Кекс “Мілітары”

Рэцэпты кексаў звычайна ёсць у кулінарнай кнізе кожнай гаспадыні, бо яны могуць стаць “палачкай-выручалачкай”, калі госці на парозе ці дзеці хочуць салодкага. Таксама кексы можна ўзяць з сабой у дарогу. Гатуюцца кексы з самых простых інгрэдыентаў, а атрымліваюцца мяккімі і неверагодна смачнымі. З падачай можна эксперыментаваць: можна выпечаныя і ахалоджаныя кексы адразу падаць да стала, а можна ў іх зрабіць адтуліну і ўкласці джэм у якасці начыння, тады выпечка стане яшчэ больш цікавай. Некалі мая кулінарная вандроўка пачыналася менавіта з гатавання кексаў і мафінаў. Можа, гэтая неверагодна смачная выпечка і паслужыла матывацыяй працягнуць шлях у дзівосны, а часам і чароўны свет кулінарыі.

Для тых, хто, як і я, праяўляў цікавасць да выпечкі і проста да гатавання ежы, хачу даць важную падказку! Калі гатуеце ежу па прапанаваным вам рэцэпце, абавязкова звяртайце ўвагу на ўсе дробныя дэталі як у закладцы прадуктаў, так і ў іх колькасці! Вось што трэба ведаць, напрыклад, пра кекс, перш чым знаёміцца непасрэдна з яго рэцэптам…

Кексы ўяўляюць сабой кандытарскія вырабы са здобнага цеста, якія выпякаюць у спецыяльнай форме з высокімі борцікамі.

Цеста для кексаў можна замясіць рознымі спосабамі ў залежнасці ад рэцэптуры, парадку дадавання інгрэдыентаў трэба прытрымлівацца. Важна, каб усе прадукты былі хатняй тэмпературы, калі ў рэцэпце няма іншых указанняў.

Перш чым прыступіць да замешвання цеста, трэба падрыхтаваць форму для выпечкі: змазаць сметанковым маслам, абсыпаць мукой, перавярнуць і пастукаць па форме, каб выдаліць лішкі мукі. Можна таксама заслаць дно формы паперай для выпечкі.

Кексы выпякаюцца даволі доўга ва ўмерана гарачай духоўцы. Паверхня кекса павінна быць румянай, але не падгарэлай. Калі кекс яшчэ сыры, але з румянай скарыначкай, прыкрыйце паверхню формы фольгай.

Гатоўнасць кекса правяраецца драўлянай палачкай або сталёвым прутком — яны павінны выходзіць з цэнтра кекса сухімі і чыстымі, без слядоў цеста.

У цеста для кексаў можна пакласці здробненыя сухафрукты, арэхі, шакаладную крошку або цукаты.

Я прапаную вам нескладаны, але крыху незвычайны рэцэпт кекса.

Мы на парозе свята. Калі вы яшчэ не прыдумалі і шукаеце, што падарыць мужу, брату, бацьку ці добраму сябру на 23 лютага, здзівіце іх незвычайнай камуфляжнай выпечкай. Гатуецца такі кекс даволі проста, а атрымліваецца вельмі духмяным, мяккім, у меру рассыпістым і смачным. Эфект камуфляжу дасягаецца некалькімі кропелькамі харчовага фарбавальніка для цеста і невялікай колькасцю какавы. Для гатавання можна выкарыстоўваць любы рэцэпт цеста для кекса, які вам падабаецца, але я хачу прапанаваць свой, ужо выпрабаваны.

Нам спатрэбіцца:

• мука — 360 г;

• цукар — 220 г;

• сметанковае масла — 120 г;

• яйкі — 3 шт.;

• крыху солі;

• малако — 100 мл;

• разрыхляльнік — 2 ч. л.;

• ваніль — 1 пакецік.

Фарбавальнікі:

• зялёны колер — 5 кропель харчовага фарбавальніку;

• бэжавы колер — 0,5 ч. л. какавы;

• карычневы колер — 2 ч. л. какавы.

Вазьміце 2 міскі і ў адной змяшайце сухія інгрэдыенты (мука, соль, цукар, разрыхляльнік, ваніль), у другой — вадкія (яйкі, растопленае масла, малако). Аб’яднайце 2 сумесі лапаткай і змяшайце да аднастайнай кансістэнцыі.

Падзяліце на 4 роўныя часткі. У адну дадайце зялёны харчовы фарбавальнік, у другую і трэцюю — какава (у адну — больш, у другую — менш), чацвёртую пакіньце як ёсць. Размяшайце да аднастайнай масы кожную (каб лягчэй вымешвалася, можна дадаць 1—2 ст. л. малака).

Змажце маслам форму, выкладзіце першы пласт, чаргуючы колеры ў адвольным парадку. Зверху выкладзіце другі пласт, старайцеся, каб размяшчэнне колеру не дубліравалася — так “камуфляжная” афарбоўка будзе больш цікавай.

Выпякайце кекс у разагрэтай да 180°С духоўцы да гатоўнасці — каля га­дзіны. Каб расколіны на кексе атрымаліся менш выяўленымі, можна памен­шыць тэмпературу і павялічыць час.

Гатовы кекс астудзіце і падавайце да стала. На другі дзень кекс значна смачнейшы, але калі хочаце есці адразу, то можна злёгку змазаць нарэзаныя кавалачкі сметанковым маслам, як бутэр­брод.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.