Хто хітра ўсміхаецца сінімі вочкамі ў вясковым палісадніку? Хто ўпрыгожыць нават самую просценькую клумбу ў горадзе? Хто будзе пышна расці на балконе ў вазоне альбо падвясным кашпо? Хто не баіцца яркіх сонечных промняў і мірыцца з ценем? Правільна, лабелія.
Расліну гэтую нельга аднесці да кветкавых навінак, яна вядомая кветкаводам з даўняга часу, але ад гэтага не менш любімая. Адзін толькі ў яе недахоп — вырошчваць трэба праз расаду. І пажадана самому. Якую ні купляй здаровую расаду на рынку — усё роўна тая, што вырашчана табой, будзе куды больш прыгожай і пышнай.
Сеюць лабелію на расаду вельмі рана, у лютым. Можна і крыху пазней, але пра гэта потым. Насенне ў яе вельмі дробнае, падобнае на пыл. Вазьміце невысокія плоскія ёмістасці, насыпце спажыўны грунт, ледзь-ледзь утрамбуйце, добра паліце з пульверызатара гарачай вадой і сейце. Потым ёмістасць шчыльна закрыйце поліэтыленам, а яшчэ лепш — шклом. Пастаўце ў цёплае месца. Узыходзіць лабелія ад дзесяці да пятнаццаці дзён, так што не панікуйце. Штодзённа праветрывайце ёмістасць. Калі з’явяцца ўсходы, ні ў якім выпадку не здымайце ўкрыцце адразу — загубіце парасткі.
Цяпер невялікае адступленне. Расаду, пасеяную ў лютым, у сакавіку, трэба пікіраваць у асобныя шкляначкі. Таму калі ў вас не хапае часу альбо спрыту, вы можаце пасеяць лабелію на расаду ў канцы сакавіка. Тады пікіроўка не спатрэбіцца — расаду трэба будзе высаджваць адразу ў адкрыты грунт. Але, па маіх назіраннях, пікіраваная расада развіваецца больш хутка, раней зацвітае і выглядае больш пышна. Так што права выбару за вамі.
Паліваць парасткі лабеліі трэба вельмі асцярожна — ні заліць, ні перасушыць. Пажадана паліваць штодзённа, але не вельмі шчодра.
Калі расаду можна ўзяць рукамі альбо пластмасавым відэльцам, прыступайце да пікіроўкі. У пластыкавы стаканчык памерам 0,2 л пікіруйце адразу 4 — 6 раслінак. Не спрабуйце пікіраваць па адной — усё сапсуяце, бо гэта не ўдаецца нават асам. Калі распікіраваная расада крыху ўмацуецца, яна ўжо не будзе баяцца ні паўночнага акна, ні невялікага скразняку, ні прыцямнення. Пры плюсавой тэмпературы пастаўце свае шкляначкі ў вялікую скрыню і выносьце на балкон альбо лоджыю. Гэта будзе для іх нават карысна.
Лабелія бывае ампельная і куставая. Ампельная часцей выкарыстоўваецца для высаджвання ў кашпо, вазоны, любыя іншыя ёмістасці — тут ужо можаце даць волю сваёй фантазіі. Куставая — для стварэння бардзюра, дывановых пакрыццяў, у якасці “падбіўкі” для клемаціса, іншых ліян. Найбольш папулярная ў кветкаводаў сіняя лабелія. Яна і самая жыццяўстойлівая. Але ёсць яшчэ і белая, і бэзавая, і двухколерная, і нават чырвоная. У гэтым годзе ў якасці эксперымента высадзіла кусцік, пасеяны з сумесі насення. Выглядае арыгінальна, але я ўсё ж люблю класіку.
Гэтай парой выглядае лабелія не горш, чым у сярэдзіне лета. Проста цуд, а не расліна!
Бывае і так, што расаду прыходзіцца набываць на рынку, тым больш што лабеліі заўсёды шмат. У такім выпадку бярыце расаду з бутонамі, бо тая, што цвіце, невядома якога ўзросту.
У пачатку лістапада можаце выкапаць кусцік лабеліі і пасадзіць у вазон. Ён будзе радаваць вас да Новага года.
Ала ШАЎЦОВА.