Ворлік, ці аквілегія

У невялікай французскай вёсачцы жыла сварлівая жанчына, якая надакучвала мужу бясконцымі прыдзіркамі. Не вытрымаў муж і вырашыў з буркухай расстацца. Жанчына перапужалася, пайшла да людзей за парадай, і адзін жыхар, жадаючы дапамагчы няшчаснай, парэкамендаваў жанчыне зварыць кветкі ворліка і, як толькі ў яе з’явіцца жаданне пабурчаць, набіраць у рот воднага адвару і трымаць яго да таго часу, пакуль жаданне павучаць мужа не знікне. Жанчына паслухалася добрай парады. У доме запанавалі цішыня і спакой, а ворлік з таго часу французы называюць травой сварлівай бабы.

Разнастайныя віды аквілегіі цэняцца садаводамі за прыгожыя кветкі мудрагелістай формы і дэкаратыўнае ажурнае лісце. Зялёна-шызае трайчастае лісце ворліка, якое ўтварае пышны куст, захоўвае дэкаратыўнасць з вясны да позняй восені.

Ворлікі добра растуць і цудоўна выглядаюць пад дрэвамі і побач з садовай сажалкай. Аквілегіі розных відаў і сартоў дзеляцца на нізкарослыя, сярэднярослыя і высакарослыя.
У залежнасці ад віду, рэгіёна і ўмоў вырошчвання аквілегія зацвітае вясной ці ў розныя месяцы лета. Над лісцем куста ворліка ўзвышаецца мнагакветкавае мяцёлчатае суквецце.

Кветкі ў аквілегіі ў залежнасці ад сорту бываюць махровымі, паўмахровымі і немахровымі.

Большасць відаў ворліка маюць шпорку рознай даўжыні, сустракаюцца і бясшпоркавыя віды аквілегіі.

Няма шпоркі ў махровых кветак ворліка, якія знешне падобныя да суквеццяў астры. Прыклад махровай аквілегіі — сорт “Нора Барлоу”.
Кожная кветка ворліка, якая распусцілася, захоўвае дэкаратыўнасць прыкладна на працягу тыдня, а ўся расліна ў цэлым цвіце каля месяца. Падабраўшы віды і сарты аквілегіі з рознымі тэрмінамі зацвітання, можна доўгі час атрымліваць асалоду ад цвіцення гэтых цудоўных раслін у сваім садзе.

Умовы вырошчвання

Ворлік непатрабавальны да складу глебы. Тым не менш лепш за ўсё яму падыходзіць лёгкая ўрадлівая глеба, багатая на гумус і пажыўныя рэчывы, перакапаная на глыбіню да 20 см, каб корань аквілегіі атрымліваў дастаткова кіслароду і вільгаці. Аквілегія аддае перавагу вільготнай глебе, але можа абысціся і сярэднім увільгатненнем. Многія віды аквілегіі добра растуць сярод камянёў. Ворлік — расліна, якой аднолькава падабаюцца і асветленыя ўчасткі, і паўцень, але пры пасадцы ўсё-такі варта захоўваць меру ў асвятленні: на яркім сонцы аквілегія мае тэндэнцыю моцна выцягвацца, а ў глухім цені лёгка захворвае.

Догляд

Аквілегія — расліна вельмі непатрабавальная. Які-небудзь спецыяльны догляд аквілегіі не патрабуецца. Яе трэба ўмерана паліваць без застою вады, праполваць і штогод падкормліваць. Раз у год пад куст варта падсыпаць урадлівую глебу.
Каб кветкі ворліка радавалі вока як мага даўжэй, рэкамендуецца зразаць завялыя кветкі, не даючы ім фарміраваць насенную каробачку.

Пасля таго як кветка ворліка завяла, сцябліну можна зрэзаць на вышыні прыкаранёвага лісця. Аквілегію перасаджваюць раз у 4—6 гадоў.

Аквілегія — кветка часцей за ўсё марозаўстойлівая, і ў нас яна зімуе без укрыцця.

Размнажэнне

Размнажаюць расліну насеннем, дзяленнем куста і чаранкамі. Насенне высяваюць непасрэдна пасля збору восенню або вясной у адкрыты грунт ці скрыні. Пры асеннім пасеве ўсходы атрымліваюцца больш дружнымі. Для вясенняга пасеву насенне рэкамендуецца змешваць з зямлёй і прамарожваць у снезе ці трымаць у халадзільніку. Усходы з’яўляюцца праз 20—30 дзён. Аптымальная тэмпература для прарастання 18°С. Пасынкуюць аквілегію, як правіла, вясной, выкарыстоўваючы парасткі з лісцем, якое яшчэ не цалкам распусцілася. Маладыя расліны зацвітаюць на другі год, поўнага развіцця дасягаюць на трэці год. Усе віды лёгка ўтвараюць гібрыдныя формы пры перакрыжаваным апыленні.
Садзіць ворлік трэба на глыбіню не менш як 20 см, вельмі дарэчы будзе пажыўная рыхлая сумесь.

