхам у строгім сэнсе гэтага паняцця. Карацей кажучы, толькі фундук і кеш’ю могуць лічыцца сапраўднымі арэхамі, таму што арэх — гэта плод, які мае цвёрдую шалупайку і не прырослае да яе ядро, не пакрытае ніякімі абалонкамі ці мякаццю.

Яшчэ ў Старажытным Егіпце жрацы забаранялі ўжываць простым жыхарам арэхі і алей з іх, магчыма, баючыся фізічнага і разумовага развіцця прыгнечаных класаў, бо арэх — гэта скарбніца пажыўных рэчываў і вітамінаў.

У XVII—XVIII стагоддзях фундук, ці ламбардскі арэх, быў завезены і ў Амерыку. Дарэчы, гэта адзін з рэдкіх выпадкаў, калі рух культурных раслін адбыўся з Усходу на Захад. Адкуль фундук з’явіўся ў Еўропе? На гэты конт ёсць жарт: мільёны арэхавых дрэў выраслі ў лясах таму, што вавёркі, закапаўшы арэхі ў зямлю, потым забыліся пра свае скарбы.

Смажаныя арэхі ў мёдзе

Нам трэба:

арэхі — 1 шклянка;

мёд — 1 шклянка.

У працэсе:

На сухой патэльні абсмажыць арэхі ў папярэдне нагрэтай да 180°C духоўцы 10 хвілін. Астудзіць. Узяць прыгожы шкляны слоічак, наліць туды паўшклянкі вадкага мёду, пакласці арэхі, заліць астатнім мёдам. Закрыць слоічак і прымацаваць да яго яркі ярлык (паштоўку, картку), у якім указаць, як лепш выкарыстаць падарунак. Напрыклад, “Пакласці на марожанае”, “Дабавіць у стравы з курыцы, мяса”, “Падаць з сырам” і інш. Захоўваецца такі падарунак пры пакаёвай тэмпературы да месяца.

Як бы там ні было, варта прызнаць: не ўсё тое арэх, што ім называецца. Гэта і буйны бразільскі арэх, і фісташкі, і салодкія каштаны, і какосавы арэх, і пініёлі — арэшкі пініі — італьянскай сасны, якая расце на Міжземнаморскім узбярэжжы і як культурная расліна была вядома яшчэ этрускам у самым пачатку І тысячагоддзя да нашай эры. І, нарэшце, самы дарагі арэх у свеце — макадамія. Кошт гэтага аўстралійскага арэха вельмі высокі таму, што яго складана вырошчваць. Невялікае дрэва, да пятнаццаці метраў у вышыню, з гладкім скурыстым лісцем пачынае даваць ураджай толькі на дзясятым годзе жыцця, а арэхі саспяваюць на працягу 6—7 месяцаў. Першыя еўрапейцы, якія з’явіліся ў Аўстраліі, выкарыстоўвалі яго як грашовы сродак падчас гандлю з мясцовымі плямёнамі. Да таго ж распешчаныя далікатэсамі Еўропа і Амерыка былі зачараваны смакам гэтага арэха, і на яго пачалося сапраўднае паляванне.

У многіх народаў ёсць легенды аб тым, што арэхі прыносяць удачу, каханне, шчасце і даўгалецце. Імі частуюць, асыпаюць, іх дораць на вяселлях, хрэсьбінах, рэлігійных цырымоніях. У Англіі існуе традыцыя на вяселлі кожнаму госцю даваць жменю міндалю — падарунак маладой: пяць арэшкаў, кожны з якіх сімвалізуе здароўе, багацце, дабрабыт, шчасце і даўгалецце. У Францыі арэхі раскідаюць на вяселях. А ў Скандынавіі паганяюць кароў арэхавымі галінкамі, каб тыя лепш даіліся. Балгары і рускія палаючай галінкай арэшніку адганялі ад калыскі русалак. Лічылася таксама, што арэхавае дрэва адхіляе маланку, і таму крыжыкі з яго славяне прымацоўвалі на вільчак даху. Рымляне называлі грэцкі арэх ежай багоў. З гэтым арэхам увогуле вялікая блытаніна. Многія думаюць, што калі ён грэцкі, то — родам з Грэцыі, але на самай справе радзіма грэцкіх арэхаў зусім не Грэцыя, а Сярэдняя і Малая Азія. Грэкі называлі іх царскімі жалудамі і падносілі адно аднаму ў дар як знак самых добрых намераў. У Рымскай імперыі яны былі абавязковай стравай на ўсіх вясельных цырымоніях. Некалькі стагоддзяў царква ставілася да грэцкага арэха з вялікай апаскай і сцвярджала, што ў ім жыве злы дух. А ўсё з-за таго, што пад дрэвам адсутнічае расліннасць. Пазней выявілася, што прычына гэтага — юглон — рэчыва вельмі таксічнае для іншых раслін. Яно прыгнятае рост травы, а таксама таматаў і бульбы.

