Забіраючы ў паліклініцы запаветную паперку з вынікамі аналізаў, так хочацца неадкладна даведацца: ці ўсё ў парадку, ці няма ў тваім арганізме якіх-небудзь збояў? Неабходна адзначыць, што лабараторныя даследаванні ў спалучэнні з вынікамі дадатковых даследаванняў (рэнтгеналагічнага, ультрагукавога, эндаскапічнага і інш.) дапамагаюць доктару вызначыць дыягназ і даюць уяўленне аб цячэнні хваробы і эфектыўнасці тэрапіі. Ніжэй прыведзены нормы асноўных паказчыкаў, па якіх урачы ацэньваюць ваша здароўе, і тлумачыцца, прыкметай чаго могуць быць тыя ці іншыя адхіленні. Але важна помніць: даныя лабараторнага аналізу — гэта не падстава для самадыягностыкі і самалячэння, а ўсяго толькі дапаўненне да кансультацыі і агляду ўрача!
Даследаванне крыві
Даследаванне крыві — гэта адзін з найважнейшых дыягнастычных метадаў. Агульны аналіз крыві рэкамендуецца рабіць раніцай, калі ў хворага не было разумовых і фізічных нагрузак, прыёму медыкаментаў, фізіятэрапеўтычных працэдур, рэнтгенаўскіх даследаванняў, ін’екцый. Нормы разлічаны на гэты час сутак (7 — 10 гадзін раніцы). Важна паўторны аналіз браць у адзін і той жа час.
Агульны аналіз крыві
Гемаглабін. У мужчын 130 — 160 г/л. У жанчын 120 — 140 г/л. Канцэнтрацыя гемаглабіну раніцай большая, павялічана ў людзей, якія жывуць у высакагорных раёнах; пры павышаным потавыдзяленні ў рабочых гарачых цэхаў, пры згушчэнні крыві, пасля рвоты ў цяжарных, пры апёках, моцнай дыярэі, розных атручэннях, некаторых прыроджаных пароках сэрца. Дапускаецца перавышэнне нормы гемаглабіну толькі на 5 адзінак. Змяншэнне колькасці гемаглабіну бывае пасля шчодрага прыёму вадкасці, пры анеміях, пасля крывацёку, пры дэфіцыце вітаміну В12 і фоліевай кіслаты. Зніжэнне ўзроўню гемаглабіну можа ўказваць на многія фактары: на дэфіцыт жалеза (гэта значыць, на недастатковае паступленне жалеза з ежай), павышаны расход жалеза (напрыклад, падчас цяжарнасці; у дзяўчынак-падлеткаў у перыяд інтэнсіўнага росту і наступлення месячных), парушэнне ўсмоктвання жалеза (пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, пасля розных аперацый, з-за наяўнасці ў арганізме глістоў і г.д.), скрыты крывацёк (напрыклад, пры язве; пры гемароі ў пажылых людзей), на анкалагічныя захворванні, а таксама на наяўнасць міёмы маткі ў жанчын.
Эрытрацыты. У мужчын 4,0*1012/л — 5,0*1012/л. У жанчын 3,7*1012/л — 4,7*1012/л. Сярэдні тэрмін жыцця эрытрацытаў — 120 дзён. Даныя аб колькасці эрытрацытаў (чырвоных клетак крыві) цесна звязаны з данымі аб узроўні гемаглабіну: гемаглабін — гэта рэчыва, якое змяшчаецца ў эрытрацытах. Павелічэнне колькасці эрытрацытаў назіраецца ў жыхароў высакагорных абласцей; спартсменаў пасля працяглых трэніровак; пасля цяжкай фізічнай работы; у людзей, якія працуюць у гарачых цэхах; пасля прыёму сонечных і гарачых ваннаў; пры прыроджаных і набытых пароках сэрца; пры шоку, апёках, ацёках, паносах, частай рвоце, хранічным алкагалізме. Змяншэнне колькасці эрытрацытаў бывае ноччу, а таксама праз некалькі дзён пасля нараджэння ў немаўлят. Гэта можа адбывацца па прычыне ўзмоцненага распаду эрытрацытаў; дэфіцыту вітаміну В12, жалеза; крывацёкаў; недахопу ў ежы бялку; лейкозаў і пухлін.
