Амерыканскі пірог: хочаш яшчэ… глыточак

Ежа — гэта не проста набор прадуктаў, якія чалавецтва ўжывае з нагоды і без, імкнучыся выконваць рэжым або насычаючы свой арганізм хаатычна і з задавальненнем. Яшчэ да Абрахама Маслоу і яго піраміды патрэб пра важнасць ежы гаварылі многія: ад Лаа-цзы да Піцірыма Сарокіна і яшчэ некалькі соцень вельмі паважаных і адукаваных таварышаў.

Так, Лаа-цзы прапаноўваў бачыць у ежы сутнасць і аснову чалавечага існавання і прама гаварыў пра тое, што якасць і мастацкае афармленне ежы дапамагае чалавеку станавіцца лепшым і палягчае магчымасці абуджэння тонкіх душэўных эманацый. Сацыёлаг Піцірым Сарокін, абапіраючыся на даследчыкаў старажытнасці, лічыў, што тое, чым мы насычаем арганізм, не толькі адкладаецца на сцёгнах і таліі, але і ўплывае на разумовую і фізічную актыўнасць. Прычым прыгожа пададзеныя стравы развіваюць жаданне расці, развівацца і атрымліваць вышэйшую адукацыю. Паміж Лаа-цзы і сучаснасцю чалавецтва знайшло для прыгожа пададзенай і якаснай ежы слова “еўхарыстыя”. У сучасным свеце ўсе кулінарныя конкурсы, рэстараны і кулінарныя кнігі можна смела аднесці да атавізму і архаічных каранёў нашага мінулага, калі чалавек жыў, еў і піў у сваё задавальненне і адпаведна дастатку, не асабліва засмучаючыся над праблемамі лішняй вагі, пераяданнем і смажанай і тлустай ежай.
Аднак былі ў гісторыі чалавецтва і светлыя пробліскі: ад іх нам засталіся здаровае харчаванне, кіпячоная вада і звычка мыць рукі перад прыёмам ежы. Дыетолагі, гісторыкі і спецыялісты па здаровым ладзе жыцця ў адзін голас сцвярджаюць, што, вывучаючы гісторыю паходжання прадуктаў і ўзнікнення дыет, можна не толькі атрымаць масу цікавых і карысных ведаў, але і распрацаваць уласную сістэму харчавання. Відавочна, гэтымі прынцыпамі і кіраваліся людзі, якія прыдумалі рэцэпт пірага, які… можна піць. Пачалася гэтая гісторыя на іншым канцы свету ў Галівудзе, які, як вядома, ніколі не спіць і працуе кругласутачна і без выхадных. Знаходзячыся пастаянна на працоўным месцы, не толькі вельмі складана выконваць прынцыпы здаровага харчавання, але часам проста немагчыма нармальна харчавацца. У ход ідуць літры кавы, бутэрброды, перакусы і іншая шкодная ежа. Кожны ратуецца як можа. Напрыклад, акцёры серыяла “Сябры” кожны здымачны дзень елі салат, спецыяльна заказваючы яго ў адным і тым жа рэстаране на працягу дзесяці гадоў.

Клубнічны чызкейк
(на дзве порцыі)

200 мл клубнічнага ёгурту (у сезон ягад бяром звычайны ёгурт + 4-5 буйных свежых ягад);
крыху менш за шклянку малака з нізкім працэнтам тлустасці;
1/2 шклянкі замарожаных ягад (у сезон мы прапускаем гэты пункт і дадаём больш свежых ягад);
3 сталовыя лыжкі мяккага тварагу;
4 сталовыя лыжкі аўсянкі хуткага прыгатавання.
Усё змешваем у камбайне 30 секунд і п’ём.
Для маскі: наносім на чысты сухі твар на 10—15 хвілін (чым больш сухая скура, тым даўжэй час).
Для ванны: пераліваем усё ў марлю або палатняны мяшочак. Трымаем пад цёплай праточнай вадой, пакуль набіраецца ванна, прымаем 15—20 хвілін.

