Салат з вэнджаным мясам, чарнаслівам і кукурузай

Салат у класічнай рэцэптуры — халодная страва, што гатавалася з рознай агародніны або садавіны (непасрэдна лісты салаты; карняплоды; грыбы; бульба; агуркі; бабы; зялёнае лісце эндывію, вадзянога крэсу і г.д.) і прыпраўлялася воцатам, алеем, маянэзам, смятанай, лімонным сокам, соллю, перцам або спецыяльнымі салатнымі запраўкамі. Падаецца салат часцей да смажанага мяса, часам у выглядзе закускі. Часта ў склад салата ўваходзіць зеляніна: кроп, пятрушка, сельдэрэй, зялёная цыбуля, часнок.

Лічыцца, што першымі, хто гатаваў салат, былі старажытныя рымляне. Страва складалася з агародных траў і зялёнага лісця, а запраўлялася мёдам, перцам і соллю. Сёння самым папулярным у свеце з’яўляецца салат “Цэзар” — страва, дасканаласць смаку якой ацанілі ўсе. Аўтарам гэтага шэдэўра стаў кухар Цэзар Кардзін, які нават не мог уявіць, што яго твор стане такім вядомым. Кажуць, што калі ў яго рэстаран наляцела цэлая кампанія знакамітасцей, у кухара не засталося пад рукой амаль ніякіх прадуктаў. І тады знаходлівы італьянец стварыў салат з таго, што ўдалося знайсці: гэта былі яйкі, алей, пармезан, часночныя крутоны*, ліставая салата і вустэрскі соус. Дарэчы, у першапачатковым рэцэпце курыцы не было, гэты інгрэдыент дапоўніў рэцэпт значна пазней.

Улічваючы тое, што любы салат уключае ў сябе мноства зеляніны, а значыць, складаецца з багатай колькасці вітамінаў, у штодзённым рацыёне гэта адзін з лепшых спосабаў зрабіць харчаванне здаровым. Да таго ж большасць “здаровых” салатаў гатуецца хутка і проста — за пяць мінут у вас на стале бу­дзе “ўдарная” порцыя смачных вітамінаў.

“Чысты” салат з агародніны не адзіны варыянт карыснай і смачнай стравы. Часта да яе дадаюць мяса, рыбу, птушку, морапрадукты, сыры, арэхі і іншыя інгрэдыенты. Гэтыя прадукты павышаюць каларый­насць салата і ператвараюць яго ў паўнавартасны абед.

У наш час можна гатаваць салаты з экзатычных прадуктаў на святочны стол, можна гатаваць мноства традыцыйных салатных страў, але заўсёды гаспадынь цікавяць так званыя звычайныя салаты, якія больш за ўсё падыходзяць для гатавання кожны дзень. Магчыма, салат, які я хачу прапанаваць сёння, вам спадабаецца, і вы захочаце ўключыць яго ў сваё штодзённае меню.

Многія з вас ведаюць, што бываюць такія салаты на стале, якія ў рэкламе не маюць патрэбы, таму што пасля першай порцыі забыць іх проста немагчыма! Вось і я калісьці пакаштаваў такі апетытны салацік і пакінуў яго ў сваім спісе самых любімых. У любую пару года, сярод разнастайнага асартыменту страў, салат з вэнджаным мясам збірае ўсе адзнакі лідарства. Гэты салат перамагае не толькі з-за неверагоднага смаку — лёгкага, сакавітага, свежага, а яшчэ таму, што гатуецца вельмі хутка, бо варыць нічога не трэба. Проста ўсё наразаем, запраўляем і падаём.

Нам спатрэбіцца:

• вэнджанае мяса — 250 г (свініна, ялавічына, курыца);

• кукуруза кансерваваная — 400 г (1 бляшанка);

• пекінская капуста — 1 качан (сярэдні);

• свежы агурок — 1 шт.;

• балгарскі салодкі перац — 1 шт. (150 г);

• чарнасліў — 100 г.

Акрамя таго:

• гарчыца — 1 ч.л.;

• маянэз;

• соль;

• свежамолаты перац;

• зеляніна пятрушкі.

Замест пекінскай капусты выдатна падыдуць лісты зялёнай салаты.

1. Вэнджанае мяса наразаем саломкай. Зліваем марынад з кукурузы. Чарнасліў прамываем, наразаем саломкай.

2. Капусту наразаем тонкай саломкай. Перац мыем, вызваляем ад насення і рэжам брусочкамі. Агурок мыем і рэжам саломкай.

3. Нарэзаныя інгрэдыенты і кукурузу перакладаем у салатнік, дадаём нарэзаную зеляніну пятрушкі. Пасаліць і паперчыць на смак.

4. Гарчыцу змяшаць з маянэзам і заправіць гэтым соусам салат. Раскладаем па салатніках, упрыгожваем і адразу падаём да стала.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.

_____________

* Крутоны (ад франц. croute — скарынка) — тонкія лустачкі белага хлеба, падсмажаныя ў алеі.