Сярод падлеткаў зараз стала модным хваліцца, што яны мала спяць, гадзінамі ўначы маюць зносіны ў сацсетках, а раніцай п’юць каву, каб прачнуцца. Дзеці не хочуць разумець, што пры недасыпанні (а ўрачы раяць: у 7—10 гадоў неабходна спаць 10 гадзін, 10—14 гадоў — 9 гадзін, 14—18 гадоў — не менш за 8 гадзін у суткі) цяжэй сканцэнтраваць увагу, запамінаць інфармацыю на ўроках, зніжаецца працаздольнасць, пагаршаецца каардынацыя рухаў, а значыць, павялічваецца траўманебяспечнасць — у любым выпадку церпіць здароўе.
Што ж перашкаджае высыпацца нашым дзецям, калі са здароўем у іх усё ў парадку? Бацькі скардзяцца, што паўнацэннаму адпачынку перашкаджае вялікая нагрузка ў школе, плюс дадатковыя заняткі або фізічная нагрузка (заняткі спортам), хваляванне і страх перад экзаменамі, праблемы ў школе ці дома. А магчыма, наадварот, дзіцяці не хапае фізічнай актыўнасці, прагулак на свежым паветры, збалансаванага харчавання? Напрыклад, мае знаёмыя выпадкова заўважылі, што іх сын-падлетак не можа заснуць, таму што цішком уключае планшэт і гуляе з позняга вечара да глыбокай ночы. Яму гэта дазвалялася ў час канікул і ў выхадныя дні, у выніку спрацавала звычка засынаць пазней кожны дзень — у выхадныя дні ён высыпаецца, а сярод тыдня ў школу ідзе “разбіты” і сонны. А ці ведаеце вы, на якіх сайтах “завісае” ваша дзіця?
Падлеткавы ўзрост — складаны перыяд перабудовы ўсяго арганізма, ператамленне або недастатковы сон могуць выклікаць збой у імуннай сістэме, таму бацькам неабходна ўдзяляць пільную ўвагу не толькі рэжыму адпачынку і харчавання падлетка, а пастарацца сфарміраваць у дзіцяці патрэбу быць здаровым, прывіць навыкі здаровага ладу жыцця. Нізкая рухальная актыўнасць цяперашняй моладзі, лішняя вага не надаюць здароўя, паўнацэннага сну і адпачынку. Кожнаму зразумела, што, калі дзіця праводзіць вечар, лежачы на канапе (у адной руцэ — булачка з каўбасой, а ў другой — планшэт або мабільны тэлефон), яно стане “савой” і засынаць будзе толькі бліжэй да раніцы. І колькі ж гадзін на сон у яго застанецца?
Зносіны ў інтэрнэце вельмі важныя для нашых школьнікаў, асабліва старшакласнікаў, і пераканаць іх угаворваннямі “Ператамленне і недасыпанне шкодна!” або адключэннем ад сеткі складана. Дзеці, асабліва падлеткі, маюць патрэбу ў нашай падтрымцы і ўвазе, нягледзячы на дэманстратыўную самастойнасць. Толькі ў сям’і, на ўласным прыкладзе, дарагія бацькі, можна пераканаць, што здароўе важна шанаваць. Неабходна наладзіць правільны распарадак дня дзяцей і ўсёй сям’і, плануючы нагрузкі дзіцяці так, каб не прыйшлося прыносіць у ахвяру сон і адпачынак, арганізоўваць збалансаваны рэжым харчавання і не забываць аб прагулках на свежым паветры, пешшу ці на веласіпедах. Можна наведваць басейн, разам паехаць на дачу або пайсці ў тэатр. Галоўнае — планаваць усе мерапрыемствы і вырашаць, што важней, трэба разам, выключаючы тое, што перашкаджае. Напрыклад, дамовіцца за 1—2 гадзіны да сну адключаць гаджэты або не быць фанатамі ўсіх запар дадатковых заняткаў, факультатываў і гурткоў, прад’яўляючы да дзяцей завышаныя патрабаванні, а, уважліва выслухаўшы, выбраць тыя, якія цікавыя і патрэбныя для вашага школьніка.
Прагулка перад сном, выкананне рэжыму праветрывання ў пакоі, дзе спіць дзіця, чысціня і ўтульнасць, добрыя, даверлівыя адносіны ў сям’і — усё гэта спрыяе выдатнаму настрою, добраму навучанню, здароваму сну і адпачынку. Магчыма, прыйдзецца забыць пра асабісты вольны час, адмовіцца ад нечага, што ўжо стала звычайным — любімы серыял ці інтэрнэт, менш мець зносіны з сябрамі і больш часу ўдзяляць дзіцяці, але ваш бацькоўскі клопат і любоў не будуць марнымі. Час праляціць хутка, усяго некалькі гадоў — і вы будзеце ганарыцца здаровым і разумным выпускніком.
Усё можна паправіць, калі дзіця заровае, аднак, калі праблема зацягваецца і адчуваеце, што дзіця не можа само справіцца, страчвае цікавасць да чаго б там ні было, а стомленасць становіцца хранічнай, аж да дэпрэсіўнага стану, — паходу да ўрача не пазбегнуць.
Надзея НЕСЦЕРАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.