Каляровы паказчык (КП) — указвае на ступень насычанасці эрытрацытаў гемаглабінам і роўны 0,8 — 1,1 пры нармальных паказчыках эрытрацытаў і гемаглабіну. Пры розных анеміях каляровы паказчык змяняецца:
а) нармахромная анемія — КП 0,8—1,1: адзначаецца паралельнае змяншэнне колькасці эрытрацытаў і змяшчэння гемаглабіну. Гэтая форма анеміі назіраецца пасля вострых крывацёкаў, пры цяжкіх апёках, пераахаладжэнні, пасля пералівання крыві, сепсісу, малярыі;
б) гіпахромная анемія характарызуецца нізкім каляровым паказчыкам (0,5—0,7), таму што паніжэнне ўзроўню гемаглабіну больш значнае, чым змяншэнне колькасці эрытрацытаў. Гэты від анеміі бывае пасля хранічных крывацёкаў, пры дэфіцыце жалеза ў цяжарных, анкалагічных захворваннях;
в) гіперхромная анемія суправаджаецца павышэннем каляровага паказчыка. Пры гэтым пераважае змяншэнне колькасці эрытрацытаў над зніжэннем гемаглабіну. Яна сустракаецца пры анеміях, абумоўленых дэфіцытам фоліевай кіслаты.
Рэтыкулацыты (ці маладыя эрытрацыты): у норме дапускаецца 2 — 10%. Наяўнасць рэтыкулацытаў у перыферычнай крыві і ў касцявым мозгу — гэта важны паказчык аднаўленчай здольнасці касцявога мозгу. Павелічэнне іх адзначаецца пры анеміях, крывацёках, малярыі, а таксама ў перыяд лячэння анеміі.
Лейкацыты: 4,0*109/л — 9,0*109/л. Павелічэнне агульнай колькасці лейкацытаў назіраецца пад вечар; пасля фізічнай нагрузкі; у перадменструальны перыяд; у цяжарных (асабліва ў апошнія месяцы); у перыяд кармлення грудзьмі; пры вострых запаленчых і гнойных працэсах; атручэннях і вострых інфекцыйных захворваннях; характэрна таксама для пухлін і лейкозаў; сустракаецца пры апёках і нават стрэсах. Разам з тым лейкапенія (зніжэнне ўзроўню лейкацытаў) можа быць пасля прыёму гарачай ванны; у асоб, якія маюць пастаянны кантакт з малымі дозамі іанізуючых выпраменьванняў; у пажылых асоб. Лейкацытарная формула — гэта працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў. У яе ўваходзяць нейтрафілы (палачкаядзерныя і сегментаядзерныя), эазінафілы, базафілы, лімфацыты, манацыты.
Эазінафілы: 0,5 — 5%. Павелічэнне ўзроўню эазінафілаў часта адзначаецца пры гельмінтозах (наяўнасць у арганізме глістоў); алергічных і скурных (экзэма, псарыяз) захворваннях; рэўматызме, вірусных захворваннях; пры апёках і абмаражэннях.
Нейтрафілы: палачкаядзерныя 1 — 6%, сегментаядзерныя 47 — 72%. Павелічэнне іх колькасці гаворыць аб наяўнасці ў арганізме запаленчага працэсу (ангіна, востры апендыцыт, абсцэс лёгкага, туберкулёз, пнеўманія, дыфтэрыя, сепсіс, гнойны менінгіт, востры халецыстыт, перытаніт), а таксама сустракаецца пры лейкозе. Зніжэнне ўзроўню нейтрафілаў адзначаецца пры віруснай інфекцыі, характэрна для прамянёвай хваробы і гліснай інвазіі.
Лімфацыты: 19 — 37%. Павелічэнне колькасці лімфацытаў бывае пасля цяжкай фізічнай працы, у насельніцтва высакагорных раёнаў, у дзяцей малодшага ўзросту, у жанчын падчас менструацыі, пры эндакрынных захворваннях, бранхіяльнай астме. Зніжэнне іх узроўню адзначаецца пры лімфагрануламатозе і хранічных інфекцыях.
Манацыты: 3 — 11%. Павелічэнне колькасці манацытаў — гэта ахоўная рэакцыя арганізма ў адказ на інфекцыю. Адзначаецца пры хранічных працэсах, эндакардыце, малярыі, рэўматызме, туберкулёзе, хранічным сепсісе. Змяншэнне іх колькасці часта назіраецца ў пачатку інфекцыйных захворванняў, пры захворваннях крыві.
Базафілы: 0-1%. Колькасць базафілаў павялічваецца ў пачатку менструацыі, а іх змяншэнне адзначаецца пры цукровым дыябеце, вострым гепатыце з жаўтухай; можа быць пасля лячэння жалезадэфіцытных анемій; у рэнтгенолагаў, якія падвяргаюцца працягламу апраменьванню малымі дозамі; пры запаленчых захворваннях нырак, туберкулёзе, пасля рэнтгенатэрапіі, а таксама пры парушэнні функцыі шчытападобнай залозы.
