Падчас мінулага прэс-туру на Браслаўшчыну ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра мы ўбачылі, напэўна, адно з самых нестандартных рашэнняў у афармленні метадычнага кабінета. Гарманічны дызайн памяшкання, у цэнтры — стол на 12 месцаў, мінімум неабходнай медыятэхнікі і, на першы погляд, нават вучэбна-метадычных матэрыялаў (што на справе не так — проста большасць знаходзіцца ў шафах, на якія не адразу звяртаеш увагу), а на ўсёй астатняй свабоднай прасторы пануюць хатнія расліны. Іх тут больш за 300 — вялікіх і мініяцюрных, з яркімі кветкамі, шыкоўнай зелянінай розных форм і адценняў… Пацікавіліся ў кіраўніка педкалектыву Анатоля Невярковіча, хто даглядае ўсю гэтую раслінную раскошу. Адказ быў нечаканы: не настаўнік біялогіі з вучнямі, нават не аб’яднанне па інтарэсах ці творчая група работнікаў школы — кветкамі ў метадычным кабінеце займаецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Струкава. Між іншым па адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Нядаўна мне пашчасціла бліжэй пазнаёміцца з Людмілай Уладзіславаўнай. Размова, канечне ж, не абмінула захаплення маёй суразмоўніцы — раслін і кветак.

—У школе працую з 1993 года, — расказала педагог. — Раней тут вучылася, потым вярнулася сюды ўжо ў якасці настаўніка і больш месца працы не мяняла. У юнацтве спачатку збіралася стаць настаўніцай біялогіі і хіміі, паступіла на вячэрняе аддзяленне профільнага факультэта, але так атрымалася, што не было ў мяне тады магчымасці вучыцца. У другі раз, калі давялося паступаць, прызадумалася: кім усё ж я хацела б сябе бачыць у школе? Выбрала беларускую мову і літаратуру.
У школе вучылася старанна, таму пераключыцца было нескладана. Цяпер магу ўпэўнена сказаць: выбар зроблены правільны. Люблю свой народ, мову, родную зямлю, усё, што звязана з маімі каранямі. Заўсёды дзецям стараюся данесці: любы народ мае свае адметныя, вельмі каштоўныя культуру, менталітэт, нацыянальныя традыцыі, а яны закладзены ў мове. Я родам з вёскі, мне гэта ўсё вельмі блізка, і цікавасць да расліннага свету адтуль. З пераходам на пасаду намесніка дырэктара ў 2006 годзе даводзіцца сумяшчаць настаўніцтва з адміністрацыйна-метадычнай дзейнасцю — гаспадарка немалая, цяжкавата стала выкройваць гадзіны на кветкі, бо іх даглядаю для душы, у вольны ад работы час. Нават сядзець дома, ведаючы, што ты нешта не паліў, для мяне немагчыма — адразу іду паліваць. Яны ж усе мае, любімыя, уласнаручна вырашчаныя, гадамі выпеставаныя.
Вясковае дзяцінства, як трапна заўважыла Людміла Струкава, практыка-арыентаванае: дзеці яшчэ не ходзяць у школу, аднак вельмі многае ведаюць пра расліны. Тым больш што ў доме будучай настаўніцы заўсёды было вельмі многа кветак, у свой час імі займаліся яе маці і бацька, цяпер — брат, сястра, таму і хобі, атрымліваецца, сямейнае. У Людмілы Уладзіславаўны дома таксама круглы год кветкавае царства.
— Такая праблема заўсёды: заводжу адну нейкую расліну, падабаецца яна — значыць, мне трэба, каб была цэлая калекцыя, — усміхаецца кветкавод. — Паступова мае калекцыі ў доме перасталі змяшчацца і часткова перасяліліся ў школьны кабінет. Праз некаторы час запаланілі і яго. Я на той час была класным кіраўніком у 32 хлопчыкаў і дзяўчынак, многія з таго выпуску ўжо сваіх дзяцей у школу прывялі. Кветкі ў нашым класе стаялі ўсюды, дзе толькі можна. Кабінет знаходзіўся на трэцім паверсе, і, здаралася, у цёплую пару года праз расчыненыя вокны ластаўкі заляталі — не палохаліся, пачувалі сябе, нібы на прыродзе; мы ж, затаіўшы дыханне, за імі сачылі. Бацькам, дзецям мае расліны прыйшліся даспадобы. Калегі здзіўляліся: навучэнцаў многа, а парадак у класе, усё стаіць на месцы, не ламаецца і не б’ецца — як мне гэта ўдаецца? Сакрэт просты: мае вучні палюбілі кветкі. А яшчэ ў нас было непарушнае правіла: сапсаваў адну кветку — наўзамен прыносіш дзве. Аднойчы дырэктар прапанаваў паказваць калекцыю раслін гасцям школы. Я ў адказ: “У такім выпадку трэба мець большае па плошчы памяшканне”. Вынік вы бачылі.
