Хачу падзяліцца рэцэптам шакаладнага пячэння, гатаванне якога не адбярэ ў вас шмат часу і сіл, а самае галоўнае — гатуецца яно з даступных інгрэдыентаў. Пячэнне асабліва спадабаецца аматарам шакаладу, а малых прыцягвае не толькі смак, але і незвычайная фактура.
Нам спатрэбіцца:
няпоўная 200-грамовая шклянка мукі;
110 г цукру;
крыху солі і ваніліну;
1 ч.л. разрыхляльніка;
80 г сметанковага масла;
4 ст.л. какавы;
2 яйкі;
4 ст.л. цукровай пудры.
Узбіваем міксерам яйкі і цукар да аднастайнай пышнай пены. Дадаём какаву і працягваем узбіваць да аднастайнасці. Дадаём соль, ванілін, мяккае масла і працягваем узбіваць. Дадаём муку і разрыхляльнік, старанна змешваем лыжкай да аднастайнасці. Замясіць цеста, сабраць у шар, загарнуць у харчовую плёнку і змясціць у халадзільнік на 40 хвілін.
Парада: цеста атрымліваецца мяккім і ліпкім, але не рэкамендуецца дадаваць больш мукі, чым сказана ў рэцэпце. Пасля “адпачынку” ў халадзільніку цеста трохі зацвярдзее, і з ім будзе зручна працаваць.
Астуджанае цеста падзяліце на невялікія кавалачкі (памер грэцкага арэха). Скруціце з іх шарыкі. Па чарзе, па адным шарыку, абкачайце ў цукровай пудры. Бляху засцяліце пергаментнай паперай. Шарыкі ў цукровай пудры перанясіце на бляху. Падчас выпякання шакаладнае пячэнне “разыходзіцца” і павялічваецца ў аб’ёме. Гэта неабходна ўлічыць і размяшчаць пячэнне на блясе на некаторай адлегласці адно ад аднаго. Выпякаць у папярэдне разагрэтай духоўцы пры тэмпературы 180°С 10—15 хвілін.
Гатовае пячэнне вымайце з духоўкі і дайце яму астыць на блясе. Трэшчынкі на пячэнні з’яўляюцца падчас выпякання, калі шарыкі павялічваюцца ў аб’ёме. Такім чынам, шакаладнае печыва набывае цікавы выгляд.
Прыемнага чаявання!
Святлана АДАМЕНЯ,
настаўніца англійскай мовы Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.