Не сакрэт, што ў сучаснага настаўніка многа кірункаў для работы: валодаць сваім прадметам на высокім узроўні, удзельнічаць у шматлікіх аглядах, конкурсах, спаборніцтвах, вучэбна-метадычных аб’яднаннях. Але, напэўна, у кожнага ёсць любімая справа, якой ён займаецца для сябе, для свайго задавальнення.
Для мяне і вучняў нашай школы такім любімым заняткам стала стварэнне арыгінальных кветкавых кампазіцый. Сучасныя дызайнерскія ідэі мы ажыццяўляем як на прышкольнай тэрыторыі, так і ўнутры школы.
Школьная тэрыторыя мае даволі вялікую плошчу. Тут размешчаны клумбы розных форм і памераў, рабаткі, вялікія ўчасткі газона, сад, участак для вырошчвання агародніны і правядзення даследчай работы, дэндрапарк. І кожны год трэба прыкласці нямала намаганняў, каб усё гэта выглядала як цэласная кампазіцыя, дзе кожная расліна павінна мець сваё месца з улікам напрамкаў і тэндэнцый ландшафтнага дызайну.
І хаця на дварэ яшчэ зіма, падрыхтоўка да новых сезонных работ ідзе поўным ходам. Кожны клас прымае ўдзел у конкурсе на распрацоўку самага лепшага і прымальнага праекта па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі. Самі ж вучні і настаўнікі аддаюць свае галасы за лепшыя работы — так выбіраюцца самыя цікавыя і крэатыўныя ідэі для ажыццяўлення іх на практыцы.
Самая важная і адказная работа — вырошчванне расады. Кожны від кветак патрабуе розных тэрмінаў высявання. Так, насенне сальвіі, петуніі, цынерарыі высяваецца ў канцы лютага. Астры, флёксы, агератум, цэлозію, лабелію лепш высяваць у канцы сакавіка або пачатку красавіка. Больш ранні пасеў насення прывядзе да таго, што расада будзе тонкай і выцягнутай. Зямлю для пасадкі нарыхтоўваем з восені. Яна павінна быць лёгкай і ўрадлівай, утрымліваць пясок, перагной, невялікую колькасць торфу.
Паліваць трэба ўмерана, каб не высушыць, але і не пераўвільготніць глебу. Самы чаканы і хвалюючы момант, калі маладыя і кволенькія расточкі прабіваюцца праз зямлю насустрач жыццю і святлу. Якая вялікая жыццёвая сіла закладзена ў маленькім насенні! Сапраўдны цуд прыроды, які мы прывыклі ўспрымаць як самую звычайную з’яву.
З улікам вялікіх плошчаў патрабуецца вялікая колькасць пасадачнага матэрыялу. Калі зайсці ў нашу школу ў красавіку, то можна ўбачыць наступную карціну: тут пануе расада самых розных відаў, гатункаў і памераў. І ўся гэтая “зеляніна” размяшчаецца на падаконніках, у кабінетах, калідорах. З надыходам цяпла і ўсталявання нармальнага тэмпературнага рэжыму паступова перасаджваем яе на клумбы. Менавіта на гэтым этапе і ствараюцца арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі. Тут прытрымліваемся пэўных правіл ланшафтнага дызайну:
1. Неабходна ўлічваць спалучэнне колераў і адценняў кветак розных відаў на адной клумбе. Вельмі прыгожа глядзяцца астры фіялетавыя нізкарослыя і аксаміткі жоўтыя нізкарослыя, агератум сіні і аксаміткі жоўтыя нізкарослыя, кохія і лабелія блакітная, сальвія чырвоная і астра белая.
2. Трэба ўлічваць тэрміны цвіцення кветак, каб яны радавалі сваёй прыгажосцю з ранняй вясны і да позняй восені.
3. Вышыня кветкавых раслін павінна прапарцыянальна памяншацца ад цэнтра кампазіцыі да яе краю.