Метадычны кабінет ніколі не пустуе: тут праходзяць пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў, перыядычна заглядваюць групы педагогаў абмеркаваць надзённыя пытанні, адбываюцца сустрэчы і гутаркі з бацькамі, праводзяцца індывідуальныя заняткі з навучэнцамі і заняткі ў малых падгрупах — напрыклад, па замежнай мове. Тут прымаюць гасцей школы падчас раённых і абласных мерапрыемстваў, сюды накіроўваюцца экскурсіі бацькоў і навучэнцаў. У абласным конкурсе сярод кветкаводаў устаноў адукацыі школа на роўных спаборнічала з прадстаўнікамі экалагічных аддзелаў устаноў дадатковай адукацыі і заняла трэцяе месца. А вось якія кветкі ў яе самыя любімыя, гаспадыня кабінета не можа вызначыць. Прызнаецца, што любіць усё ў аднолькавай ступені. Дадае: важна, каб яны былі дагледжаныя, мелі сакавіты зялёны колер, вылучаліся сваёй адметнасцю. Пераконвае: любая расліна ў гаспадарлівых, умелых і добрых руках вырастае непаўторна прыгожай.
— Напэўна, напачатку мне найбольш цікавыя былі сенполіі, — узгадвае Людміла Уладзіславаўна. — У нас кветку часцей называюць узамбарскай фіялкай, цяпер іх у калекцыі больш за 40 розных відаў. Потым быў перыяд, калі зацікавілі зялёныя расліны з вялікімі лістамі: дыфенбахіі, папараці, манстэры. І аспарагусы, фікусы, бягоніі разнастайныя пачалі збірацца — кветкі майго дзяцінства. Ну а тады ўжо дайшла чарга да экзатычных раслін, якіх у мяне ніколі не было: кактусаў, адэніумаў, іншых сукулентаў… Ёсць такая разнавіднасць — эсхінантус Лоба, хоі розныя — тры-чатыры віды, ктананта Апенгейма, магутныя ліяны філадэндраны, цыкламены, аглаанемы, архідэі, тэтрастыгма — расліна якраз распаўсюджаная, але перспектыва для азелянення ў яе надзвычай вялікая: можа за сезон да пяці метраў вырасці. Клерадэндрум Томпсана — расліна прыгожая, крыху капрызная і догляду патрабуе асаблівага. Люблю зеляніну, бо яна стварае аб’ём. Папараці ў мяне звісаюць да зямлі, ім прыкладна па 10—11 гадоў. Ёсць расліны, якія вырастаюць вельмі хутка, як дыфенбахіі. Такую ж аб’ёмную, фонавую ролю адыгрываюць вялікія баршчэўнікалісныя бягоніі. Тое, што прыцягвае ўвагу, цешыць вока — гэта сенполіі, рознакаляровыя дзекабрысты (шлюмбергеры) з адценнямі ад чырвонага і аранжавага да ружовага і белага. Калі яны зацвітаюць у лістападзе — карціна незабыўная. Цяпер, між іншым, у мяне хоя цвіце — увесь кабінет напаўняе яе саладкаваты водар.
Даглядаць кветкі Людміла Струкава, па яе словах, вучылася ўсё свядомае жыццё і працягвае вучыцца. На сённяшні дзень гэта зрабіць нескладана — любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце, а раней, у 90-я гады, скрупулёзна рабіла выразкі з газет і часопісаў, знаходзіла парады чытачоў, паступова назапашвала вопыт. Безумоўна, важныя і падкормка, і паліў, і апрацоўка ад шкоднікаў, і мноства іншых нюансаў. Так, сенполіі навучылася паліваць дазіравана ў паддон з дапамогай вялікага шпрыца: калі зялёная маса добрая, кветак дастаткова, то сто грамаў, маладзейшая расліна — ад 50 да 80 грамаў. У паддон паліваць зручна і практычна: не трэба прыбіраць кавалачкі глебы ды пацёкі вады. Фіялкі пры такім доглядзе цвітуць дзесяць месяцаў і два адпачываюць. Падобны індывідуальны рэжым паліву для кожнай кветкі: па-рознаму, у розны час, з рознай дазіроўкай і перыядычнасцю — апошняя складае ў сярэднім летам двойчы, зімой — адзін раз на тыдзень.
