Набліжаецца 8 Сакавіка — любімае для ўсіх свята вясны і жаноцкасці. І пытанне, якім задаюцца мужчыны: якое арыгінальнае віншаванне з 8 Сакавіка прыдумаць жонцы, дачцэ, калегам? Я прапаную разгледзець варыянт кулінарнага падарунка. Вазьміце праўленне на кухні ў свае рукі!
Усё, што ад вас патрабуецца, — гэта купіць патрэбныя прадукты, знайсці рэцэпт, крыху патрэніравацца (калі сумняваецеся ў сваіх кулінарных талентах) і падарыць каханай жанчыне страву, згатаваную сваімі рукамі. А каб аблегчыць вашу працу па пошуку патрэбнага рэцэпта, я вырашыў падзяліцца ўжо апрабаваным рэцэптам салата “Для каханай” з курыцай і чарнаслівам у выглядзе васьмёркі.
Гэты крэатыўны салат сытны і лёгкі. Хоць шлях да сэрца жанчыны, магчыма, і не ляжыць праз страўнік, але ўсё роўна, сытая жанчына — шчаслівая жанчына. Такі салат заваяваў не адно жаночае сэрца і, нягледзячы на сваю прастату ў гатаванні, глядзіцца на святочным стале вельмі вытанчана і ўрачыста.
Дарэчы, калі вы па нейкай прычыне не паспелі ці забылі пра кветкі, наш салат вам таксама дапаможа. Праўда, гэтыя кветкі прыйдзецца… з’есці. Зрэшты, такі букет цюльпанаў можна выкласці на асобнай талерцы.
Адзіная цяжкасць, з якой вы можаце сутыкнуцца пры гатаванні стравы, — гэта нарэзка памідораў для “цюльпанаў”. Для таго каб “бутон” не разваліўся, трэба выбраць тугія даўгаватыя памідоры чэры.
З упрыгажэннем можна смела эксперыментаваць. Замест цюльпанаў упрыгожыць салат букетам “нарцысаў” з яечнага бялку альбо галінкамі “мімозы” з пятрушкі і курынага жаўтка. Любое спалучэнне будзе аднолькава прыемнае і смачнае, а фотаздымак згатаванай вамі стравы дакладна разляціцца па ўсім інтэрнэце: жонка абавязкова пакажа ваш арыгінальны твор сяброўкам!
Нам спатрэбіцца:
курыная грудка вараная — 200 г:
шампіньёны — 300 г;
адварны рыс — 200 г;
яйкі — 5 шт.;
маянэз — 100 г;
крэмчыз — 100 мл;
арэхі грэцкія — 50 г;
сыр цвёрды — 200 г;
чарнасліў — 120 г;
цыбуля рэпчатая — 1шт.;
зеляніна для ўпрыгожвання (пятрушка, зялёная цыбуля, памідоры чэры — 7 шт.);
алей для смажання.
У працэсе
Здрабніць шампіньёны і цыбулю. На алеі абсмажваем іх без солі да гатоўнасці, змешваем з вараным рысам.
Арэхі здрабняем нажом або любым іншым спосабам. Вараную курыную грудку дробна наразаем кубікамі. Сыр тром на тарцы. Яйкі чысцім і тром на дробнай тарцы. Чарнасліў наразаем на невялікія кавалачкі.
Салат будзем укладваць слаямі. Кожны інгрэдыент загадзя змешваем у асобнай талерцы з маянэзам. Да яек маянэз не дадаём.
Пачынаем выкладваць салат у форме лічбы 8. На вялікую талерку ставім два слоікі рознага дыяметра. Акуратна прытрымліваючы слоікі, пачынаем вакол іх выкладваць слаі салата ў выглядзе лічбы 8.
1-ы слой — курыца з рысам;
2-і слой — чарнасліў;
3-і слой — арэхі;
4-ы слой — шампіньёны з цыбуляй;
5-ы слой — сыр;
6-ы слой — здробненыя яйкі.
Цяпер прыбіраем слоікі, папярэдне некалькі разоў пакруціўшы іх, каб утрамбаваць слаі.
Праяўляем творчасць. Крэмчыз выкладваем у кандытарскі мех з насадкай “лісточак” і паціху выціскаем, упрыгожваючы салат зверху крэмавай стужкай. На маленькіх памідорах чэры робім надрэзы нажом зверху крыжыкам (быццам у кветкі павінен раскрыцца бутон), па магчымасці асцярожна з сярэдзіны памідораў дастаём мякаць, каб потым начыніць крэмчызам. Дадаём сцяблінкі з зялёнай цыбулі. А з бакоў выкладваем лісточкі пятрушкі.
Салат павінен настаяцца 8—10 гадзін, пасля чаго вы можаце радаваць сваіх жанчын смачным падарункам.
Смачна есці і шчаслівага свята!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.