Больш за 30 гадоў прысвяціў навуковаму і практычнаму вырашэнню праблемы гарманічнага развіцця дзіцяці ў сістэме адукацыі расійскі вучоны доктар медыцынскіх навук Уладзімір Базарны. У сваіх даследаваннях ён прыйшоў да высновы, што існуючая сістэма выхавання і навучання ў дзіцячых садках і школах арыентавана супраць прыроды дзіцяці. У Мінск Уладзімір Філіпавіч прыехаў на некалькі дзён, каб сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, педагогамі, бацькамі. Падчас адной з такіх сустрэч у Доме Масквы акадэмік Расійскай акадэміі творчай педагогікі паведаміў пра ўласную здороўезберагальную методыку, якая за гады свайго існавання дала цудоўны вынік: дзеці ў працэсе вучобы не толькі захавалі, але і ўмацавалі сваё здароўе!
Пачаў лекцыю Уладзімір Базарны з таго, што абвергнуў інфармацыю, якая гуляе аб ім у інтэрнэце: “Я не педагог-наватар. Ніякую Амерыку я не адкрыў. Усё, пра што я буду гаварыць, — відавочныя, але забытыя рэчы. Пачынаў я некалі як урач-афтальмолаг. Правёў звыш 6000 аперацый на вочы. І чым больш аперыраваў, тым большы паток дзяцей да мяне ішоў — блізарукасць, касавокасць… Нейкі ўнутраны пратэст з’явіўся ў мяне: усіх жа не перарэжаш! Колькі гэта можа працягвацца? Прыйшоў у школу і ўсё зразумеў: яны ж там сядзяць усе вось так (робіць указальны палец кручком. — Заўв. аўт.)”.
Забягаючы наперад, адзначым, што скразной тэмай выступлення Уладзіміра Базарнага быў усім знаёмы лозунг “Рух — гэта жыццё”, а галоўным дэструктыўным фактарам, які разбурае фізічнае і псіхічнае здароўе дзяцей, была названа педагагічная ўседлівасць. Але аб усім па парадку.
— Дзіця з’явілася на свет. З чаго трэба пачынаць? Як арганізаваць жыццё немаўляці, каб яно расло здаровым і шчаслівым? Даследаванні (а народ заўсёды пра гэта ведаў і без нашых даследаванняў) пераконваюць: базавымі з’яўляюцца працяглае (не менш за два гады) грудное кармленне, пастаяннае спяванне яму калыханак і гушканне ў падвеснай калысцы. Чаму менавіта ў падвеснай калысцы? Вядома, што 9-месячны перыяд унутрывантробнага развіцця праходзіць у вадкім асяроддзі, якое падтрымлівае працэс развіцця дзіцяці фактычна ў бязважкасці. А зараз уявіце: з бязважкасці дзіця раптам трапляе ў асяроддзе вялізнага гравітацыйнага ціску. У працэсе гушкання немаўля ў рытмічным рэжыме адчувае своеасаблівыя моманты бязважкасці (калі люлька дасягае максімальнай вышыні і як бы на імгненне замірае) і моманты ўздзеяння найбольш высокіх гравітацыйных сіл (калі люлька праходзіць праз самы нізкі да зямлі пункт). Падвесная люлька — гэта ўніверсальны нетраўматычны спосаб адаптацыі нованароджанага да гравітацыі зямлі. Вельмі падрабязна пра гэта напісана ў маёй кніжцы “Дзіця чалавечае. Псіхафізіялогія развіцця і рэгрэсу”.
У ёй жа Уладзімір Філіпавіч робіць акцэнт на тое, як важна ў дзяцінстве дзяўчынкам гуляць менавіта з лялькамі.
