Гатуем не толькі смачна, але і прыгожа
БЛІНЫ З БУЛЬБАЙ
Ой-ёй-ёй! Ой-ёй-ёй!
Колькі да мяне ідзе сяброў!
Разам будзем зіму праводзіць,
Разам будзем Масленіцы лагодзіць!
Душа ты мая, Масленіца!
Прыязджай да нас у госці,
На шырокі двор,
На горках пакатацца,
На блінах паваляцца,
Сэрцам пацешыцца! (з фальклору)
Масленіца на дварэ! Хутчэй клічам сяброў за стол і пачынаем частаваць іх найсмачнейшымі блінамі. А што вы пакладзяце ў бліны, чым начыніце — справа толькі ваша! Бо, як кажуць, густ у кожнага свой. Аднак калі вы гатуеце на святочны стол, то павінны зрабіць гэтую страву не толькі смачнай, але і прывабнай, незабыўнай.
Дарэчы, рэцэптаў бліноў у наш час — вялікае мноства, як і спосабаў сервіроўкі. Напрыклад, папулярныя ў гаспадынь тонкія наліснікі можна падаць, згарнуўшы іх “ружачкамі”, зрабіць з іх канверцікі з начынкай і, зразумела, згатаваць да іх традыцыйную беларускую мачанку.
Але я не хачу ўскладняць вам работу і прапаную самы просты рэцэпт фаршыраваных бліноў з бульбяной начынкай. А яшчэ гэтая страва добрая тым, што яе можна падаць як да чаю, так і на закуску.
Інгрэдыенты:
Для цеста:
малако — 2 шклянкі;
яйкі курыныя — 2 шт.;
мука — 150—200 г;
сода харчовая — на кончыку нажа;
алей для смажання бліноў.
Для начынкі:
бульбяное пюрэ (з 3—4 бульбін);
яйка курынае — 1 шт.;
цыбуля — 1/2 шт.;
соль — на смак;
перац — на смак;
алей для смажання цыбулі.
Спачатку гатуем цеста на бліны. Яйкі трэба размяшаць з малаком і соллю да аднастайнасці. Дадаць муку і разрыхляльнік (соду). Цеста змяшаем так, каб не было камячкоў, і дадзім яму крыху пастаяць. У гэты час гатуем начынку. Бяром бульбяное пюрэ, змешваем яго са смажанай рэпчатай цыбуляй і курыным яйкам. Цыбулю папярэдне трэба абабраць і парэзаць дробнымі кубікамі. Начынку запраўляем соллю і перцам. Змешваем.
Пераходзім да смажання бліноў. Разаграваем патэльню. Бяром палову цыбуліны і насаджваем яе на відэлец. Апускаем цыбуліну зрэзам у алей, потым змазваем гэтай цыбулінай нагрэтую патэльню. Так будзем рабіць перад выпяканнем кожнага бліна. Гэты спосаб дапамагае выкарыстоўваць алей у мінімальнай колькасці. Бліны з бульбай атрымаюцца вельмі духмянымі. Смажым бліны з двух бакоў.
Цяпер бяром лыжку начынкі і кладзём на ніжнюю частку бліна. Фаршыруем бліны бульбай па тыпе галубцоў. На выхадзе маем сімпатычныя канверцікі з бульбяной начынкай. Гатовыя бліны з бульбай укладваем на змазаную алеем патэльню швом уніз. Падсмажваем атрыманыя канверцікі з двух бакоў. Бліны атрымліваюцца вельмі смачнымі, сытнымі і мяккімі. Са смятанай яны яшчэ смачнейшыя.
Але, як я казаў раней, кладзіце ў талерку да бліноў усё, што вам даспадобы. Я ўжо даўно ўжываю бліны з брусніцамі і фінікамі, і мне гэта вельмі падабаецца. Паспрабуйце і вы!
Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.