Ежа для спакойнага сну

Свет вакол нас не самы ціхі і спакойны. Шумяць машыны на вуліцы, гамоняць прахожыя, пакупнікі ў магазінах, учыняюць сцэны дамачадцы, а суседзям абавязкова трэба перасоўваць мэблю, стукаць малатком або спяваць застольныя песні менавіта пасля поўначы. Па гэтых прычынах многія людзі пакутуюць ад бытавой бяссонніцы, наступствы якой адбіваюцца на дзеяздольнасці і стане здароўя. Цёмныя кругі пад вачамі — гэта самая дробязь ад таго, што можа зрабіць бяссонная ноч. Акрамя таго, бяссонніца павялічвае рызыку ўзнікнення хвароб сэрца, дыябету, раку і іншых непрыемных хвароб. Але бывае, што нават пры ідэальнай цішыні ноччу ў доме можа ўзнікнуць бяссонніца, і вінаваты ў гэтым ваш рацыён харчавання або нават банальнае пераяданне.

Наша актыўнасць непасрэдна звязана з прадуктамі, уключанымі ў рацыён. Некаторыя прадукты здольны аказваць гіпатэнзіўнае ўздзеянне, а таксама зніжаць колькасць сардэчных скарачэнняў. У выніку будзе значна прасцей заснуць. А іншыя прадукты, наадварот, могуць зрабіць чалавека больш актыўным і прымусіць забыць пра сон.


Уся ежа, якая ўжываецца на працягу дня, мае непасрэднае ўздзеянне на стан арганізма — эмацыянальны, а таксама фізіялагічны. Бадзёры старт для рабочага дня дае добрая здаровая ежа падчас снедання. Не варта прапускаць ранішні прыём ежы па парадзе “знаўцаў народнай медыцыны” — гэта можа прывесці да раздражняльнасці і знясілення.

Абед павінен быць сытным, з тлушчамі і бялкамі (мяса, птушка, рыба), а вось пра вячэру варта пагаварыць асобна. Ежа, якая ўжываецца бліжэй да вячэры, можа адмоўна паўплываць на арганізм, напрыклад, павысіць тэмпературу цела, павялічыць пульс і схільнасць да рухальнай актыўнасці. Для таго каб супакоіць цела і належным чынам падрыхтавацца да сну, неабходна падабраць для сябе індывідуальны набор прадуктаў харчавання.

Напрыклад, бананы змяшчаюць вялікую колькасць асаблівага рэчыва трыптафану, які дазваляе мозгу вылучаць гармон мелатанін і сератанін, якія супакойваюць, расслабляюць. Акрамя таго, лічыцца, што калій, які змяшчаецца ў бананах, можа падтрымліваць сон у нармальным рэжыме ўсю ноч.

Малочныя прадукты — добрая крыніца трыптафану. Многім у дзяцінстве мама давала на ноч цёплае малако — і гэта супакойвала.

Міндаль таксама змяшчае трыптафан. Невялікая жменька такіх арэшкаў — выдатны спосаб, каб падрыхтавацца да паўнацэннага сну.

Мёд, дзякуючы свайму ўнікальнаму складу, таксама падае сігнал мозгу, што неабходна ісці спаць. У спалучэнні мёду з цёплым малаком гэты эфект толькі ўзмоцніцца.

Аднак ёсць і такія прадукты, якія могуць перашкаджаць сну. Гэта ў першую чаргу вострыя прыправы. Яны актывізуюць работу страўніка, які ноччу павінен спаць. Ноччу працуе толькі кішэчнік, і гэта ніяк не перашкаджае сну. Вострыя прыправы павышаюць палавую актыўнасць, а без належнага выхаду сексуальнай энергіі бяссонніца або неспакойны сон вам проста гарантаваны. Па гэтай жа прычыне варта пазбягаць ужывання шакаладных цукерак перад сном.

Не піце на ноч каву без кафеіну, у ёй усё роўна змяшчаецца некаторая колькасць гэтага рэчыва, якое бадзёрыць. Лепш выпіць перад сном травяную гарбату, якая супакойвае.

Калі пры заварванні гарбаты вы выбралі правільны набор траў, то зможаце адчуць на сабе проста ашаламляльны эфект. Некаторыя травы здольны супакоіць нервы, аднавіць духоўную раўнавагу або непасрэдна валодаюць пэўным снатворным уздзеяннем. Самым аптымальным для добрага сну будзе заварванне мелісы, хмелю, пасіфлоры, зверабою, валяр’яну. Аднак трэба асцярожна піць перад сном чорны чай, таму што ён, як і кава, змяшчае кафеін, здольны стымуляваць нервовую сістэму.

Ну і напрыканцы варта згадаць пра памылковую думку, што алкаголь — лепшае снатворнае. Пры абмежаваным ужыванні моцныя алкагольныя напіткі здольны зрабіць чалавека вялым. Аднак калі перавысіць пэўную норму, то можна дабіцца адваротнага эфекту — да пачашчанага сэрцабіцця і неспакою ў пасцелі.

Піва змяшчае хмель, які можа супакойваць, толькі ці прымусіш каго піць гэты напітак цёплым. Пры ўжыванні халоднага піва арганізм будзе старацца выпрацоўваць больш цяпла, каб сагрэцца, і заснуць у вас наўрад ці атрымаецца.

Аднак, што б вы ні елі перад сном, варта памятаць, што нельга класціся спаць раней, чым за дзве гадзіны пасля апошняга прыёму ежы, таму што гэта можа негатыўна адбіцца на працэсе засынання.

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.