Мама, ты мяне не разумееш…

Сям’я — гэта цэлы свет, у якім дзіця жыве, дзейнічае, робіць адкрыцці, вучыцца любіць, ненаві­дзець, радавацца, спачуваць. Уплыў бацькоў на развіццё дзіцяці вельмі вялікі.

Жыццё і навука даказалі, што ўсе беды ў дзяцей, а потым і ў дарослых тлумачацца памылкамі сямейнага выхавання, галоўная з якіх — адсутнасць любові і няўмен­не хваліць і падтрымліваць сваіх дзяцей. Самае галоўнае для дзіцяці, каб яго любілі такім, якое яно ёсць.

Калі дзеці апынаюцца ў пэўных сітуацыях, яны вучацца жыць у жыцця.

  1. Дзіця пастаянна крытыкуюць, яно вучыцца… (крытыкаваць і абмяркоўваць іншых людзей, ненавідзець).
  2. Дзіця жыве ва ўмовах варожасці і злосці, яно вучыцца… (быць злым, агрэсіўным).
  3. Дзіця жыве ва ўмовах сораму і збянтэжанасці, пастаянна чуе папрокі, яно вучыцца… (жыць з пачуццём віны).
  4. Дзіця жыве ва ўмовах разумення і дружалюбнасці, яно вучыцца… (знаходзіць любоў у навакольным свеце).
  5. Дзіця падтрымліваюць у справах, перажываннях, цяжкасцях, яно вучыцца… (цаніць сябе).
  6. Дзіця часта хваляць, яно вучыцца… (быць удзячным).
  7. Дзіця бачыць адносіны, якія грунтуюцца на шчырасці, яно вучыцца… (быць справядлівым).

Разгляд вынікаў анкетавання падлеткаў

Па выніках анкетавання 63% падлеткаў лічаць, што бацькі несправядлівыя ў адносінах да іх.

На думку навучэнцаў, несправядлівасць заключаецца ў наступным:

* бацькі больш заўважаюць няўдачы, чым поспехі;

* бацькі не выслухоўваюць;

* бацькі кажуць, што я раблю штосьці не так;

* не разумеюць маю творчасць;

* у спрэчках і канфліктах заўсёды падтрымліваюць братоў і сясцёр, а не мяне;

* не дазваляюць дапазна гуляць на вуліцы;

* не дазваляюць гуляць у камп’ютарныя гульні, ся­дзець у інтэрнэце столькі часу, колькі хочацца.

У любой сям’і адбываюцца канфлікты паміж бацькамі і дзецьмі. Галоўныя прычыны канфліктаў, на думку навучэнцаў, гэта:

* непаразуменне з боку бацькоў;

* асаблівасці пераходнага ўзросту, перамена настрою;

* недахоп часу для зносін з дзецьмі;

* розныя пакаленні, а праз гэта канфлікты;

* крытыка бацькамі інтарэсаў і захапленняў дзяцей;

* пытанні школы, паспяховасці;

* празмерны бацькоўскі кантроль;

* навязванне сваёй думкі;

* непаслухмянасць дзяцей;

* бацькі не ўмеюць, не могуць і не хочуць выслухоўваць дзяцей;

* іх работа;

* неадабрэнне дзеянняў і мэт дзяцей.

“Правільны” ўзрост, калі дзіця ва ўсім слухаецца дарослых, працягваецца да 10—11 гадоў. У 7—10 гадоў маленькі чалавек ва ўсім пераймае паводзіны старэйшых настаўнікаў. Зусім іншая справа — старэйшы падлетак, які ўступіў у перыяд ад 13 да 15 гадоў.

Асаблівасці падлеткавага ўзросту

* Усебаковае палавое сталенне, якое суправаджаецца хуткім фізічным ростам, зменай росту і вагі, зменай прапорцый цела.

* Узрастае цікавасць да супрацьлеглага полу.

* Цяжкасці ў кровазвароце галаўнога мозгу, функцыянаванні лёгкіх, сэрца, звязаныя з хуткім ростам органаў і перабудовай арганізма.