Трамбацыты: 180,0*109 — 320,0*109/л. Іх колькасць павышаецца пасля фізічнай нагрузкі, у апошнія дні цяжарнасці, пры анеміях, пухлінах, пасля выдалення селязёнкі. Паніжэнне ўзроўню трамбацытаў назіраецца ў перадменструальным перыядзе і ў пачатку менструацыі, у старым узросце, пры прамянёвай хваробе, анеміі, пры вострым лейкозе, павелічэнні селязёнкі, а таксама пры некаторых захворваннях сэрца.
Хуткасць асядання эрытрацытаў (ХАЭ). У жанчын — 2 — 15 мм/г. У мужчын — 1 — 10 мм/г. ХАЭ не з’яўляецца спецыфічным паказчыкам для якога-небудзь захворвання, але паскарэнне ХАЭ ўказвае на наяўнасць паталагічнага працэсу. Яна павышаецца праз 24 гадзіны ці праз некалькі дзён пасля павышэння тэмпературы пры любым запаленчым працэсе і інфекцыйным захворванні. Пасля знікнення клінічных прыкмет ХАЭ паволі нармалізуецца. ХАЭ паскорана падчас цяжарнасці, менструацыі. Паскарэнне ХАЭ назіраецца пры гнойна-септычных працэсах, паражэннях печані і нырак, пасля інфаркту міякарда, вакцынатэрапіі, пералівання крыві, працяглага прыёму соды; рэзка павышана пры страце вадкасці. Запавольванне ХАЭ адзначаецца пасля прыёму снатворных сродкаў і крывацёку.
Аналіз крыві на глюкозу
Гэта найважнейшы аналіз, які выкарыстоўваецца для дыягностыкі цукровага дыябету і парушэнняў вугляводнага абмену. Згодна з сучасным падыходам у медыцыне, норма ўзроўню глюкозы ў капілярнай крыві (аналіз бярэцца з пальца) складае 3.3 — 5.5 ммоль/л, у вянознай крыві (аналіз бярэцца з вены) — 3.6 — 6.4 ммоль/л, для цяжарных — 3.3 — 4.0 ммоль/л.
Перавышэнне ці паніжэнне гэтых паказчыкаў — першы сігнал да таго, каб правесці дадатковыя даследаванні: тэст талерантнасці да глюкозы (ТТГ), калі ўзровень цукру ў крыві вызначаецца нашча, а потым праз гадзіну і праз дзве гадзіны пасля нагрузкі глюкозай (калі абследаваны выпівае 75 г глюкозы, растворанай у 250 — 300 мл вады).
Павелічэнне ўзроўню глюкозы можа быць пры моцным нервовым узбуджэнні, у перыяд клімаксу. Прыём вугляводаў з ежай павышае канцэнтрацыю глюкозы ў крыві. Непрацяглая фізічная нагрузка павышае колькасць глюкозы ў крыві, а працяглая — паніжае яе канцэнтрацыю. Павышэнне глюкозы адзначаецца пры пухлінах наднырачнікаў і гіпофіза, пры іх павышанай функцыі; пры шоку; павышанай функцыі шчытападобнай залозы; павелічэнні ўнутрычарапнога ціску; пры рвоце ў цяжарных; іншы раз у вострым перыядзе інфаркту міякарда.
Біяхімічнае даследаванне крыві
Перад здачай біяхімічнага аналізу крыві неабходна: напярэдадні — лёгкая, не позняя вячэра, паколькі ежа, якая паступіла ў арганізм, можа паўплываць на вынікі аналізу (напрыклад, павелічэнне ўзроўню халестэрыну, трыгліцэрыдаў, глюкозы, бялку), а раніцай — з’явіцца нашча.
Агульны бялок сывараткі: 63 — 87 г/л. Нізкі бялок назіраецца ў немаўлят і падчас цяжарнасці, пры недастатковым паступленні бялку ў ежу (недаяданне, галаданне, пухліны, звужэнне стрававода, парушэнне функцыі страўнікава-кішачнага тракту), пры зніжэнні працэсаў біясінтэзу бялку (хранічныя гепатыты, цырозы печані, інтаксікацыі, вострыя і хранічныя захворванні, працяглыя гнойныя працэсы, пухліны), страты бялку пры вострых і хранічных крывацёках. Яго ўзровень павялічваецца падчас працяглага знаходжання ў гарах, ужывання ежы, багатай на бялок, пры паносах, узмоцненым потавыдзяленні, цяжкай ірвоце, непраходнасці кішэчніка, цяжкіх апёках, пры хранічным поліартрыце.
С-рэактыўны бялок у норме адсутнічае. Станоўчы С-рэактыўны бялок адзначаецца ў вострым перыядзе розных запаленчых і інфекцыйных захворванняў, пры новаўтварэннях, пры інфаркце міякарда і атэрасклерозе.