* Не дапускаць ушчыльнення і “забалочвання” грунту.

* Кусты трэба рассаджваць на адлегласць не менш як 20 см у нізкарослых сартоў і 40 см — у звычайных.

* Варта таксама ўлічыць колькасць святла на ўчастку (чым яго менш, тым радзейшае высаджванне) і вентыляцыю (уплывае на хваробатворнасць, таму павінна быць дастатковай).

* Зямля павінна быць рыхлай і праполатай ад пустазелля.

Паколькі гэтая шматгадовая расліна мае ўласцівасць вясной “распірацца” за кошт ушчыльнення кораня і сцябла, то рэкамендуецца прысыпаць лунку зверху кампостам або перагноем (штогод).

Ворлік у прыродзе любіць вільготнасць, таму варта клапаціцца пра ўвільгатненне ўчастка і ў сваім садзе.

Для размнажэння дзяленнем куста звычайна бяруць ворлік трохгадовага ўзросту. Карэнішча дзеляць у верасні. Выкапаны корань прамываюць, дзеляць уздоўж такім чынам, каб у патрэбных падзеленых частках засталіся атожылкі кораня і пупышкі. Пасля гэтага атрыманыя “зародкі” з прысыпаным драўняным вугалем параненым бокам саджаюць у рыхлую глебу. Рабіць гэта трэба вясной і не пазней восені, каб у саджанцаў быў час укараніцца і падрыхтавацца да зімоўкі.

Выганка

Восенню трэба выкапаць добра развітыя двухгадовыя расліны, пасадзіць у вялікія гаршкі з пажыўным грунтам, паліць, паставіць у зацененым месцы і пакінуць там да наступлення ўстойлівага пахаладання. Потым унесці ў халаднаваны пакой ці аранжарэю з нізкай тэмпературай і зрэдку паліваць. У студзені іх трэба перанесці на падаконнік, далей ад крыніцы цяпла. У перыяд росту паліваць часцей, а тэмпературу падтрымліваць па магчымасці ў межах 10—12 градусаў. Цвіценне наступае ў сакавіку — красавіку. Пасля выганкі ворлікі высаджваюць у грунт. Восенню іх зноў можна выкарыстоўваць для выганкі.

Выкарыстанне

Нізкарослыя віды і гібрыды аквілегій лепш за ўсё выкарыстоўваць для стварэння альпінарыя. Ажурнае лісце і параўнальна дробныя кветкі дапаўняюць шчыльныя курціны гарычкі, каменяломніку. Больш высакарослыя віды і гібрыды ўключаюць у групавыя пасадкі мнагалетніх раслін, высаджваюць на рабатках, па ўзлесках, у міксбордарах, выкарыстоўваюць для кветкавага афармлення цяністых месцаў каля вадаёмаў. Аквілегіі добра спалучаюцца з лубінам, высакарослымі званочкамі, касачамі, пярэснамі, баданам, дэкаратыўнымі злакамі, папараццю.

Хваробы і шкоднікі ворліка

Кветкі аквілегіі здаровыя і хварэюць не часта — у асноўным з-за ненармальнай вільгаці. Найбольш часта ў ворлікаў сустракаецца мучністая раса, якая выклікае ў іх белы налёт пры сырым, халодным надвор’і. Рэкамендуецца ў такім выпадку апрацоўка расліны прэпаратамі, у складзе якіх ёсць медзь. Апрацоўваць варта як мага раней, а потым некалькі тыдняў паўтараць працэдуру.

Усе іншыя садовыя хваробы (гніль, плямістасць, мазаіка) у большасці выпадкаў смяротныя для гэтай расліны.

Шкоднікі амаль не звяртаюць увагі на аквілегію з-за яе натуральнай таксічнасці (толькі іншым разам могуць быць пашкоджанні ад вусеня і тлі). А вось паражэнні рознымі вірусамі бываюць такія ж, як і ў іншых раслін. У такой сітуацыі барацьба дарэмная і расліны лепш вырваць і спаліць.

Цікава ведаць

* У паўночных народаў ворлік — “кветка эльфаў”.

* З сярэдневякоўя расліну надзяляюць здольнасцю аберагаць ад магіі і чараўніцтва.

* Для амерыканцаў гэта галубка Калумбіна, што сімвалізуе зменлівасць жанчын (спакусу і здраду гэтая кветка ўвасабляе ў многіх нацый).

* У нарвежцаў гэта сімвал Фрэі, багіні кахання і прыгажосці.

* З-за падабенства шпоркі кветкі да каўпака блазана ў многіх народаў ворлік — сімвал дурасці.

* Ворлік блакітны — сімвал амерыканскага штата Каларада.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.