Развітальны пацалунак восені

У кожным доме, у кожным халадзільніку зімой павінен стаяць слоік з салёнымі зялёнымі памідорамі. Зялёныя памідоры ў салёным выглядзе адрозніваюцца незвычайна пікантным смакам, многія іх любяць больш, чым салёныя агуркі. Салёныя зялёныя памідоры ўніверсальныя ў выкарыстанні. Яны добрыя і ў выглядзе закускі, з імі атрымліваюцца вельмі смачнымі і расольнік, і вінегрэт, і многія іншыя стравы. Існуюць розныя спосабы засолкі зялёных памідораў на зіму. Я раскажу пра адзін з іх, які не патрабуе шмат часу і асаблівых выдаткаў, а памідоры атрымліваюцца вельмі і вельмі смачнымі.

Зялёныя салёныя памідоры “Вайсковыя з пярчынкай!”

Для гатавання памідораў на зіму спатрэбіцца: памідоры зялёныя; часнок; перац востры — на смак (або без яго); перац балгарскі салодкі — 3 шт. , зеляніна пятрушкі.

Для расолу: вада халодная — 1 літр, соль — 2 ст.л.

Гатуем. Спачатку падрыхтую зялёныя памідоры, хвосцікі адарву, памыю. Падрыхтую зеляніну, часнок і востры перац. У чысты слоік на дно пакладу салодкі балгарскі перац, часнок, трохі зеляніны, потым — зялёныя памідоры, паўтару слаі. Я дадаю невялікі кавалачак вострага перцу, без насення (насенне надае асаблівую горыч і вастрыню). І такім чынам напаўняю слоік. Гатую расол. Для гэтага налью ў міску халодную ваду, дадам соль, размяшаю як след, каб соль растварылася, а асадак застаўся на дне, акуратна пералью расол у слоік з памідорамі. Вады наліць столькі, каб памідоры былі цалкам пакрытыя. Бяру шчыльную поліэтыленавую накрыўку, награваю яе ў гарачай вадзе і накрываю слоік. Салёныя зялёныя памідоры “Вайсковыя з пярчынкай!” гатовы, і іх можна прыбраць на захоўванне да зімы. Захоўвацца такія памідоры павінны ў прахалодным месцы (склепе ці халадзільніку). Праз 30 дзён памідоры будуць гатовы да ўжывання.

Таксама абавязкова зрабіце памідоры ў жэле “Шыкоўныя”.

Марынаваныя або свежыя — гэта яркая і незвычайная закуска. Зімой замарынаваныя памідоркі ў жэле “Шыкоўныя” парадуюць вас і вашых блізкіх сакавітым колерам і пікантным смакам. Гэтая закуска ўнясе прыемную разнастайнасць у ваша меню і дапаможа накрыць стол да прыёму гасцей. Гатуецца вельмі хутка, а смак — пальчыкі абліжаш! Увесь сакрэт — у марынадзе.

Інгрэдыенты: памідоры — 1 кг; цыбуля — 2 шт.; перац салодкі — 1 шт.; часнок — 4 зубчыкі; зеляніна пятрушкі — 1 пучок.

Для марынаду: перац духмяны гарошкам — 6 шт.; перац чорны гарошкам — 9 шт.; жэлацін — 25 г; вада — 1 л + 50 мл (для растварэння жэлаціну); соль — 25 г; цукар — 75 г; воцат 9% — 50 мл.

Папярэдне заліваю жэлацін 50 мл халоднай кіпячонай вады, размешваю і пакідаю на час, указаны ў інструкцыі, каб жэлацін набрыняў (калі выкарыстоўваеце хуткарастваральны жэлацін, то пакідаць для набухання не трэба).

Мыю пятрушку і заліваю кіпнем на 3 мінуты. Разразаю памідоры, выдаляючы месца мацавання пладаножкі. Цыбулю наразаю паўкольцамі. На кожны слоічак бяру па палове цыбуліны. Салодкі перац чышчу ад насення і перагародак, рэжу саломкай. Слоікі мыю з содай і абдаю кіпнем.

На дно кожнага слоіка кладу па два зубкі часнаку.

Пачынаю ўкладваць у слоікі ў любым парадку: зеляніна, цыбуля, памідоры і перац, чаргуючы іх.

Гатую марынад: у 1 л вады дадаю соль, цукар, перац гарошкам. 3 мінуты даю пакіпець. Выключаю марынад, дадаю воцат, жэлацін і старанна перамешваю.

Заліваю памідоры, дадаючы перац з марынаду ў слоікі, якія пасля, прыкрыўшы накрыўкамі, стаўлю ў каструлю з цёплай вадой (вада павінна даходзіць да плечыкаў). На дно абавязкова кладу ручнічок і стэрылізую 15 мінут з моманту закіпання. Закатваю слоікі. Пераварочваю і даю цалкам астыць пад цёплай коўдрай.

Перад падачай ахалоджваю “Шыкоўныя” памідоркі ў халадзільніку каля 8 гадзін, каб атрымаць жэле.

“Неверагодная смаката” — леча з балгарскага салодкага перцу

Інгрэдыенты: 4 кг памідораў; 3 кг перцу салодкага; 1 шклянка алею; 1 шклянка цукру; 2 ст.л. солі; 2 ст.л. воцату сталовага 9%.

Памідоры прапускаю праз мясарубку, тушу з соллю 30 мінут, затым дадаю цукар і алей.

Падрыхтаваны перац рэжу буйнымі кавалачкамі, дадаю да памідораў, тушу яшчэ 20 мінут. За 5 мінут да гатоўнасці дадаю воцат.

Леча раскласці ў слоікі, закатаць.

Смачна есці і смачнай зімы вам!

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.