— Лялька — гэта для дзяўчынкі пачуццёвы сімвал яе будучага дзіцяці. Пастаянныя зносіны з ёй, яе спавіванне, апрананне і распрананне, укладванне спаць, укалыхванне і спяванне ёй калыханак — гэта ранняе глыбіннае пачуццёвае захаванне пяшчоты і любові да дзіцяці, а таксама актыўнае ўваходжанне дзяўчынкі ў вобраз любячай маці, у вобраз будучага мацярынства. А хто па-сапраўднаму задумваўся, чаму свет лялек апынуўся раптам выцесненым светам мяккіх цацак-зверанят? Дзяўчынак мы ўсё часцей укладваем спаць то з сабачкам, то з мядзведзікам, то яшчэ з якім-небудзь звярком. Але тады ўсе першапачаткова ўласцівыя дзяўчынкам любоў і пяшчота будуць спраецыраваны не на дзіця, а на сабачку, мішку, коціка і г.д. У выніку дарослыя жанчыны ўжо не за дзіця, а за свайго любімага жывога сабачку гатовы жыццё аддаць. І аддаюць.
Усе праблемы са здароўем дзіцяці, па меркаванні вучонага, пачынаюцца з таго моманту, калі ён вымушаны доўгі час сядзець на крэсле. І часта не па сваёй волі, а па волі бацькоў і настаўнікаў.
— Дзіця пайшло ў дзіцячы садок. Што мы бачым? Музычныя заняткі — выхавальніца іграе на музычным інструменце, а дзеці спяваюць, седзячы на крэслах; урокі фізічнай культуры — дзеці сядзяць у гуртку і перакідваюць адно аднаму мяч. Гэта павольнае забойства дзяцей! Яшчэ ў 1963 годзе айчынным навукоўцам Багданавым было зроблена наступнае адкрыццё: калі ў працэсе развіцця абмежаваць рух і паступленне ў мозг рухальных імпульсаў ад мышцаў, то нейраэпітэліяльная тканка мозгу не толькі не развіваецца, але і распадаецца. Выхаванне і навучанне дзяцей у рэжыме педагагічнай уседлівасці — гэта і ёсць заглушэнне паступлення ў мозг імпульсаў ад ніжніх канечнасцей. Вынік — нарастаючая эпідэмія так званага сіндрому дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю. Вось вам і зручненькія дзеткі, якія сядзяць на крэслах. Раней на занятках спявалі і вадзілі карагоды, гулялі ў рухавыя гульні і эстафеты, дык не, трэба ўсадзіць на крэслы!
Адзначым, што навуковыя распрацоўкі, выкананыя Уладзімірам Базарным, былі прызнаны адкрыццём сусветнага значэння і рэкамендаваны для ўкаранення ва ўсе школы СССР. У цяперашні час методыку прафесара Базарнага выкарыстоўваюць больш чым у 3500 адукацыйных установах Расіі.
Адрозненні здароўезберагальнай сістэмы Базарнага ад звычайных метадаў навучання: хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асобна, для пісьма выкарыстоўваюцца пёры і чарніла, замест звычайных парт стаяць парта на аднаго чалавека і канторка, пад нагамі масажныя дыванкі, вучні мяняюць позу на працягу заняткаў, наглядныя матэрыялы размешчаны па перыметры класа, фізкультура амаль кожны дзень.
— Вядома, што ў звычайнай школе дзяцей прымушаюць гадзінамі сядзець у адной позе, схіліўшыся над партай. Напэўна, усе памятаюць, як за нязначным рухам тут жа гучаў настаўніцкі вокрык тыпу “Не круціся!”. Здаровае дзіця не можа пастаянна сядзець. Падаўленне свабоды руху перашкаджае здароваму развіццю дзяцей. І што мы бачым у выніку? Да выпуску амаль усе школьнікі маюць праблемы з пазваночнікам. Многія заўважаюць, што за навучальны год дзеці практычна не растуць, а за летнія канікулы актыўна падрастаюць. Усе вырашылі: лета, сонца… Не сонца, а рух! Летам дзеці не сядзяць за партамі, а рухаюцца, таму і растуць! Здароўе ніколі не бывае толькі ад таблетак і толькі ад урача, здароўе бывае толькі з дзяцінства і толькі ад выхавання. А навука выхавання — педагогіка. Усё заканамерна. Трэба выцягнуць з заседжанасці нашых дзяцей. Не давайце ім заседжвацца! Дзеці здаровыя толькі тады, калі рухаюцца.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.