— Падкормку праводжу жоўтым крысталонам, зялёным крысталонам, іншымі карыснымі рэчывамі: летам — штотыдзень, зімой — прыкладна раз на 2 тыдні, — працягвае Людміла Уладзіславаўна. — Спецыяльна ўзяла мікраскоп з кабінета біялогіі, каб можна было разглядаць усю тую жыўнасць, што за лета праз адчыненыя вокны налятае ў кабінет. Апазнаю шкодніка — пачынаю лячыць. Сродкі для апрацоўкі набываю ў нашым мясцовым магазіне, прымяняю строга пад запіс — гэта істотны момант. Запомнілася эпапея барацьбы са шчытоўкай. Пасялілася яна ў кучаравай папараці, крыху перайшла на суседнія кветкі. Не адразу і не хутка, але ж вывела. Было нашэсце павуціннага кляшча, цыкламенавага кляшча — таксама справілася. Трэба сказаць, цыкламенам зімой цёпла ў кабінеце: яны патрабуюць дадатковай прахалоды, нават снег падкладаць пад клубні ім добра. Сенполіі і цыкламены дапамаглі мне знайсці аднадумца сярод вучняў. Увогуле, дзеці ахвотна мне дапамагаюць, аднак гэта толькі разава, па неабходнасці ці пры вялікім жаданні: на тое, каб узяцца весці гурток, у мяне нестае, на жаль, сіл і часу. А тут была па справах у школьным інтэрнаце і ўбачыла на падаконніку шыкоўныя, даволі складаныя ў вырошчванні і рэдкія кветкі. У мяне адразу ж пытанне: чыіх рук справа? Высветлілася, што кветкамі захапляецца навучэнец, які прыйшоў да нас у 10 клас з вясковай школы, Максім Крычалаў. Пазнаёміліся, пагутарылі — і я была ўражана яго ведамі, здольнасцямі. Не магу сказаць, што мы сумесна займаемся кветкаводствам, але супрацоўніцтва наладзілі добрае — абменьваемся рознымі раслінамі, прычым яму цікавей вырасціць новую з насення, лісточка, маленькага чаранка. Хлопец ужо ў 11 класе і рыхтуецца да паступлення на аграрную спецыяльнасць — спадзяюся, не перадумае.
Прырода абнаўляецца ўвесну. Так склалася, што звычайна над абнаўленнем сваёй калекцыі Людміла Струкава таксама шчыруе вясной. Прыглядаецца да раслін на спецыялізаваных сайтах, выпісвае штосьці з прыватных калекцый. Бывае, калегі, знаёмыя прыносяць “новенькіх”. Характэрны прыклад: прыгажуня цырапегія запляла ўсю стойку — а прынеслі некалі для разводу парастак на тры лісточкі.
— Ведаеце, на мой погляд, расліны, няхай і па-свойму, адчуваюць усё вакол сябе, — лічыць наша гераіня. — Мы часта не заўважаем у штодзённай мітусні таго, што, па сутнасці, адбываецца на вачах. Некалі калекцыю складалі выключна высаджаныя і вырашчаныя мной расліны. Потым час ад часу людзі пачалі прапаноўваць: забярыце кветку да сябе, у вас ёй будзе лепш. Адаптавала адну, другую, трэцюю… І хачу сказаць, што ў некаторых раслін, як у людзей, ёсць лёс. Напрыклад, была ў чалавека любімая кветка, вялікая вырасла. Гаспадар пайшоў з жыцця, расліне месца не знайшлося — аддалі мне. Чалавека няма некалькі гадоў, а расліна жыве — і жывая пра яго памяць. Альбо яшчэ гісторыя: хацела я рускус завесці і ніяк не магла знайсці. Аднойчы іду і вачам не веру: на сметніку ляжыць выкінуты рускус. Забрала. Гэтая расліна ўвогуле марудна расце, а тут з удзячнасцю дванаццаць стрэлак пусціла, лісты распусціла! Падобных раслін са сваім лёсам у мяне многа.
У школе ў Людмілы Уладзіславаўны падабралася каманда аднадумцаў. Кветкі ўпрыгожваюць кабінеты, калідоры, фае… Нядаўна нарадзіўся новы ўнутрышкольны стандарт: для раслін цяпер плятуць спецыяльныя кашпо з папяровай лазы, ствараюць прыгожыя кампазіцыі.
І ў завяршэнне — некалькі парад Людмілы Струкавай пачынаючаму кветкаводу-аматару. Абавязкова вызначыце, на якім баку свету размяшчаюцца вокны: у раслін розная патрэбнасць у асвятленні, і жорстка будзе проста прынесці кветку і паставіць на падаконнік, каб потым здзіўляцца: што ёй не падабаецца, грунт у магазіне набыты спецыяльны, паліваю і падкормліваю правільна, чаму дрэнна расце і не цвіце? Вырашыце, чаго больш хочацца бачыць у калекцыі: экзотыкі, зеляніны ці яркіх фарбаў, адпаведна падбярыце кампазіцыю згодна з перыядычнасцю цвіцення. І, галоўнае, любіце расліны — тады яны ўдзячна адплацяць вам сваёй прыгажосцю.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена браслаўскай сярэдняй школай № 2.