Кавурма

Па сутнасці, гэта густы суп, найсмачнейшая страва, годная сваіх цюркскіх каранёў.

Замест агародніны ў “дабульбяную” эпоху клалі ў яго рэпу і рэдзьку.

Нам трэба:

бараніна на рэбрах — 1,5 кг;

бульба — 1,5 кг;

морква — 600 г;

чырвоны салодкі перац — 3 шт.;

цыбуля — 3 шт.;

алей — 4 ст.л.;

ляшчына (фундук) — 200 г (буйна разбіваем);

кроп — 1 пучок;

зіра, чорны перац, лаўровы ліст, соль.

У працэсе:

Бараніну нарэзаць на буйныя кавалкі. У казане, змазаным алеем, пракаліць зіру (30 секунд). Дабавіць мяса. Смажыць 4—5 хвілін, можна памяшаць некалькі разоў. Заліць мяса кіпнем (3 л), варыць да гатоўнасці мяса. Дабавіць бульбу, моркву, перац, фундук і варыць яшчэ 20—30 хвілін. За 3 хвіліны да гатоўнасці пасаліць, дабавіць перац, лаўровы ліст. Настойваць 20 хвілін. Лаўровы ліст дастаць. У талерцы пасыпаць кропам.

Званне самага паважанага ў свеце арэха ўпэўнена трымае міндаль. Егіпцяне выкарыстоўвалі яго пры выпечцы хлеба, які падавалі толькі фараонам. А купцы, выпраўляючыся ў доўгі шлях, абавязкова бралі з сабой міндаль, і гэта зразумела, бо ён — скарбонка расліннага бялку. Міндаль змяшчае амаль столькі ж бялку, колькі поснае мяса (да 30%). Марка Пола ў ХІІІ стагоддзі знайшоў дзікі міндаль у Цэнтральнай Азіі, на раўнінах Туркменістана. Менавіта гэтым шляхам арэх прыйшоў з Азіі і распаўсюдзіўся па Еўропе. Яго пачалі актыўна культываваць у Італіі і Іспаніі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя іспанскія місіянеры перавезлі міндаль у Каліфорнію, якая да гэтага часу застаецца самым буйным вытворцам міндалю ў свеце.

Кароль у прымхах і магічных рытуалах — ляшчына. З яе дапамогай шукалі скарбы, вучылі дзяцей хадзіць і падымалі слабых на ногі.

Арэх плюс тайнае слова — гарантаваны сродак, як лічылі раней, ад нячыстай сілы, мышэй і змей. Лічыцца, што яшчэ ў эпоху неаліту яго збіралі і елі першабытныя людзі: археолагі часта знаходзяць пры раскопках акамянелыя арэхавыя шалупайкі. Радзіма ляснога арэха — Малая Азія і Каўказ, адтуль арэхавыя гаі працягнуліся па ўсёй Еўропе. Фундук — тая ж ляшчына, толькі акультураная. У фундуку больш тлушчу, у яго танчэйшая шалупайка і больш далікатны смак.

