Дранікі, запечаныя ў гаршку

Прапаную рэцэпт з незвычайным падыходам да ўсімі любімай беларускай нацыянальнай стравы — дранікаў.

Нам спатрэбіцца: гатовыя бульбяныя дранікі (каля 500 грамаў), 100 г цвёрдага сыру, 1 пучок зеляніны (кропу або пятрушкі), 100 г смятаны, некалькі долек часнаку, алей для змазвання гаршка.

Гатаванне

Заўсёды трэба памятаць, што гліняны гаршчок нельга ставіць у нагрэтую духоўку, толькі ў халодную!

Гаршчок змазаць алеем, пакласці ў яго дранікі. Можна пакласці шмат дранікаў у вялікі гліняны гаршчок (у мяне аб’ём гаршка — 700 грамаў), а можна ў парцыённыя гаршкі (па 200—300 грамаў). Зверху шчодра пасыпаць сырам, нацёртым на буйной тарцы, і паліць смятанай, пасыпаць нарэзаным кропам або пятрушкай, пакласці дробна нарэзаны часнок. Калі хто любіць спецыі, то паспрабуйце да­даць да гэтай стравы крыху белага перцу (гарошкам або молатага).

Гаршчок накрыць. Паставіць у халодную духоўку. Запякаць каля 20 мінут пры тэмпературы 170—180 °С, пры гэтым дзверцы духоўкі не адчыняць.

Смачна есці!

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.