Тымолавая проба: 0 — 4 адз. Проба не спецыфічная. Можа быць станоўчай пры поліартрытах, туберкулёзе, малярыі.
Мачавіна сывараткі крыві: 1,7 — 8,3 ммоль/л. Дыета з малой колькасцю бялковых рэчываў можа паніжаць колькасць мачавіны, а дыета, бедная на іоны хлору, нярэдка прыводзіць да павышэння канцэнтрацыі мачавіны. Колькасць мачавіны ў крыві павышаецца пры вострай і хранічнай ныркавай недастатковасці, пры камянях, пухлінах мочаспускальных шляхоў і прастаты, пры кішэчнай непраходнасці, перытаніце. Колькасць мачавіны ў крыві памяншаецца пры захворваннях печані, дэкампенсаваным цырозе, атручэннях некаторымі ядамі.
Крэацінін сывараткі крыві: 44 — 124 мкмоль/л. Нязначнае павышэнне адзначаецца пры аднабаковай бялковай дыеце і падчас цяжарнасці. Павышэнне крэацініну назіраецца пры парушэнні функцыі нырак, прычым павелічэнне канцэнтрацыі крэацініну разглядаецца як паказчык ныркавай недастатковасці. Павышаны ўзровень крэацініну можа сустракацца не толькі пры хваробах нырак, але і пры кішэчнай непраходнасці, рэўматоідным артрыце, сардэчнай дэкампенсацыі, закупорцы мачавых шляхоў, ліхаманцы, павышанай мышачнай дзейнасці, механічнай жаўтусе, галаданні. Зніжэнне крэацініну выяўляецца пры анеміі, пасля назначэння гармонаў і мышачнай атрафіі.
Мачавая кіслата: 0,14 — 0,34 ммоль/л. Гэты паказчык можа павышацца пры ўжыванні ежы, багатай на пурынавыя асновы (памідоры, шчаўе, піва і інш.) і тлушчы. Павышэнне мачавой кіслаты назіраецца пры вострым і хранічным нефрыце, падагры, сардэчнай і ныркавай недастатковасці, сепсісе, пухлінах, дыябеце, алергіі, галаданні. Паніжэнне ўзроўню мачавой кіслаты назіраецца ў хворых з анеміяй.
Білірубін агульны 8,5 — 20,5 мкмоль/л. Колькасць білірубіну павялічваецца пры хваробе Жыльбера і анеміі, у хворых з паражэннямі печані, якія выклікаюцца інфекцыйнымі і таксічнымі фактарамі (вірусамі гепатыту, алкаголем, ядамі, некаторымі лекавымі сродкамі); пры наяўнасці камянёў у жоўцевым пузыры ці жоўцевых пратоках.
Халестэрын сывараткі крыві: 3,1 — 5.2 ммоль/л. Пасля 40 гадоў узровень халестэрыну рэкамендуецца правяраць рэгулярна, паколькі яго павышэнне — адзін з фактараў рызыкі развіцця атэрасклерозу, які з’яўляецца прычынай сардэчна-сасудзістых захворванняў. Павышэнне ўзроўню халестэрыну (гіперхалестэрынемія) назіраецца ў хворых на цукровы дыябет, хранічны нефрыт, алкагалізм, пры менінгітах, жаўтусе, спадчыннай гіперхалестэрынеміі. Зніжэнне ўзроўню халестэрыну адзначаецца пры гіпертырэозе, хранічнай сардэчнай недастатковасці, вострых інфекцыйных захворваннях, лёгачным туберкулёзе, вострым панкрэатыце, анеміі, вострых захворваннях печані.
Трыгліцэрыды: 0.4 — 1.81 ммоль/л. Яны з’яўляюцца “папярэднікамі” халестэрыну, а таксама маркёрамі атэрасклерозу. Акрамя таго, іх узровень павышаецца пры парушэнні тлушчавага абмену ў хворых на цукровы дыябет і пры захворваннях печані і нырак.
Аспартатамінатрансфераза (АсАТ): 5 — 40 ме/л. Асабліва каштоўнае для дыягностыкі павелічэнне актыўнасці АсАТ пры інфаркце міякарда. Яе павелічэнне сустракаецца пры гепатыце, захворваннях мышцаў, інфекцыйных і таксічных міякардытах.
Аланінамінатрансфераза (АлАТ): 5 — 40 ме/л. Актыўнасць АлАТ рэзка павышана пры гепатыце, што мае важнае дыягнастычнае значэнне. Гэты паказчык можа таксама павышацца пасля прыёму аскарбінавай кіслаты, лінкаміцыну, морфію.
Людміла БАРТАШЭВІЧ.