Пальму першынства сярод самых дзіўных апісанняў арэха я аддала б кеш’ю. Мяркуйце самі: слова “кеш’ю” (норма націску не ўстанавілася) — гэта скажонае “акажу” (з націскам на у), што ў сваю чаргу з’яўляецца скажоным словам “кажу”, што на мове паўднёва-амерыканскіх індзейцаў тупі азначае “жоўты фрукт”. І тут мы разумеем, што гэта назва костачкі, якая сядзіць наверсе вялікай жоўтай ці чырвонай грушы (якую чамусьці называюць яблыкам). Груша таксама ядомая, толькі хутка псуецца, таму кампоты і нават віно з яе гатуюць толькі там, дзе яна расце. А паколькі расце яна ў Індыі, то кеш’ю зусім лагічна было б называць індыйскім арэхам. Кеш’ю па-навуковаму называецца анакардыум. Шостая назва. Раней кеш’ю лічылі ласункам заможных людзей, таму што аддзяліць арэх ад шалупайкі не вельмі лёгкая справа. І аддзяляць трэба надзвычай асцярожна: у абалонцы вакол насення змяшчаецца вельмі едкі алей, пры судакрананні з якім на скуры з’яўляюцца пухіры (яшчэ назва — пухірковы арэх). З яго, дарэчы, атрымліваюць чарніла для меткі бялізны (і анакардыевы алей, якім прапітваюць драўніну ад гніення), і таму вось яшчэ адна назва кеш’ю — вест-індскія чарнільныя арэхі.

Міндальны пірог “Пяць спецый”

Просты, але на дзіва смачны пірог, па матывах кітайскай кухні.

Нам трэба:

Для пірага:

міндаль — 120 г;

цукар — 2 ст.л.;

мука — 80 г;

молатая карыца — 0,5 ч.л.;

молатая гваздзіка — 0,5 ч.л.;

молаты імбір — 0.5 ч.л.;

насенне анісу (патаўчы) — 0,25 ч.л.;

насенне фенхелю (патаўчы) — 0,25 ч.л.;

яйкі — 3 шт.;

цукар — 160 г;

соль.

Для глазуры:

сметанковае масла — 125 г;

цукар — 125 г;

міндальны экстракт — 0,5 ч.л.;

малако цёплае — 125 г.

У працэсе:

Міндальныя арэхі і 3 ст.л. цукру змалоць у парашок пры дапамозе блэндара. Змяшаць з мукой і спецыямі. Яйкі змяшаць з 1 шклянкай (без верху) цукру. На вадзяной лазні ўзбіць блэндарам яйкі і рэшткі цукру (4 хвіліны). Зняць з агню, дадаць соль. Працягваць узбіваць, пакуль сумесь не стане шчыльнай і белай.

У вялікай місцы размяшаць размякчанае сметанковае масла, дадаць чацвёртую частку яечнай сумесі, потым чацвёртую частку міндальнай сумесі. Паўтарыць працэдуру яшчэ тры разы, пакуль усе складнікі не будуць уведзены. Запячы на блясе, пакрытай пергаментам, 30—35 хвілін пры тэмпературы 180°C, пергамент зняць, астудзіць.

Глазуроўку гатаваць наступным чынам: масла ўзбіць з цукрам на высокай хуткасці, падмяшаць міндальны экстракт, павольна ўзбіваючы, падліць цёплае малако. Пакрыць верх пірага глазуроўкай. Паставіць на 8 гадзін у халадзільнік.

Пірог асабліва смачны на наступны дзень, калі пяць спецый і міндаль перададуць яму ўвесь водар. Лепшым упрагажэннем будзе смажаны міндаль і кавалачкі зацукраванага імбіру.

У кожнага арэха ёсць свая роля ў свеце кулінарыі. Іх выкарыстоўваюць у прыгатаванні разнастайных закусак і соусаў, а марцыпан (цукровая арэхавая маса), пралінэ (карамелізаваныя арэхі) ці нуга (арэхава-мядова-яечная маса) незаменныя ў кандытарскай справе. Кедравыя арэшкі дадаюць у салаты, смажаны міндаль — важная частка многіх страў міжземнаморскай і ўсходняй кухні.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.