Салата “Грыбная паляна”

Вам спатрэбіцца:
марынаваныя грыбы (шампіньёны або апенькі) — 1 слоік;
адваранае курынае філе — 250—300 г;
адвараная бульба — 3—4 шт.;
адвараная морква — 1 шт. вялікага памеру;
кансерваваныя агуркі — 3—4 шт.;
вараныя яйкі — 3 шт.;
цвёрды сыр — 100—120 г;
кроп, пятрушка і зялёная цыбуля;
маянэз на смак.

Спосаб гатавання

Папярэдне адварваю моркву, бульбу ў мундзірах, курынае філе і яйкі. Глыбокую міску або кулінарнае рэгулюемае кольца, дзе гатую салату, накрываю харчовай плёнкай. Змазваю яе алеем, каб салата затым лягчэй адстала пры перамяшчэнні на плоскую талерку. Першым пластом выкладваю шампіньёны/апенькі. Наступны пласт — дробна нарэзаная зеляніна. Малюю маянэзную сетку. Адваранае курынае філе наразаю дробнымі кубікамі і раскладваю на зеляніну. Зноў малюю маянэзную сетку. Цвёрды сыр націраю на буйной тарцы і пасыпаю ім курыныя кубікі. І зноў не забываю зрабіць маянэзную сетку. Наступным пластом раўнамерна выкладваю нарэзаныя дробнымі кубікамі адвараныя яйкі. Паліваю маянэзам. Затым выкладваю кубікі кансерваваных агуркоў. Зноў сетка з маянэзу. Перадапошні пласт — адвараная морква, нацёртая на буйной тарцы, і таксама сетка з маянэзу. Завяршальным пластом з’яўляецца адвараная бульба, якую націраю на буйной тарцы. Пасля ўсіх гэтых працэдур абавязкова прыціскаю ўсю салату, каб пласты маглі “пасябраваць” паміж сабой. Наношу апошнюю сетку маянэзу і разраўноўваю з дапамогай лыжкі. Накрываю гатовую салату харчовай плёнкай і стаўлю ў халадзільнік на ноч. Раніцай/днём здымаю плёнку, накрываю страву плоскай талеркай і акуратна пераварочваю салату ўверх дном. Можна частавацца.

Таццяна МІХНЕВІЧ,
выкладчык англійскай мовы Брэсцкага дзяржаўнага ліцэя лёгкай прамысловасці.