Гульні з малышом зараз, а не потым

Кожная мамачка, калі ў яе з’яўляецца малыш, марыць пра тое, каб яе дзіця было здаровае, шчаслівае і, канечне, разумнае. На жаль, часта мары ўступаюць у канфлікт з рэальнасцю. Таму што, каб дзіця расло здаровае, шчаслівае і, канечне, разумнае, малышу трэба ўдзяляць вельмі многа часу. Але многа часу патрабуюць і іншыя жаночыя абавязкі і клопаты. І, калі на догляд дзіцяці мама проста абавязана знайсці час, то на развіццё дзіцяці, на развіццёвыя гульні, якія, да таго ж, трэба яшчэ і падрыхтаваць, часу катастрафічна не хапае. Добра, калі маме ёсць з кім раздзяліць частку сваіх абавязкаў або ёсць каму іх даверыць. Але калі побач няма ні бабуль, ні сваякоў ці не пашчасціла знайсці надзейную няню, то прыходзіцца самому шукаць выйсце. Як кажуць, “галота на выдумку хітрая”, хаця асабіста мне больш падабаецца англійскі эквівалент гэтай прыказкі necessity is the mother of invention, што значыць “неабходнасць — маці вынаходлівасці”.


Я раскажу, як спрабавала гуляць са сваімі дочкамі-двайнятамі, робячы звычайныя рэчы, выкарыстоўваючы самыя звычайныя сітуацыі. Калі дзецям было 2—3 гады і мне, напрыклад, прыходзілася прасаваць бялізну, я спачатку прасавала дзіцячыя рэчы і прасіла дзяўчынак іх скласці. Гэта іх вельмі захапляла. Яны з вялікім задавальненнем складвалі свае рэчы, вешалі іх на плечкі. У выніку я магла спакойна прасаваць бялізну і не апасацца, што дзеці заблытаюцца ў мяне пад нагамі. Дзеці самастойна і з захапленнем займаліся пад маім наглядам і, да таго ж, навучаліся навыкам самаабслугоўвання.

А вось кожную раніцу па дарозе ў дзіцячы сад мяне вельмі пужала думка, што дзеці будуць адначасова прасіцца на рукі. У доме, дзе мы жылі, адсутнічаў ліфт, а каляска для двайнят была вельмі грувасткая і нязручная. Таму перада мной стаяла задача захапіць дзяцей, каб яны спусціліся па лесвіцы з чацвёртага паверха і ўвесь шлях да дзіцячага сада прайшлі самастойна. Спускацца па лесвіцы было самым складаным. Мы спявалі вельмі-вельмі рытмічную песню на англійскай мове, а потым перараблялі яе пад сябе, замяняючы асобныя словы імёнамі членаў сям’і, сваякоў, любімых цацак. Але на вуліцы мне таксама даводзілася нечым захапіць дзяцей, каб яны забыліся пра тое, што можна спакойна даехаць да сада на маміных руках. Я пастаянна звяртала ўвагу дзяцей на дамы, міма якіх мы праходзілі, дрэвы, птушак, кошак і сабак, пешаходаў, машыны і веласіпедыстаў, эвакуатары і экскаватары. Увогуле, на ўсё, міма чаго мы праходзілі і што нам сустракалася на шляху. Добрай палачкай-выручалачкай на сярэдзіне шляху быў дом, у кветніку якога жыхары з вясны да позняй восені размяшчалі чароўны горад, населены цацкамі. Кожную раніцу, праходзячы міма гэтага двара, мы спыняліся, віталіся з усімі цацкамі. Я расказвала, хто з цацак-жывёл дзе жыве. Дзеці давалі ім імёны, мы прыдумлялі пра іх гісторыі. Часам на вуліцы мы спявалі. Я вучыла песні з мульцікаў, якія спадабаліся дзяўчынкам. І мы спявалі гэтыя песні, пакуль ішлі да месца прызначэння.

На прагулцы ў двары мы каталіся на арэлях пад лічэнне або пад казкі Чукоўскага. Па-першае, каб не было сумна, а па-другое, для вызначэння чарговасці. І да трох гадоў дзяўчынкі ведалі на памяць амаль усе казкі К.Чукоўскага. У гэты час ім вельмі спадабаўся мультфільм “Чараўнік ізумруднага горада” і песенькі з гэтага мультфільма. Мы вывучылі ўсе песні. У дапаўненне да мульціка я прачытала ім кнігу. Мы доўга яе абмяркоўвалі, я задавала праблемныя пытанні. А калі ў тры гады мы сям’ёй паехалі на машыне ў далёкую дарогу і шлях у адзін бок займаў 12 гадзін, паездка не была для нас цяжарам, нам было чым заняцца, што спець, што расказаць і пра што пагаварыць.

Алена ШЫЦІКАВА,
выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна.