Салодкія падарункі. Карысныя

З самага дзяцінства нам кажуць, што “ласункі шкодныя для здароўя”. Сапраўды, любімыя намі цукеркі, торты, пірожныя і іншыя прысмакі складана назваць здаровай ежай. Часта людзям цяжка адмовіцца ад прадуктаў падобнага роду, нягледзячы нават на ўсведамленне ўсёй шкоды, якую яны здольны прынесці арганізму. Але як жа быць непапраўным ласунам? На шчасце, існуюць прысмакі, якія валодаюць шэрагам карысных уласцівасцей і некаторыя з іх з’яўляюцца нізкакаларыйнымі. Для тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і, у прыватнасці, здаровага харчавання, такія прысмакі (а іх, дарэчы, не так ужо і мала!) стануць лепшай альтэрнатывай. І іх, безумоўна, лепш выкарыстаць у якасці падарунка для дзяцей, чым цукеркі.

Зефір. Асноўная перавага зефіру перад многімі іншымі прысмакамі — адсутнасць у ім тлушчаў. Для яго вытворчасці выкарыстоўваюць фруктовыя пюрэ, яечны бялок, цукар і натуральныя загушчальнікі (пекцін, агар-агар ці жэлацін), менавіта якімі і абумоўлена карысць гэтага прадукту.

Пекціны — растваральныя харчовыя валокны, дзякуючы якім у нашым кішэчніку злучаюцца і выводзяцца з арганізма цяжкія металы, радыенукліды, а таксама пестыцыды. Дарэчы, менавіта таму работнікам шкодных хімічных вытворчасцей рэкамендуюць зефір. Акрамя таго, пекцін спрыяе зніжэнню ўтрымання ў арганізме халестэрыну і ўжываецца пры захворваннях, звязаных з парушэннем абмену рэчываў, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, печані і падстраўнікавай залозы.

Зефір на аснове агару таксама вельмі карысны, бо ў гэтым загушчальніку змя­шчаецца вялікая колькасць мінеральных солей, вітамінаў, поліцукарыды, агарапекцін і раслінныя кіслоты. Агар арганізмам не засвойваецца, але ён служыць харчаваннем для карысных мікраарганізмаў у кішэчніку, якія абараняюць яго ад укаранення хваробатворных мікробаў. Таксама агар спрыяе зніжэнню ўзроўню шкодных трыгліцэрыдаў і халестэрыну ў крыві, нармалізуе ўзровень глюкозы, зніжае павышаную кіслотнасць страўнікавага соку, стымулюе перыстальтыку, аказвае мяккае слабіцельнае дзеянне.

  • Варта памятаць, што зефір змяшчае шмат простых вугляводаў, таму яго не варта ўжываць у вялікіх колькасцях. Супрацьпаказаны зефір людзям, якія хварэюць на атлусценне і цукровы дыябет (для апошніх выпускаецца зефір на фруктозе).
  • Рэкамендуецца набываць белы зефір, бо ён не змяшчае ў сваім складзе штучных фарбавальнікаў. Зефір у шакаладнай глазуры ці какосавай стружцы таксама з’яўляецца не самым карысным прадуктам, бо мае значна больш высокую каларыйнасць, а таксама можа выклікаць алергічныя рэакцыі на некаторыя кампаненты ў сваім складзе.

Мармелад. Мармелад ­атрымліваюць шляхам уварвання працёртага фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай. Адрозніваюць некалькі відаў мармеладу: фруктова-ягадны — на аснове жэляванага фруктова-ягаднага пюрэ; жэлейны — на аснове агару і пекціну; жэлейна-фруктовы — на аснове спалучэння агару ці пекціну з фруктова-ягадным пюрэ. Самым карысным з’яўляецца жэлейна-фруктовы мармелад, таму што ў ім спалучаюцца карысныя рэчывы ўсіх відаў мармеладу. Сваімі карыснымі ўласцівасцямі мармелад, як і зефір, абавязаны двум рэчывам: пекціну і агару.

  • Лепш за ўсё купляць светла-жоўты і белы мармелад, бо “шматкаляровыя” гатункі змяшчаюць у сваім складзе харчовыя фарбавальнікі.
  • Ужыванне мармеладу трэба абмяжоўваць людзям з атлусценнем, і зусім не рэкамендавана хворым на цукровы дыябет.

Пасціла. Пасціла — яшчэ адзін смачны пачастунак, які вядомы на Русі з даўніх часоў, блізкая сваячка зефіру і мармеладу. Пасціла бывае двух відаў: заварная (рыхтуецца на аснове яблычнага пюрэ і цукру) і клеявая (у яе склад уваходзіць пекцінавы сіроп або агар-агар разам з патакай). Карысць пасцілы для арганізма абумоўлена жэлюючымі рэчывамі, якія ўваходзяць у яе склад. Разам з тым пасціла мае насычаны мінеральны склад: яна ўтрымлівае калій, кальцый, фосфар, натрый, магній, ёд.

  • Не трэба забываць, што пасціла змя­шчае даволі многа цукру, таму рэкамендуецца ўжываць не больш за 60 г гэтага ласунку ў дзень.
  • Перад пакупкай пасцілы абавязкова звярніце ўвагу на яе склад: у ім не павінна быць штучных харчовых фарбавальнікаў і араматызатараў.

