Запас на год

Лета — самая чаканая пара для школьнікаў. І ў школу хадзіць не трэба, і забавы выбірай, якія хочаш (нават на каньках і лыжах пакатацца можна, толькі што не па снезе, а па асфальце). Дзеці раз’язджаюцца ў аздараўленчыя летнікі, лагеры працы і адпачынку, у вёску, на мора, а нехта застаецца ў горадзе. Аднак у любым выпадку час можна правесці не толькі цікава, але і карысна, і задача дарослых — дапамагчы дзецям у гэтым.

Летняй парой цудоўна займацца загартоўваннем. Пачынаць яго трэба з паветраных ваннаў, прытрымліваючыся прынцыпаў паступовасці і рэгулярнасці.
Пачынайце з 2—5 хвілін і паступова павялічвайце час на 2—3 хвіліны — да 40 хвілін — 1 гадзіны. Лепшыя ўчасткі для загартоўвання зацененыя, з зялёнымі пасадкамі: парк, лес, садовы ўчастак. Памятайце, што нашча гэтая працэдура не робіцца. Аптымальны час для прыняцця паветраных ваннаў пры тэмпературы 20—22°С — з 9 да 18 гадзін. Рабіць гэта лепш у руху, а таму можна бегаць, скакаць, працаваць у агародзе. Працэдуру можна праводзіць і ў сырое ветранае надвор’е, але тады трэба скараціць яе працягласць.
Добры загартовачны эфект маюць сонечныя ванны. Іх таксама лепш прымаць у руху, абавязкова прыкрыўшы галаву і абараніўшы вочы сонцаахоўнымі акулярамі. Сонечныя ванны лепш прымаць раніцай. Першыя сонечныя ванны не павінны перавышаць 10—15 хвілін, паступова час знаходжання на сонцы можна давесці да 1—1,5 гадзіны. Максімальны час, які можна праводзіць на сонцы, — 3—4 гадзіны з 15—20 — хвіліннымі перапынкамі пасля кожнай гадзіны апраменьвання. Не забывайце і пра пітны рэжым: ужывайце ваду, чай, кампот. Газіраваныя напіткі і салодкія сокі непажаданыя.
Водныя працэдуры найбольш інтэнсіўная загартовачная працэдура. І, канечне, лета асабліва спрыяльны час для пачатку загартоўвання вадой.
Пры такім загартоўванні рэкамендуюцца абціранне, абліванне, душ і купанне.
Абціранне — пачатковы этап загартоўвання вадой. На працягу некалькіх дзён абціраюцца ручніком, губкай або проста рукой, змочанай у вадзе. Спачатку гэтую працэдуру праводзяць толькі па пояс, пазней пераходзяць да абцірання ўсяго цела. Пасля абцірання вадой насуха расціраюць ручніком да пачырванення шыю, грудзі, рукі і спіну. Уся працэдура, уключаючы расціранне, не павінна перавышаць 5 хвілін.
Абліванне — наступны этап. Пачынаць водныя працэдуры трэба з тэмпературы вады +33 — +34°С. Затым кожныя 3—4 дні тэмпературу зніжаюць на 1°С і паступова за 1,5—2 месяцы даводзяць яе да +16 — +15°С. У спякоту тэмпература можа быць яшчэ ніжэйшая, але, чым халаднейшая вада, тым карацейшы павінен быць час працэдуры. Працягласць працэдуры 3—4 хвіліны. Добра, калі дзіця да і пасля аблівання 10—15 хвілін пабудзе на сонцы распранутым.
Калі там, дзе адпачывае дзіця, ёсць летні водаправод, можна ў спякотныя дні ўсталяваць распырсквальнік, які распырсквае ваду да дробных кропель, і дазваляць дзецям бегаць і гуляць пад такім душам.
Самы любімы від загартоўвання ў дзяцей — купанне ў адкрытых вадаёмах. Пры гэтым на арганізм дзіцяці ўздзейнічае не толькі вада, але і паветра, і сонца. Пачынаць купальны сезон трэба пасля папярэдніх загартовачных паветраных ваннаў. Пры купанні неабходна выконваць наступныя правілы:
— не купацца разгарачанымі, спацелымі; перш чым заходзіць у ваду, трэба спакойна пасядзець у цені 10—15 хвілін;
— не купацца нашча або адразу пасля яды;
— працягласць аднаго купання ў першы дзень 5—7 хвілін з паступовым павелічэннем у наступныя дні да 15—20 хвілін;
— у вадзе трэба актыўна рухацца: плаваць, гуляць у розныя гульні.
Для таго каб лета прынесла толькі станоўчыя эмоцыі, бацькам трэба старанна спланаваць летні адпачынак дзяцей. Гэта пачынаецца ўжо з выбару месца адпачынку. З дзецьмі да 10 гадоў лепш ездзіць на пастаянныя месцы. Чым меншыя дзеці, тым бліжэй вы павінны адпачываць да родных месцаў, пазбягаючы стамляльнага для дзіцяці падарожжа і рэзкай змены кліматычных умоў.

Марыя ГУРБО,
урач-педыятр 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.