“Но нити крепко держат сердце, гармонии рождая лад…”

“Мода без вышыўкі — што Дзень узяцця Бастыліі без феерверкаў!” — сцвярджае мэтр высокай моды Карл Лагерфельд. Мы вымушаны пагадзіцца з гэтым выказваннем, бо сапраўды вышыўка была, ёсць і будзе прысутнічаць у жыцці людзей.

Госцю нашай рубрыкі Наталлю Аляксандраўну Чанцову ў дзесяць гадоў навучыла вышываць крыжыкам бабуля Антаніна Паўлаўна. “Была ў мяне канва, набор нітак мулінэ, — успамінае Наталля, — бабуля вучыла мяне і колеры падбіраць. Дарэчы, дзіцяці карысна вышываць. Яно становіцца спакайнейшым, больш уважлівым”. Школьныя ўрокі працы таксама садзейнічалі нараджэнню маёй любові да рукадзелля. Памятаю, што пашыты мною на ўроку працоўнага навучання халацік дэманстраваўся на выставе лепшых работ навучэнцаў школы.

— Як жа развівалася ваша захапленне вышываннем, Наталля Аляксандраўна?
— Калі я пасталела, то зразумела, што хачу асвоіць розныя напрамкі вышыўкі: мярэжку, насцілы, прошву, вышмаргі. Вучылася два гады на курсах. Цяпер люблю прыдумваць уласнае ў гэтым мастацтве.
Я не люблю вышываць па гатовым эскізе. Аднаўляць чужую задуму мне нецікава. Менавіта таму не люблю машыннае вышыванне. Ствараю ўласныя малюнкі для вышыўкі. Вельмі люблю ўстаўляць вышыўку ў адзенне. Прыдумваю фасон сукенкі ці касцюма, падбіраю тканіны. Праўда, па маёй задуме ўбор шые прафесійная швачка. Затое я потым уключаюся ў працэс упрыгожвання вышыўкай маёй абноўкі. На фотаздымку касцюм, у падол спадніцы і рукавы жакета якога ўстаўлены фрагменты, звязаныя мною кручком з вельмі тонкіх нітак. Фрагменты тканіны касцюма выразаны пасля ўстаўкі вышыўкі, зробленай кручком. У выніку з’явіўся цудоўны эфект мігцення шыфонавых валанаў на рукавах і спадніцы касцюма.
Я не абмяжоўваюся адным стылем вышывання. Эксперыментую, спалучаю, дадаю. Цікава было паспрабаваць вышыць абстрактны ўзор, падабраць да яго камяні ў тон і такую асаблівую вышыўку ўставіць у рамку. Атрымалася прыгожа і арыгінальна. Акрамя камянёў, дапаўняю вышыўку пацеркамі, дрэвам, паеткамі. Ёсць задума зрабіць маладзёжныя фенечкі з пацерак з дабаўленнем вышытых дэталей, сумкі-рукзачкі з вышыўкай на клапане і з кутасамі на тасьме, якая сцягвае сумачку. Цікавым аказаўся вопыт вышыўкі на ўласнай вясельнай сукенцы, якая пацярпела падчас урачыстасці. Калі дакладней, то парвалася шыфонавая частка, якая была вышыта кветачкамі на фабрыцы. Як гераіні з народнай казкі, якая звязала рукамі ніткі прарэхі ў тканіне, давялося і мне рамантаваць найтанчэйшае палатно. Я вышыла кветачку на пашкоджаным месцы так, што яно ўжо і пашкоджаным не магло лічыцца.

— Наталля Аляксандраўна, як нараджаецца новая задумка для вышывання? Адкуль прыходзіць натхненне? Нядаўна прачытала ў сучаснай пісьменніцы, што ёй захацелася напісаць дэтэктыўную аповесць, пачуўшы рыпенне калаўрота ў вясковым калодзежы. Як у вас?
— Іншы раз любая дробязь можа разбудзіць фантазію, пасадзейнічаць нараджэнню ідэі. Зойдзеш у магазін фурнітуры, убачыш шклярус, драўляныя пацеркі, паеткі — натхненне тут як тут. Выстава “Каменная казка”, якая часта праходзіць у Мінску, таксама мая крыніца новых ідэй для творчасці. Падарожжа ў Балгарыю вымусіла асвоіць тэхніку “балгарскі крыж”. Заўважыла, што ў Балгарыі любяць вялікія вырабы, звярнула ўвагу на асаблівасці спалучэння колераў, апрацоўку краёў вырабаў з вышыўкі. Вязу з падарожжаў новыя тканіны, ніткі.

— Магчыма, вялікі вышыты абрус з вышмаргам пасярэдзіне з’явіўся пасля падарожжа ў Балгарыю?
— Заўсёды ёсць месца для таямніцы ў творчым працэсе. Што абсалютна дакладна, дык гэта тое, што абрус падабаецца мне, маёй сям’і, гасцям. Я яго сцялю на стол паверх бардовай тканіны, абшытай белым кантам, каб выдзеліць белую сетачку ў цэнтры абруса. Выглядае такі стол святочна, урачыста. Госці кажуць, што на такім абрусе стравы смачнейшыя. Я адчуваю, што прыгажосць аб’ядноўвае людзей. За такім сталом добра спяваюцца песні, асабліва народныя, хочацца размаўляць аб чалавечых адносінах і жыцці ўвогуле. Мой сын Раман часта натхняецца пасля такіх свят на стварэнне малюнкаў, дзённікавых запісаў. Калі ён малюе персанажаў для мультфільмаў (Рома гэта любіць), то яны атрымліваюцца выразнымі, мілымі, смешнымі, эмацыянальнымі.

