Піца-сланечнік

Не знойдзецца, думаю, ніводнага чалавека, які не спрабаваў бы выдатнай, хуткай у гатаванні стравы пад назвай “піца”. Гэтая сытная закуска стала папулярнай ва ўсім свеце. Некаторыя яе аматары не раз спрабавалі зрабіць яе самі, і, вядома ж, першай і адзінай перашкодай тут з’яўляецца гатаванне цеста для піцы. Хоць яно і складаецца з мінімальнай колькасці інгрэдыентаў, але трэба ўважліва выканаць дакладную паслядоўнасць дзеянняў у яго гатаванні.

Сёння можна сустрэць мноства варыяцый піцы, як па форме, так і па начынцы. Напрыклад, акрамя круглай, існуе таксама квадратная — сіцылійская піца з анчоусамі. Існуе піца-канверт — кальцонэ, адзін з традыцыйных інгрэдыентаў для якой — італьянскі малочны прадукт “рыкота”.

Я ж прапаную вам яшчэ адзін варыянт — “піца-сланечнік”, які вас зацікавіць і абавязкова спадабаецца, бо ён не толькі смачны, але і над­звычай прыгожы.

Такая піца гатуецца вельмі проста, прадукты для цеста маюцца ў кожным доме — гэта мука, вада, алей, дрожджы, соль. Сёння я раскажу, як можна згатаваць смачную і адначасова прыгожую піцу, якая па форме нагадвае сланечнік або сонейка. Начынку вы можаце выкарыстоўваць любую на ваш смак.

Нам спатрэбіцца:

Для начынкі:

бекон (вэнджаная каўбаса) — 100 г,

сыр фета (або мацарэла) — 100 г,

цыбуля чырвоная — 1/3 шт.,

аліўкі без костак (1 бляшанка) — 10 шт. для начынкі, астатнія — для ўпрыгожвання піцы,

памідор — 1 шт.,

сыр мяккі — 80 г,

соль (на смак) — 1/4 ч.л.,

перац чорны (на смак) — 1/4 ч.л.

Для цеста:

мука пшанічная — 350 г,

вада (цёплая) — 100 мл (пры неабходнасці яшчэ крыху дабавіць),

дрожджы (сухія або свежыя ў суадносінах 1:3) — 7 г,

соль — 1/2 ч.л.,

цукар — 1 ч.л.,

алей аліўкавы (ці сланечнікавы) — 4 ст.л.

Для змазкі і ўпрыгожвання:

жаўток яечны — 1 шт.,

насенне чорнага ці белага кунжуту.

Колькасць порцый: 8.

Гатаванне

Спачатку гатуем цеста. Для гэтага муку прасейваем у глыбокую міску. Дабаўляем соль, змешваем. Асобна змешваем цёплую ваду, дрожджы і цукар. Размешваем і ўліваем сумесь у муку. У канцы дабаўляем алей. Замеш­ваць трэба да сярэдняй мяккасці, каб атрымалася эластычнае цеста, якое не павінна прылі­паць да рук. Калі цеста атрымліваецца залішне ліпкім, трэба дабавіць мукі, і наадварот, калі цеста атрымліваецца жорсткім, неабходна дабавіць вады. Накрываем цеста і пакідаем у цёплым месцы на адну га­дзіну. Яно павінна павялічыцца ў 2 разы. Пакуль цеста падыходзіць, рыхтуем начынку. Бекон (каўбасу) і памідор рэжам на невялікія кавалачкі, цыбулю паўкольцамі, аліўкі на 4 часткі. Фету крышым. Сыр націраем на буйной тарцы. Цеста і начынка гатовыя — пачынаем фармаваць піцу.

Гатовае цеста дзелім на 2 аднолькавыя часткі. З кожнай раскачваем круг дыяметрам 40—45 см. Пры дапамозе нажа для піцы робім надрэзы (як на здымку). Кла­дзём начынку, солім, перчым. Абрэзкі цэнтральнай часткі круга кла­дзём на начынку. Канцы кожнага трохвугольніка злучаем так, каб атрымаўся закрыты трохвугольнік. Пакідаем на 10—15 мінут. Змазваем узбітым жаўтком. Пасыпаем насеннем кунжуту. Выпякаем у папярэдне разагрэтай духоўцы пры тэмпературы 180 °С на працягу 20 мінут. Для ўпрыгожвання можна выкарыстоўваць любую зеляніну, а таксама маянэз і кетчуп.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.