Паэканомце сэрца ў спёку

Для сардэчнікаў спёка — сур’ёзнае выпрабаванне. Цяжэй за ўсё пры вільготнасці паветра вышэй 80%. У кардыёлагаў летам самы ў прамым сэнсе слова гарачы сезон. Менавіта ў спёку, паводле шматгадовай статыстыкі, колькасць зваротаў па тэрміновую медыцынскую дапамогу ўзрастае на чвэрць. Сэрца прыхоплівае прама на вуліцы або дачным участку. Часцей за ўсё ахвярамі сонца становяцца пажылыя людзі з гіпертаніяй, стэнакардыяй і ішэмічнай хваробай сэрца. У спёку павышаецца нагрузка на сардэчна-сасудзістую сістэму, хістаецца артэрыяльны ціск, учашчаецца пульс — такім чынам рэзка павышаецца рызыка сардэчных прыступаў і інсультаў. Медыкі асабліва трывожыцца за пажылых дачнікаў, якія працуюць, нахіліўшы галаву на градках, цэлымі днямі, хаця пад пякучым сонцам рэкамендуецца працаваць не больш за дзве гадзіны і з перапынкамі.

Калі сэрца рвецца з грудзей

У спёку актывізуецца дзейнасць шчытападобнай залозы, якая выпрацоўвае гармон тыраксін, які паскарае сардэчны рытм. Наднырачнікі пачынаюць больш інтэнсіўна выкідваць у кроў адрэналін і норадрэналін. У выніку такіх выкідаў нават пры невялікіх нагрузках учашчаецца рытм сардэчнай дзейнасці.
Таму амаль ва ўсіх людзей адзначаецца тахікардыя — учашчанае сэрцабіцце. Лёгкая тахікардыя звычайна не адчуваецца здаровым чалавекам, але ў сардэчнікаў могуць з’явіцца непрыемныя сімптомы: агульная слабасць, павышаная стамляльнасць, раздражнёнасць, пачуццё няхваткі паветра, арытмія (перабоі ў рабоце сэрца), тупыя, ныючыя, сціскальныя або колючыя болі ў вобласці сэрца. Пры ўзнікненні пералічаных сімптомаў падлічыце пульс:
60—79 удараў у хвіліну лічыцца нармальным, 80—95 — крыху учашчаным, звыш 95 — сведчыць пра тахікардыю.
У выпадку рэзкага прыступу тахікардыі (учашчанае сэрцабіцце, задышка, халодны пот) сядзьце, падклаўшы пад спіну падушкі. Папрасіце адкрыць акно. Для аблягчэння дыхання расшпіліце кашулю і паслабце пояс. Заплюшчыце вочы і націскайце сярэднім і ўказальным пальцамі абедзвюх рук на вочныя яблыкі на працягу 10 секунд. Так паўтарыце тры разы за адну хвіліну. Зрабіце глыбокі ўдых і на некалькі секунд затрымайце дыханне. Праз 2-3 хвіліны зрабіце дыхальнае практыкаванне зноў. Калі самаадчуванне не палепшыцца, выклікайце “хуткую дапамогу”.

У спёку спяшайцеся павольна

Калі вы пакутуеце ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, старайцеся строга выконваць распарадак дня, пазбягаць фізічных і псіхаэмацыянальных перагрузак, не злоўжывайце алкаголем, курэннем. Ешце 5-6 разоў на дзень невялікімі порцыямі, не пераядайце. Не рэкамендуецца есці нанач. Абмяжуйце ўжыванне кухоннай солі да 5 г у дзень (палова чайнай лыжкі), а таксама высокакаларыйных прадуктаў (тлустых сартоў мяса і рыбы, кандытарскіх вырабаў). Каву і чай піце з малаком і не больш за два невялікія кубкі ў дзень. Старайцеся, каб ваша вага трымалася ў межах нормы: лішнія кілаграмы і тлушчавыя адклады вам не патрэбны.
Ліха без дабра не бывае: у спёку лепш прывыкаць да штодзённых водных працэдур. Пачынайце з абліванняў вадой хатняй тэмпературы з наступным расціраннем ручніком. Праз некаторы час можна станавіцца пад больш халаднаваты душ. Паступова зніжайце тэмпературу вады, але не да дрыжыкаў і “гусінай” скуры. І, нарэшце, перайдзіце да прыёму кантраснага душу (чаргаванне халоднай і гарачай вады) — эфектыўнага сродку ўмацавання сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.
Калі вам абавязкова неабходна выйсці з дому ў разгар сонечнага дня, старайцеся не знаходзіцца доўга пад прамымі сонечнымі прамянямі. Трымайцеся ценявога боку вуліцы і ніколі не імкніцеся паспець менавіта на гэты аўтобус, паскараючы крок або пераходзячы на бег. Наступны аўтобус падыдзе абавязкова, а вось вы можаце застацца ляжаць на лавачцы каля прыпынку з сардэчным прыступам. Беражыце сваё здароўе, не засмучайце сваіх блізкіх і родных людзей!

Жанна АЛЯКСАНДРАВА,
валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.