4. Неабходна ўлічваць, дзе размяшчаць святлолюбівыя і ценевынослівыя расліны.
5. Формы клумб могуць быць самыя разнастайныя. Мы, напрыклад, увасаблялі кветкавыя клумбы ў выглядзе сонца і яго промняў, у выглядзе матылька, шахматнай дошкі, у выглядзе падвесак або вясёлкі, дзе высаджваюцца кветкі ў адпаведнасці з яе колерамі.
6. Не трэба баяцца эксперыментаў, папаўняць відавы склад кветкавых раслін.
Высадзіць расаду — адна справа. Зусім іншага клопату і намаганняў патрабуе догляд падрастаючых раслін. Іх неабходна пастаянна паліваць, палоць, падкормліваць мінеральнымі ўдабрэннямі. Гэтую работу з вялікім задавальненнем і ахвотай выконваюць не толькі вучні, але і настаўнікі і тэхнічны персанал. І хаця сіл і працы прыкладзена нямала, затое якое задавальненне назіраць за цвіценнем кветак, іх непаўторнай прыгажосцю! У канцы лета тут сапраўдны кветкавы рай, буянства фарбаў і адценняў.
Мы не толькі любуемся кветкамі, але і прымаем удзел у розных конкурсах і праектах. Так, вучні нашай школы амаль кожны год становяцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных конкурсаў па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў намінацыях “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Там, дзе я жыву”, “Фарбы саду”.
Такая сумесная самаадданая работа карысная яшчэ і тым, што школа эканоміць сродкі для набыцця пасадачнага матэрыялу, паколькі вучні кожны год збіраюць насенне кветкавых раслін. Улічваючы той факт, што мінулай вясной сярэдняя цана аднаго каліва расады вагалася ад 3000 да 5000 беларускіх рублёў, школа сэканоміла на пасадачным матэрыяле значную суму, тым больш што колькасць раслін, высаджаных на клумбы, налічвае больш за тысячу адзінак. Лішкі насення мы рэалізуем насельніцтву, дзелімся з калегамі з іншых школ.
Кожны год на факультатыўных занятках па біялогіі мы з вучнямі адсочваем відавую разнастайнасць раслін на школьнай тэрыторыі. Так, у дэндрарыі налічваецца 23 віды дэкаратыўных кустоў. Радуюць сваёй прыгажосцю фарзіцыя, сасна горная, чай курыльскі, дзёран чырвоны, язмін, самшыт, розныя гатункі барбарысу, вейгелы, спірэі, ядлоўцу, туі і інш. Акрамя таго, у мінулым годзе каля школы расло прыблізна 70 відаў шматгадовых і аднагадовых кветкавых раслін, кустоў і дрэў. Закладзены малады сад, дзе пасаджана больш за дваццаць маладых яблынь, якія ўжо даюць ураджай. На прышкольным участку вырошчваем агародніну. Школа поўнасцю забяспечвае сябе буракамі, морквай, фасоляй, бульбай, што робіць больш таннымі школьныя абеды.
Такім чынам, намаганнямі вучняў, настаўнікаў і работнікаў школы кожны год ствараецца непаўторная прыгажосць, якой немагчыма не захапляцца. Работа на прышкольным участку садзейнічае эстэтычнаму і экалагічнаму выхаванню школьнікаў, прывівае любоў да працы на роднай зямлі. Гэта надае натхненне для стварэння і ўвасаблення новых арыгінальных ідэй і праектаў.
Добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі з душой, клопат пра прыгажосць роднай школы ў цэнтры ўвагі “школьных дызайнераў” напярэдадні вясны. Новыя рашэнні прыходзяць з аналізу папярэдніх напрацовак. Наперадзе — новы сезон і новыя турботы!
Марыя СЯРГЕЙ,
настаўніца хіміі Міхалішскай сярэдняй школы
Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.