* З’яўляецца здольнасць лагічна мысліць, фантазіраваць (у дзяцей малодшага ўзросту няма такіх здольнасцей, яны развіваюцца з цягам часу). Менавіта таму ў падлеткавым узросце дзеці часта пачынаюць займацца творчасцю: малююць, пішуць вершы, цікавяцца філасофскімі тэмамі.

* З’яўляецца ўменне суперажываць, самі перажыванні становяцца глыбейшымі, пачуцці — мацнейшымі.

* Зносіны з равеснікамі становяцца неабходнасцю, яны даюць магчымасць выказаць эмоцыі, падзяліцца думкамі, а таксама фарміруюць нормы паводзін у грамадстве.

* Зносіны з бацькамі і сваякамі адыходзяць на другі план.

* З’яўляецца патрэба ў прыналежнасці да якой-небудзь групы падлеткаў, у прыватнасці якая аддае перавагу пэўным элементам адзення, моўным зваротам і г.д. Пры гэтым тых, хто не мае такіх прыкмет, могуць не прыняць у групу.

* Жаданне прыняць на сябе абавязкі і правы дарослых.

* Фарміраванне самаацэнкі дзіцяці, здольнасць прыняць свае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы, у тым ліку ў валявой сферы.

Асноўныя складанасці падлеткавага ўзросту

* Нязграбнасць. У сувязі з паэтапным ростам арганізма (спачатку растуць кісці рук і ног, потым — канечнасці і ў апошнюю чаргу — тулава), многія падлеткі становяцца нязграбнымі і камплексуюць праз гэта.

* Частая змена настрою і фізічнага стану, якія ўзнікаюць у арганізме ў сувязі з ростам унутраных органаў.

* Напружаныя адносіны з бацькамі, пазбяганне адносін з імі. Напружаныя адносіны ўзнікаюць у выпадках, калі бацькі не гатовы ставіцца да падлетка як да самастойнага, дарослага чалавека, паважаючы яго погляды і пачуцці.

* Раздражняльнасць, запальчывасць, павышаная ўзбуд­лівасць, якая ў спалучэнні з бурнай энергіяй і актыўнасцю пры недастатковай вытрымцы часта прыво­дзіць да непажаданых учынкаў, парушэнняў дысцыпліны і нават прававых парушэнняў і злачынстваў.

Аднак падлеткавы ўзрост — гэта не нейкі інвалідны ўзрост. Наадварот, гэта ўзрост кіпучай энергіі, актыўнага ладу жыцця. Але менавіта ў гэты час у падлеткаў ярка праяўляецца імпульсіўнасць, якая з’яўляецца сігналам унутранага няшчасця.

Менавіта ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах імпульсіўнасць праяўляецца асабліва ярка. У падлеткаў імпульсіўнасць з’яўляецца вынікам павышанай эмацыянальнай узрушанасці, характэрнай для гэтага ўзросту. Коль­касць імпульсіўных дзеянняў дарослых узрастае тым часцей, чым больш яны хочуць гэтыя дзеянні спыніць. Пасля кожнай успышкі імпульсіўных паводзін бацькі раскайваюцца, вырашаюць змяніцца: “У наступны раз не сарвуся, буду размаўляць з сынам ці дачкой, а не крычаць, крыўдзіць і караць…” Але ў наступны раз усё паўта­раецца. Акрамя таго, імпульсіўнасць бацькоў перадаецца дзецям.

Што ж рабіць? Ці ёсць выйсце з такой няпростай сітуацыі?

Цяжкасці паводзін і характару дзяцей не ўзні­каюць самі па сабе. Яны заўсёды выклікаюцца праблемамі дарослых. Калі дзіця становіцца нязносным, карысна ўспом­ніць, што дзяцей не прыносіць бусел. Універсальнага сродку, здольнага папярэдзіць крызісныя сітуацыі з дзецьмі, няма. Аднак можна абазначыць тое, чаго ў адно­сінах да дзяцей трэба старацца пазбягаць.

Восем “не” для бацькоў

* Не запужвайце, не пагражайце дзіцяці — атрыманая такім чынам паслухмянасць падрывае веру дзіцяці ў сябе і вашу любоў.

* Не выкарыстоўвайце насілле — насілле заўсёды ўзнаўляецца.