Сухафрукты. Гэта сапраўды натуральная скарбніца вітамінаў і мікраэлементаў, даступная ў кожную пару года. Сухафрукты змяшчаюць вітаміны А і групы В, высокую канцэнтрацыю глюкозы, фруктозы, клятчатку, магній, кальцый, калій, фосфар, ёд, жалеза, натрый. Такі хімічны склад робіць іх надзвычай карыснымі для сардэчна-сасу­дзістай і цэнтральнай нервовай сістэмы, дапамагае палепшыць стан пазногцяў, валасоў і касцей, стымулюе работу кішэчніка. Акрамя таго, кожны з сухафруктаў мае свой унікальны комплекс карысных рэчываў.

Курага. Адметнай асаблівасцю курагі з’яўляецца тое, што пры сушцы ў ёй захоўваецца большасць вітамінаў і мікраэлементаў. Курага багата на калій, кальцый, фосфар, жалеза, карацін, вітамін В5, арганічныя кіслоты. Патрэбна для нармальнай работы сэрца, спрыяе павышэнню ўзроўню гемаглабіну. Дзякуючы мяккаму слабіцельнаму эфекту, паляпшае перыстальтыку кішэчніка і спрыяе яго ачышчэнню. 3—5 штук на дзень дастаткова, каб атрымаць максімум карысці ад курагі.

Разынкі. Багатыя на арганічныя кіслоты, клятчатку, вітаміны А, В1, В2, В5 і В6, С. У склад разынак уваходзяць жалеза, бор, магній, калій, кальцый, хлор, фосфар. Спрыяюць умацаванню нервовай сістэмы, дапамагаюць зняць напружанне, стомленасць, палепшыць сон. Карысныя для цяжарных і кормячых жанчын, бо папаўняюць нястачу жалеза і паляпшаюць лактацыю. Высокі змест калію і магнію ў разынках умацоўвае сардэчную мышцу, спрыяе нармалізацыі артэрыяльнага ціску. Разынкі не рэкамендуецца ўжываць людзям, якія пакутуюць ад язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі.

Чарнасліў. Змяшчае мяккія слабіцельныя рэчывы, харчовыя валокны, арганічныя кіслоты, кальцый, магній, фосфар, жалеза, вітаміны А, групы В, С, РР. Добры сродак для паляпшэння перыстальтыкі кішэчніка, эфектыўна чысціць арганізм. Чарнасліў мае жаўцягоннае і мачагоннае дзеянне. Дзякуючы ўтрыманню калію і магнію, карысны пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы. З асцярожнасцю трэба ўжываць чарнасліў кормячым жанчынам: ён можа выклікаць “колікі” ў дзіцяці.

Фінікі. Багатыя на вітаміны А, Е, групы В, амінакіслоты. Фінікі змяшчаюць кальцый, фосфар, калій, магній, жалеза, цынк, марганец, селен. Карысныя для людзей з аслабленым імунітэтам, пры анеміі. Лічыцца, што фінікі дапамагаюць у прафілактыцы анкалагічных захворванняў дзякуючы ўтрыманню антыаксідантаў. Людзям з хранічнымі захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту і камянямі ў нырках рэкамендуецца ўжываць фінікі з асцярожнасцю.

  • У прамысловых умовах сухафрукты могуць быць апрацаваны хімічнымі рэчывамі для надання патрэбнага колеру і аховы ад плесні. Для гэтага выкарыстоўваецца, у прыватнасці, дыяксід серы. Вядома, апрацаваныя сухафрукты на прылаўках выглядаюць значна прывабней. Але ўсё ж не трэба кідацца на яркія фарбы: непразрыстыя, зморшчаныя, цёмныя, матавыя сухафрукты — самыя карысныя і якасныя, і выбіраць варта менавіта такія.

Халва. Найбольш часта для яе вырабу выкарыстоўваецца насенне (зярняты) сланечніку, арахісу, кунжуту, міндаля. Халва змяшчае больш за 30% раслінных тлушчаў, прадстаўленых поліненасычанымі тлустымі кіслотамі — ніводны кандытарскі выраб гэтым не пахваліцца. Памылкова лічаць, што ў гэтым прадукце прысутнічае халестэрын, але халестэрыну ў раслінных тлушчах не бывае. Халва, як і многія сухафрукты, змя­шчае шмат мікраэлементаў, якія паляпшаюць скарачальнасць сэрца і паляпшаюць крова­зварот. Гэты прадукт, дзякуючы ўтрыманню антыаксідантаў, спрыяе затарможванню старэння арганізма. У халве ёсць вітаміны РР, В2, Е, а таксама жалеза, магній, кальцый, фосфар.

  • Трэба памятаць, што халва каларыйная, змяшчае шмат простых вугляводаў і багатая на тлушчы. Таму людзям з залішняй вагой, з парушаным абменам вугляводаў, жоўцекаменнай хваробай трэба абмяжоў­ваць ужыванне гэтага прадукту.

Алена ЧЭПЕЛЕВА,
асістэнт кафедры паталагічнай фізіялогіі БДМУ.