І смак, і знешні выгляд салата залежаць не толькі ад якасці выкарыстаных прадуктаў, але і ад таго, як яны былі падрыхтаваны і згатаваны. Існуюць нескладаныя, але важныя агульныя правілы гатавання салатаў, каб максімальна выкарыстаць смакавыя магчымасці ўсіх інгрэдыентаў, а таксама захаваць карысныя ўласцівасці прадуктаў.
Падрыхтоўка прадуктаў:
- усе салаты са свежай агародніны трэба гатаваць непасрэдна перад падачай на стол;
- варыць агародніну для салата неабходна ў невялікай колькасці вады. Такім чынам захаваюцца больш карысных рэчываў і смак;
- перад гатаваннем рэкамендуецца астудзіць усе прадукты;
- бульбу, моркву і буракі для салата трэба варыць толькі ў лупінах і захоўваць неабабранымі. Чысціць і рэзаць звараную агародніну неабходна непасрэдна перад гатаваннем салата;
- катэгарычна нельга змешваць цёплыя і халодныя інгрэдыенты.
Запраўка:
- салаты запраўляюць смятанай, маянэзам або алеем, у які можна дабавіць воцат, перац, соль і цукар. Можна зрабіць дамашні маянэз ці замяніць яго ёгуртам, смятанай, аліўкавым або кунжутным алеем. А калі сюды дабавіць яшчэ гарчыцу, сок лімона або часнок, то смакавыя спалучэнні зайграюць незвычайнымі фарбамі. Дарэчы, нават мяса, птушка і рыба з такой запраўкай “гучаць” нашмат цікавей!
- у запраўку можна дабавіць аджыку, гарчыцу, таматны соус;
- запраўляць салат трэба непасрэдна перад падачай на стол. Выключэнне складаюць слаёныя салаты, якім па рэцэпце трэба “настаяцца”;
- паколькі дрэнная запраўка можа сапсаваць нават самы выдатны салат, асаблівую ўвагу ўдзяляйце якасці маянэзу і смятаны;
- падаваць салаты можна не толькі ў салатніках. Іх можна парцыённа сервіраваць у тарталетках, на лістах зялёнай салаты, кавалках хлеба, лустачках вяндліны або каўбасы, а таксама ў выглядзе начынкі ў свежай, смажанай або тушанай агародніне.
Хітрыкі ад Анатольеўны:
- выкарыстоўвайце кансервы. Не прыйдзецца думаць, як згатаваць тунца, сёмгу або кальмараў — яны адразу могуць адпраўляцца ў талерку;
- для бабовых гэта таксама вельмі актуальна. Прафесіяналы запэўніваюць, што гэта самы просты спосаб за пару хвілін зрабіць смачны салат;
- дабаўляйце вэнджанае мяса, каўбасы, сасіскі — іх не трэба гатаваць;
- старайцеся падбіраць кампаненты так, каб яны не патрабавалі тэрмаапрацоўкі, а страве не трэба было настойвацца;
- не забывайце пра акцэнты! Абсмажаныя арэшкі, сухарыкі, несалодкія ягады — прадукты, якія пойдуць на карысць нават самай простай кампазіцыі.
Cалат з тунцом
Агурок, памідор і два вараныя яйкі наразаю кубікамі. Салатнае лісце прамываю і абсушваю. Адкрываю бляшанку тунца і размінаю яе змесціва відэльцам. Для заліўкі змешваю дзве лыжкі аліўкавага алею, чайную лыжку дыжонскай гарчыцы, соль і лімонны сок на смак.
Дадзены салат варта гатаваць і падаваць на стол парцыённа. Таму на кожнай талерцы раскладваю салатнае лісце, на яго выкладваю агуркі, а вакол кольцамі памідоры. Паліваю агародніну заліўкай. Пасыпаю агуркі здробленым тунцом і яйкамі і затым падаю страву на стол.
Салат з каўбасой
Ачышчаю, наразаю паўкольцамі і абсмажваю на патэльні адну белую цыбуліну. Узбіваю відэльцам чатыры курыныя яйкі, затым уліваю іх у патэльню да цыбулі. Абсмажваю атрыманы блін з двух бакоў. Калі ён астыне, наразаю яго тонкімі палоскамі. 250 г вяндліны або варанай каўбасы рэжу доўгімі брусочкамі. Кансерваваныя шампіньёны (адну бляшанку) рэжу саломкай. У вялікай салатніцы злучаю падрыхтаваныя інгрэдыенты, запраўляю іх соллю, здробленым часнаком, сечанай зелянінай і маянэзам. Салат змешваю і адпраўляю ў халадзільнік на паўгадзіны, каб усе інгрэдыенты “пасябравалі” паміж сабой.
Незвычайна лёгкі, хуткі і вельмі смачны рэцэпт слаёнага салата з сёмгі з грэйпфрутам.
Нам спатрэбіцца: слабасалёная сёмга — 150 г; грэйпфрут — 1 шт.; яйкі — 3 шт.; сыр цвёрды — 100 г; аліўкавы алей — 40 мл.
Як чысціцца грэйпфрут? Нажом акуратна здымаю скуру разам з усёй белай плёнкай, таксама выдаляю мембранныя перагародкі, бо яны даюць непрыемную горыч.
Сок зліваю ў асобны посуд і буду выкарыстоўваць яго для запраўкі. Наразаю мякаць невялікімі кавалачкамі. Сёмгу рэжу сярэднімі кубікамі.
Адвараныя ўкрутую яйкі націраю на дробнай тарцы. Цвёрды сыр — на буйной тарцы.
Для салатнай запраўкі змешваю сок грэйпфрута і аліўкавы алей.
Выкладваю салат слаямі: першы слой — грэйпфрут, другі — сыр, потым сёмга і зверху яйкі. Паліваю запраўкай. Для ўпрыгожвання можна выкарыстоўваць любую зеляніну.
З павагай і любоўю, Анатольеўна.
Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.