* Не правакуйце, не шантажыруйце, не падкупляйце дзіця — вы даяце тым самым яму ўрок маніпулявання людзьмі і пачуццямі.

* Не ацэньвайце, не параўноўвайце дзіця з іншымі — прымайце яго такім, якое яно ёсць.

* Не стрымлівайце сваіх пачуццяў — старайцеся прытрымлівацца пры гэтым прынцыпу “тут і цяпер”: пачуцці, выказаныя потым ці авансам, рэдка бываюць шчырымі.

* Не замоўчвайце праблемы і канфлікты — выказвайцеся самі і абавязкова выслухоўвайце дзяцей.

* Не прыносьце ахвяр — дзіцяці не можа быць добра, калі дрэнна вам.

* Не адхіляйце дзіця, як бы цяжка яно ні правінілася.

Чалавек, які сталее, спрабуе рабіць наперакор таму, што патрабуюць правілы ці прапаноўваюць дарослыя. Непакорлівасць — гэта своеасаблівая проба пяра. Падлетак заняты важнай работай — выхаваннем у сабе незалежнасці, самастойнасці. Натуральна, што такая работа не адбываецца без ускладненняў і памылак.

На гэтым этапе бацькі не пазнаюць сваё дзіця — настолькі моцна яно мяняецца. Ад амаль поўнай паслухмянасці, уласцівай малым дзецям, падлеткі часта перахо­дзяць спачатку да стрыманай непаслухмянасці, а потым і да схаванага непадпарадкавання бацькам. Калі раней дзіця глядзела на свет вачыма сваіх бацькоў, то цяпер, у падлеткавым узросце, у яго выбудоўваецца паралельная сістэма каштоўнасцей і поглядаў на свет. Яна часткова перасякаецца з пазіцыяй бацькоў, а часткова — з поглядамі равеснікаў. Падлетак хоча як мага хутчэй стац­ь дарослым, імкнецца да самасцвярджэння.

Дарослае жыццё — гэта не толькі ўзроставы перыяд, але і ўдзел у працы, у выкананні сямейных абавязкаў. Аднак без належнай падрыхтоўкі да дарослага жыцця, у тым ліку і да сямейнага, падлеткавы перыяд можа стаць часам страчаных магчымасцей.

Для паспяховага вырашэння ўсіх задач і пераадолення цяжкасцей падлеткавага ўзросту вельмі важна захоўваць правільны распарадак жыцця падлетка, строгі рэжым яго працы, сну, адпачынку і харчавання, рэгулярна займацца фізкультурай і спортам. Вельмі важнай з’яўляецца максімальная загрузка падлетка добрымі справамі (заняткі ў спартыўнай секцыі, у розных гуртках, у калектыўных творчых справах).

Практыкаванне “Здорава!”

Прапанаваць бацькам назваць адно ўменне ці талент, якім валодае іх дзіця (хутка бегае, хутка чытае, добра спявае, танцуе і г.д.). Астатнія ўдзельнікі (бацькі) адказваюць: “Здорава!”

Прытча “Два ваўкі”

Калісьці даўно дзядуля адкрыў свайму ўнуку адну жыццёвую ісціну:

— У кожным чалавеку ідзе барацьба, вельмі падобная да барацьбы двух ваўкоў. Адзін воўк уяўляе зло: зайздрасць, рэўнасць, жаль, эгаізм, падман. Другі воўк уяўляе дабро: мір, любоў, надзею, ісціну, дабрыню і вернасць.

Унук, уражаны да глыніні душы словамі дзеда, задумаўся, а потым спытаў:

— А які воўк урэшце перамагае?

Стары ўсміхнуўся і адказаў:

— Заўсёды перамагае той воўк, якога ты корміш.

Амерыканскі педыятр Бенджамін Спок казаў: “Любіце ваша дзіця такім, якое яно ёсць, і забудзьце пра якасці, якіх у яго няма… Вынік выхавання залежыць не ад ступені строгасці ці мяккасці, а ад вашых пачуццяў да дзіцяці і ад тых жыццёвых прынцыпаў, якія вы яму прывіваеце”.

Падрыхтавала Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля.
Фота Лізаветы КАСТЭНКА і з інтэрнэту.