Героі нашага аповеду прыдумалі вадкія пірагі, якія спаталяюць голад, дапамагаюць арганізму справіцца з нагрузкамі і захоўваюць фігуру пры любых абставінах.
Перш чым пачаць дзяліцца рэцэптамі, я хачу сказаць некалькі агульных слоў аб карысці аўсянкі для нашага арганізма. У склад аўса і ўсіх вытворных з яго ўваходзяць раслінны бялок, крухмал, вітаміны і мікраэлементы, што робіць прадукт незаменным у рацыёне чалавека. Харчовыя валокны, якія ўваходзяць у склад кашы, праводзяць “генеральную ўборку” арганізма, выводзячы шлакі і абсарбіруючы шкодныя рэчывы.
Па заяве Стывена Прата, найбуйнейшага спецыяліста па харчаванні і аўтара кнігі “Супережа”, геркулес — адзін з 50 прадуктаў, якія могуць значна аздаравіць арганізм і падоўжыць жыццё. Акрамя гэтага, аўсянка дапамагае ўмацоўваць імунітэт, падымае настрой і дапамагае кантраляваць пачуццё голаду. Авёс настолькі непераборлівы, што яго насенне можа перажыць практычна любую катастрофу, узысці, і вам нават удасца сабраць ураджай.

Перавернуты ананасавы пірог
(на дзве порцыі)

200 г звычайнага або ванільнага ёгурту;
100 г замарожаных або свежых ананасаў;
2 сталовыя лыжкі замарожаных або свежых вішань/чарэшань;
1 сталовая лыжка мёду;
100 мл малака (лепш абястлушчанага);
1/2 чайнай лыжкі молатай карыцы;
1/8 чайнай лыжкі мускатнага арэха;
1/8 чайнай лыжкі молатай гваздзікі;
4 сталовыя лыжкі аўсянкі хуткага прыгатавання.
Усё змешваем у камбайне 30 секунд і п’ём.
Для маскі: наносім на чысты сухі твар на 10—15 хвілін (чым больш сухая скура, тым даўжэй час).
Для ванны: пераліваем усё ў марлю або палатняны мяшочак. Трымаем пад цёплай праточнай вадой, пакуль набіраецца ванна, прымаем 15—20 хвілін.

Малодшая сястра маёй кітайскай сяброўкі, мадэль па прафесіі і эксперыментатар па натуры, прыдумала сваю формулу ідэальнай ежы, якая не толькі насычае, супакойвае, але і дапамагае заставацца ў ідэальнай форме. Яна змешвае ў тэрмасе аўсянку, ягады годжы, тры сталовыя лыжкі разынак, залівае кіпенем — і на наступны дзень гэта паўнавартасны сняданак ці вельмі здаровы перакус.
Але вернемся да пірагоў. У плане задавальнення любой чалавечай слабасці ЗША відавочна стаіць на першым месцы. Аднойчы хтосьці вырашыў, што малако, якое засталося ў кубку, пасля кукурузных шматкоў — гэта вельмі смачна. Так з’явілася гандлёвая марка, якая не толькі прадае гэтае малако ў пакетах рознай ёмістасці, але і прапануе ўсім жадаючым набор трубачак з рознымі смакамі: вы п’яце звычайнае малако з іх дапамогай — і яно становіцца шакаладным, клубнічным, ванільным і нават са смакам печыва (на ваш выбар). Другі мой любімы прыклад — гэта цеста, якое можна есці да выпечкі. Вось так немудрагеліста: хочаце — пячыце, а хочаце — ешце поўнай лыжкай і з задавальненнем.
У Каліфорніі вырашылі не разменьвацца на дробязі і стварылі калекцыю рэцэптаў выпечкі, якую можна піць, рабіць з ёй маскі, масаж і нават прымаць ванны. Аўтары гэтай калекцыі рэцэптаў сцвярджаюць, што пры рэгулярным выкарыстанні скура будзе пругкай і падцягнутай.

Бананавы хлеб
(на дзве порцыі)

2 спелыя бананы;
200 г звычайнага або ванільнага ёгурту;
1/4 чайнай лыжкі молатай карыцы;
1/8 чайнай лыжкі цёртага мускатнага арэха;
1/2 шклянкі малака (пераважна абястлушчанага);
4 сталовыя лыжкі аўсянкі хуткага прыгатавання.
Усё змешваем у камбайне 30 секунд і п’ём.
Для маскі: наносім на чысты сухі твар на 10—15 хвілін (чым больш сухая скура, тым даўжэй час).
Для ванны: пераліваем усё ў марлю або палатняны мяшочак. Трымаем пад цёплай праточнай вадой, пакуль набіраецца ванна, прымаем 15—20 хвілін.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.