Райскія ягады, якія дораць прыгажосць і здароўе

У Еўропу духмяная ягада трапіла ў XVI стагоддзі. Французскі афіцэр, які прывёз першыя клубніцы на радзіму з Чылі, пісаў каралеўскаму кухару: “Прывёз Яго Вялікасці плады, якія пазбаўляюць сэрца ад пакут, прычыненых дзяржаўнымі хваляваннямі. Душа ад водару гэтых ягад напаўняецца любоўю, а розум — весялосцю”. Афіцэр не перабольшваў вартасцей незнаёмых пладоў. Пазней навукоўцы ўстанавілі, што клубніцы займаюць першае месца сярод усіх ягад па колькасці жалеза, а іх пах абумоўлены наяўнасцю больш як 50 духмяных рэчываў, здольных выклікаць прыліў бадзёрасці.

Акрамя рамантычнага арэолу, клубніцы валодаюць унікальнымі карыснымі ўласцівасцямі. Па ўтрыманні вітаміну С яны саступаюць толькі чорным парэчкам. У пяці ягадах сярэдняй велічыні гэтага вітаміну столькі ж, колькі ў адным буйным апельсіне. А фоліевай кіслаты ў іх больш, чым у малінах і вінаградзе.

Акрамя таго, наяўнасць у складзе клубніц ёду кампенсуе недахоп гэтага элемента ў нашай штодзённай ежы і пітной вадзе. А яшчэ іх уключаюць у харчаванне хворых на цукровы дыябет (каля 300 г у дзень), таму што гэтая духмяная ягада не так моцна павышае цукар, як, напрыклад, адзін яблык.

Саліцылавая кіслата, якая змяшчаецца ў гэтым цудоўным падарунку прыроды, дапамагае пры болях у суставах. Клубніцы дазволяць папоўніць дэфіцыт жалеза пры малакроўі. Гэта, акрамя ўсяго іншага, і выпрабаваны сродак пры лячэнні экзэмы, скурнай высыпкі, дыятэзу, невялікіх ранак. Трэба проста нанесці кашыцу з клубніц на балючае месца.

Калі кожны дзень есці клубніцы, умацоўваюцца імунная сістэма і сценкі сасудаў. Так што ласаванне салодкімі ягадамі ў летнюю спёку забяспечвае вам здароўе ў зімовую сцюжу.

Гэтыя ягады вало­даюць вельмі магутным супрацьзапаленчым і супрацьмікробным дзеяннем. Клубніцы хутка нармалізуюць абмен рэчываў у арганізме, дапамагаюць пры сардэчна-сасу­дзiстых праблемах, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту — язве страўніка, кішэчных інфекцыях, панкрэатыце, халецыстыце.

У 100 грамах клубніц утрымліваецца: вітаміну С — 5  г, вітаміну В5 — 0,06 мг, магнію — 15 мг, калію — 156 мг, кальцыю — 24 мг, жалеза — 1 мг, фосфару — 25 мг.

Клубніцы — прыродны мачагонны сродак. Прыём нашча 4—6 сталовых лыжак клубнічнага соку дапамагае пры жоўцекамянёвай хваробе. Пры захворваннях нырак і мочаспускальнага канала рэкамендуецца ўвесь сезон есці кожны дзень па 400 грам клубніц.

Ягады клубніц і адвар з лісця нармалізуюць абмен рэчываў і ціск, пазбаўляюць ад бяссонніцы. Яшчэ клубніцы — выдатны прафілактычны сродак ад атэрасклерозу.

Хуткі клубнічны пірог

Нам трэба:

клубніцы — 400 г;

яйкі — 2 шт.;

масла сметанковае (пакаёвай тэмпературы) — 100 г;

цукар — 80 г;

мука — 180 г;

разрыхляльнік — 1 ч.л.;

соль.

У працэсе:

Клубніцы пачысціць, памыць, падсушыць. Буйныя ягады разрэзаць на 2—4 часткі. Форму змазаць маслам. Выкласці ў форму ягады раўнамерным слоем, пасыпаць цукрам (2—3 ч.л.).

У місцы міксерам змяшаць яйкі, мяккае масла, цукар і соль. Муку прасеяць, змяшаць з разрыхляльнікам. Дадаваць да яечнай сумесі невялікімі порцыямі, перамешваючы лыжкай.

Падрыхтаванае цеста выліць на клубніцы. Форму з цестам паставіць у разагрэтую духоўку на сярэднюю паліцу. Выпякаць каля 25—30 хвілін пры тэмпературы 180оС.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.