Я не мясцовая, але ўжо амаль трыццаць гадоў пражыла ў вёсцы, а зараз аграгарадку, Пятрэвічы Навагрудскага раёна. Замужам, маю дваіх дарослых дзяцей (дачушку і сынка), а зараз траіх — сын ажаніўся. Працую бібліятэкарам у мясцовай школе, і не сакрэт — чытаю “Настаўніцкую газету”. Пятрэвічы сталі малой радзімай для маіх дзяцей, якія жывуць у Навагрудку і Мінску. Як толькі з’яўляецца свабодная хвілінка, ляцяць мае дзеткі дадому, у Пятрэвічы. Ну а мы разам з бацькам з радасцю сустракаем іх!
Дык пра што я?! Сустракаю іх смачнай ядой. Ядой ад матулі.
Чацвер. Заўтра, у пятніцу, вечарам дзеткі збяруцца дома, у Пятрэвічах.
Жнівень. Зусім хутка скончыцца лета, але пара шашлычкоў, нават не пабаюся сказаць па-моднаму — барбекю (з мясца, рыбы, агародніны — для кожнага на яго густ), ніколі не скончыцца!
Давайце разам падрыхтуемся!
Першае: трэба запасціся якаснымі прадуктамі:
мясам — кавалак кумпяка (салка каб сантыметра 1,5 было) — кілаграма 1,5;
курынай грудкай — 700 г, салам — 500 г (для каўбасак); скумбрыяй — 3 штукі, а маладой бульбачкі, кабачкоў, памідораў, агуркоў і рознага зяленіва на агародзе ўжо хапае. Не забудзьце пра лідскую прыправу (яна падыдзе і да каўбасак, і да шашлыкоў).
Марыную мяса на шашлык за суткі, каб добра настаялася. Наразаю на сярэднія кавалкі, каб амаль на кожным атрымалася палоска сала, на шампурах гэта будзе выглядаць прыхожа, а шашлычок не атрымаецца сухім. Тры вялікія цыбуліны дзяру на тарцы і дабаўляю да мяса, крыху салю, дабаўляю прыправу для шашлыка (чытай склад); вымешваю — дабаўляю алей, стаўлю ў халадзільнік да вечара пятніцы! І смачна есці!
Маласольныя агуркі рыхтую ў чацвер: наразаю 1 кг агуркоў, часнок — зубкоў 6, кроп, 2 сталовыя лыжкі солі, заліваю на суткі ў закрыты кантэйнер літрам любой мінеральнай вады з газам. Хрусцець будуць — Анатольеўна гарантуе!
Час каўбасак! Спачатку працую з курынай грудкай, салам. Наразаю, дабаўляю прыправы; вымешваю, салю, пракручваю на буйную рашотку, пастаяць гадзіны дзве (набяруцца смаку) — і ў кішку. Атрымаецца каля 10 маленькіх каўбасак (у пятніцу зранку адвару, астуджу, а ў вечары на шампурах абсмажу!).
Рыбу рыхтую за гадзіны дзве да гатавання (размарожваю, разбіраю на філе, салю і пасыпаю свежамолатым перцам — на рашотцы спырсну сокам лімона).
Як забыць пра маладую бульбачку? Адварваю ў салёнай вадзе амаль да гатоўнасці, астуджаю — і на патэльню разам з цыбуляй з шашлыка. Усё гэта гатую на мангале.
Кабачкі рыхтую, як і рыбу, за гадзіны дзве. У кантэйнер наразаю круглякі па сантыметры, часначок, соль, перац, алей. Марынуйцеся!
Замарылася! Абы дзеткі не замарыліся смакату есці!
Усё — час не чакае, бацька мангал распальвае, дзеткі едуць!
Ай-ёй, амаль забылася! У пятніцу раніцай смажу до-о-обры стос звычайных тонкіх бліноў! У кожнай гаспадынькі ёсць свой сакрэт бліноў! Вечарам выкладваю імі пасудзіну для гатовых шашлыкоў — і гэта, я вам скажу, смаката! Вы ж разумееце, што нарыхтовак хапае на ўсе выхадныя.
Запіць можна — і трэба! — халодным бярозавым сокам з галінкай чорнай парэчкі. Смачна есці!..
Другім разам навучу варыць юшку ад Анатольеўны “па-пятрэвіцку”. Дай бог, на Нёман збяруся, на рыбалку!
Смачна есці!
З павагай і любоўю, Анатольеўна.
Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.