— У вас творчая атмасфера ў сям’і?
— Так. Муж Аляксандр і сын Раман з захапленнем фатаграфуюць. Работы ў іх атрымліваюцца мастацкія. Неаднойчы выстаўляліся ў Мінскім фотаклубе. У рубрыку фотаздымкі аб маім захапленні зрабіў Аляксандр. Акрамя вышыўкі, займалася тры гады іспанскімі танцамі фламенка. Вобраз для выступленняў прыдумала сама. Пашыла спадніцу поўны сонца-клёш, блузку з валанамі, двухбаковую (чырвона-чорную) хустку з кутасамі. І кутасы для хусткі зрабіла сама. Мару аб сапраўдным іспанскім вееры. Гатова ехаць па яго ў Іспанію і далей танцаваць. Вось будзе новая крыніца натхнення.

— Калі ваш сын быў маленькі, у яго гардэробе былі вышытыя і ўпрыгожаныя рукадзеллем рэчы?
— Вядома, былі! Я абвязвала кручком распашонкі, навалачкі ў дзіцячую калясачку. Звязала шапачку і шалік, упрыгожыла іх па краях атласнай стужкай з вышыўкай. Усе звярталі ўвагу. Гэтыя рэчы пасля Ромы насілі і дзеці маіх сябровак. Мне было радасна, што вырабы доўга служаць, захоўваючы прыгажосць. Памятаю, што ў той жа час вышыла незабудкамі сіне-блакітны аксамітавы касцюмчык для дачкі сяброўкі. Іх сям’я хвалявалася, што такую прыгожую рэч і апрануць няма куды, таму што страшна сапсаваць. Ведаю, што ўсё-такі з задавальненнем насілі.

— Знаўцы сцвярджаюць, што вышыванне не проста забава, а свайго роду лад жыцця, у нейкай ступені магічны занятак, які праграмуе на розныя падзеі. Што вы, Наталля, пра гэта думаеце?
— Назіранні вышывальшчыц пацвярджаюць, што ад таго, што мы вышываем, можа многае змяніцца. Напрыклад, лічыцца, што вышыванне доміка — да паляпшэння жыллёвых умоў. Маякі здзяйсняюць жаданні. Загадваем жаданне і вышываем маяк. Для ўдачы ў прафесіі вышываюць дракона. Абавязковая ўмова — дракон павінен быць з жамчужынай. Каб знайсці работу, вышывайце горы. Парная вышыўка жывёл ці птушак — двух буслоў, качак, пары ваўкоў — садзейнічае сустрэчы са сваёй палавінкай, а таксама сямейнаму дабрабыту. Калі незамужняя дзяўчына вышые адзінарога, то яна ў найбліжэйшы час выйдзе замуж. Самая знакамітая сярод вышывальшчыц прыкмета — вышыўка трох анёлаў. Калі іх вышыць, то абавязкова дачакаешся дзіця. Жураўлі — адзін з самых галоўных сімвалаў здароўя. Таксама сімвалам здароўя лічыцца персік. Калі вы пачынаючы вышывальшчык, то можаце вышываць простыя сімвалы:
Квадрат дапамагае ў працы, гэта эмблема зямлі і прыроды, матэрыяльнасці. Для багацця вышыйце яго на невялікім кавалачку тканіны бэжавымі ці карычневымі ніткамі і прышыйце з унутранага боку кашалька.
Трохвугольнік — світанне. Новае пачынанне будзе паспяховым, калі вышыць яго чырвонымі ніткамі на сваёй насовачцы і насіць з сабой.
Круг — сонца, чаша, сімвал дабрабыту. Вышыйце яго блакітнымі ніткамі на адваротным боку дарожкі і пасцяліце яе ў калідоры.
Вышыўка ў выглядзе літары “Ж” сімвалізуе дзве фігуры (саюз: шлюбны, дзелавы), гэта залежыць ад колеру. Дзелавы — аранжавы, шлюбны — фіялетавы, сіні. Можна вышыць на тканіне, якой накрываеце мэблю. Хвалістая лінія азначае роўнае, спакойнае жыццё, дапамагае знайсці свой шлях. Можна вышыць серабрыстымі ніткамі на адваротным боку касынкі, унутры шапачкі.
Усім людзям, гатовым захапіцца вышываннем, хачу сказаць, што рэчы, зробленыя з любоўю, доўга застаюцца запатрабаванымі і нясуць зарад станоўчай энергіі, бо, вышываючы, думаеш аб добрым, медытуеш, молішся.
Спіраль — мудрасць, інтуіцыя, прасвятленне.

Інтэрпрэтацыя колеру:
Чырвоны — пачынанне;
Аранжавы — супрацоўніцтва;
Жоўты — радасць, сімвал здароўя
і ўдачы;
Зялёны — практычнасць;
Блакітны — змены;
Сіні — адказнасць;
Фіялетавы — вера;
Бэжава-карычневы — поспех;
Пастэльныя тоны — завяршэнне;
Чорны, белы ці жамчужна-шэры — інтуіцыя;
Чырванавата-карычневы, жаўтавата-карычневы — веліч;
Карычневы з сінім — шчаслівая дарога і яснае сонца.

Усім людзям, гатовым захапіцца вышываннем, хачу сказаць, што рэчы, зробленыя з любоўю, доўга застаюцца запатрабаванымі і нясуць зарад станоўчай энергіі, бо, вышываючы, думаеш аб добрым, медытуеш, молішся.
Дарэчы, школьная форма з вышыўкай у народным стылі, магчыма, хутка будзе канкурыраваць са звычайнай. Мінскія дызайнеры Алена Моркава і Наталля Кажушкова паказалі ў Гродне, якім можа быць нацыянальны касцюм для беларускіх школьнікаў.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.