Будучыя бацькі з нараджэннем дзіцяці звязваюць ажыццяўленне сваіх чаканняў і надзей. Аднак часам насуперак усім планам у сям’і з’яўляецца дзіця, не падобнае да іншых. Спецыялісты называюць яго дзіцем з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У шэрагу даволі распаўсюджаных дзіцячых хвароб апошняга часу стаіць дзіцячы аўтызм.
Дзіцячы аўтызм — гэта асаблівая форма парушэння псіхічнага развіцця з нераўнамернасцю фарміравання розных псіхічных функцый, са своеасаблівымі эмацыянальна-паводзінскімі, моўнымі і часам інтэлектуальнымі расстройствамі. Аўтызм характарызуецца стратай імкнення да зносін з іншымі людзьмі і паглыбленнем у свет асабістых перажыванняў. Мяркуецца, што ў нашы дні аўтызм сустракаецца ў кожнага тысячнага дзіцяці, прычым у 4 разы часцей у хлопчыкаў, чым у дзяўчынак. Гэтае парушэнне развіцця распаўсюджана ва ўсіх расавых, этнічных і сацыяльных групах.
Прычыны ўзнікнення аўтызму да канца не вывучаны, але неабходна вылучыць сярод іх асноўныя:
— спадчынны фактар;
— арганічныя парушэнні развіцця цэнтральнай нервовай сістэмы ў перыяд унутрывантробнага развіцця, у перыяд родаў і ў раннім дзяцінстве, а таксама спалучэнне з эпілепсіяй;
— перанесеныя захворванні;
— неспрыяльныя ўмовы выхавання і акружэння;
— псіхічныя траўмы, звязаныя са спалохам, раптоўным адрывам дзіцяці ад сям’і ў сувязі з яго змяшчэннем у бальніцу, прытулак пры пазбаўленні бацькоў бацькоўскіх правоў.
Дзіцячы аўтызм мае асноўныя асаблівасці:
— ужо з першых месяцаў жыцця ў дзіцяці пры зносінах з дарослымі адсутнічае выразная міміка, усмешка, радасны смех, якія характэрны для здаровага малыша;
— характэрнай прыметай з’яўляецца ўхіленне ад погляду, гэта значыць адсутнасць кантакту “вочы ў вочы”;
— дзіця не адгукаецца на імя пры захаваным слыху;
— адзначаецца расстройства навыкаў маўлення: яно развіваецца з затрымкай або не ўзнікае ўвогуле, часам развіваецца да двухгадовага ўзросту, потым знікае часткова або зусім;
— дзіця не спрабуе прыцягнуць словам або жэстам увагу іншых да прадмета, які яго зацікавіў;
— дзіця не звяртаецца па дапамогу;
— выкарыстоўвае іншага чалавека, быццам гэта нежывы прадмет (можа браць цацку рукой дарослага);
— ажыццяўляе сутаргавыя рухі рукамі, пастаянна мыкае або вакалізуе (бессэнсоўна спявае асобныя гукі);
— здзяйсняе “рытуальныя” дзеянні (напрыклад, ходзіць і бессэнсоўна адчыняе-зачыняе дзверы);
— не спрабуе гуляць у сюжэтна-ролевыя гульні (не можа пакарміць ляльку, пакласці мішку спаць, не катае машынку);
— дзеці могуць быць вельмі чуллівыя да сенсорнага дыскамфорту (рэзкіх гукаў, яркага святла, мокрых пялёнак); часта бываюць выбіральныя ў ежы, з-за чаго ўзнікаюць цяжкасці з прыкормам.
Такія праявы аўтызму характэрны для дзяцей ранняга ўзросту. У больш старэйшым узросце можна адзначыць наступныя прыметы:
— некантактнасць, адсутнасць эмацыянальнай рэакцыі на спробы пачаць размову;
— выкарыстанне перыферычнага зроку;
— прыхільнасць да рытуалаў нефункцыянальнага характару (заклапочанасць датамі, маршрутамі, раскладамі і г.д.);
— абмежаванае кола інтарэсаў, стэрэатыпныя паводзіны, якія паўтараюцца;
— недастаткова гібкае маўленне, схільнасць да шаблонаў, інтанацыя недарэчы, адсутнасць жэстыкуляцыі, якая суправаджае гаворку;
— схільнасць да жорсткага парадку ў штодзённым жыцці і балючая рэакцыя на змяненне гэтага парадку;
— такія дзеці часта схільны да страхаў, у іх бываюць парушэнні сну і стрававання, у іх часцей, чым у звычайных равеснікаў, здараюцца выбухі гневу і агрэсіі.
Пры дзіцячым аўтызме некаторыя псіхічныя функцыі развіваюцца з затрымкай, у той час як іншыя — паскорана, у выніку чаго ўзнікаюць вельмі разнастайныя варыянты праяўлення гэтага захворвання. Як своеасаблівы кампраміс паміж тэорыяй і практыкай узнік тэрмін “расстройствы аўтыстычнага спектра — РАС”, які аб’ядноўвае ўсе варыянты аўтычных расстройстваў. Частата сустракальнасці РАС вышэйшая за ізаляваныя глухату і слепату разам узятыя, за сіндром Даўна або дзіцячыя анказахворванні, а ў апошняе дзесяцігоддзе частата сустракальнасці РАС павялічваецца. Дыягназ “аўтызм” не азначае, што дзіця ніколі не стане паўнапраўным членам грамадства. Аднак бацькам давядзецца аддаць выхаванню такога малыша шмат часу і сіл — у сотні разоў больш, чым яго брату або сястры. І чым раней будзе пачата работа, тым больш шансаў на поспех.
Алена ЯФРЭМАВА,
урач-педыятр.