Гайда ў басейн!

Фізічная нагрузка і спорт патрэбны кожнаму. Карысць ёсць і ад бегу, і ад шахмат. Любы від фізічнай культуры ўносіць свой уклад у падтрыманне здароўя чалавека. Плаванне, можна сказаць, — адмысловы від фізічнай нагрузкі, які гарманічна ўздзейнічае на ўсе групы мышцаў і ўмацоўвае здароўе, спальвае калорыі, дапамагае расслабіцца і падтрымліваць добрую фізічную форму. Ды і чаго хаваць, заняткі ў халаднаватай вадзе басейна або вадаёма даюць ні з чым не параўнальнае задавальненне. Плаванне — гэта і радасць, і карысць.

Плаванне карыснае для ўсіх органаў і сістэм жыццезабеспячэння чалавека. Яно стымулюе і ўмацоўвае імунітэт, станоўча ўздзейнічае на дыхальную і сардэчна-сасудзістую сістэму, павышае ўстойлівасць арганізма да прастудных і іншых захворванняў, з’яўляецца адным з самых простых спосабаў загартоўвання арганізма.
Наведванне басейна пазітыўна ўздзейнічае на нервовую сістэму: знімае стрэс, зараджае энергіяй, павышае працаздольнасць, спрыяе добраму сну.
Падчас плавання развіваюцца лёгкія і паляпшаецца работа дыхальнай сістэмы.
Кроў інтэнсіўна рухаецца па сасудах, стымулюючы крываток у капілярах. У выніку арганізм пачынае працаваць на поўную сілу, дыханне становіцца роўнае і глыбокае. Паветра пранікае ў кожную клетку лёгкіх, прымушаючы працаваць і ўзбагачаць кіслародам клеткі арганізма.
Плаванне — занятак агульнаўмацавальны, у ім задзейнічаны ўсе асноўныя групы мышцаў, у залежнасці ад стылю плавання. Актыўна трэніруюцца мышцы жывата, рук, плечавога пояса, сцёгнаў, ягадзіц. Акрамя мышачнай трэніроўкі, плаванне ўмацоўвае суставы, надае ім гнуткасць, асабліва гэта тычыцца сцёгнаў, шыі, рук.
Сярод пераваг плавання варта назваць зніжэнне артэрыяльнага ціску, што памяншае рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Плаванне аптымізуе сардэчны рытм і кровазварот. Зніжаецца таксама частата дыхання, узмацняецца крываток да лёгкіх — гэта самы кароткі шлях да спальвання лішніх калорый. Наогул, пры занятках аэробнымі відамі спорту арганізм выкарыстоўвае максімальную колькасць кіслароду і працуе ў аптымальным рэжыме.
Карысць плавання для мужчын бясспрэчная: яно дазваляе сфарміраваць (пры інтэнсіўных занятках) і падтрымліваць класічны Т-падобны сілуэт, пры гэтым не нарошчваючы занадта вялікай мышачнай масы, як пры сілавых занятках, бо не ўсе хочуць такога эфекту.
Некаторыя прадстаўніцы прыгожага полу шчыра лічаць, што плаванне можа сапсаваць фігуру: зробіць яе мужчынападобнай. Але 2—3 наведванні ў тыдзень прынясуць вашай фігуры толькі карысць, падцягнуць контуры і ўмацуюць мышцы.
Займаючыся ў басейне, вы дапамагаеце свайму арганізму папярэдзіць з’яўленне варыкозу або, калі вы яго ўжо набылі, палепшыць стан вен. Вада аказвае ціск на паверхню скуры, сценкі вен і сасудаў, умацоўваючы іх. Мякка масажуючы вашу скуру падчас руху, вада дапамагае пазбавіцца ад цэлюліту.
Для таго каб атрымаць гарантаваны вынік, падчас заняткаў запамінайце, колькі вы праплылі, і паспрабуйце праз 1—2 заняткі праплысці крыху больш. У ідэале вы павінны плыць усе 30 хвілін без прыпынкаў, пры гэтым можна мяняць хуткасць і стыль плавання. Хадзіць у басейн трэба не менш чым 2 разы ў тыдзень, пажадана больш.
Як вядома, практычна любая фізічная актыўнасць здольная знімаць стрэс, расслабляць і пераключаць увагу са штодзённых праблем на фізічную работу. Карысць плавання ў гэтым выпадку таксама несумненная, паколькі тут прысутнічае фізічная нагрузка, у выніку якой у кроў выдзяляюцца эндарфіны. Менавіта таму пасля плавання адчуваецца эйфарыя.
У параўнанні з наземнымі відамі спорту, у воднага ёсць свае перавагі. Пачнём з таго, што экіпіроўка для паходу ў басейн немудрагелістая і займае мала месца ў спартыўнай сумцы: плаўкі (купальнік), плавальная шапачка і спецыяльныя акуляры для плавання.
Практыкаванні ў вадзе такія ж эфектыўныя, як і на сушы. Але нагрузкі ў вадзе адчуваюцца менш.
Пасля плавання няма такіх болевых адчуванняў, як пасля бегу або скачкоў. Хадзьба і бег у неглыбокай вадзе такія ж карысныя, як і прагулкі па сушы, аднак менш траўматычныя. Супраціўленне вады робіць гэтае практыкаванне максімальна эфектыўным. Вада натуральным чынам абмяжоўвае рэзкія рухі, згладжваючы іх, робячы больш плаўнымі і спакойнымі.
Дзякуючы таму, што шчыльнасць вады больш высокая, чым шчыльнасць паветра, нагрузка, якую вы атрымліваеце ў басейне, пераносіцца значна лягчэй, а вось умацаванне мышцаў і спальванне калорый адбываецца хутчэй, чым пры занятках на сушы.
Для многіх плаванне — лепшае выйсце, калі сілавыя віды спорту проціпаказаны, ёсць праблемы з суставамі, спінай, залішняй вагой, а таксама пры цяжарнасці.
Яно дае ўнікальную магчымасць спалучаць рэлаксацыю з нагрузкай на сэрца, мышцы, суставы і нават косці. Агульнавядома, што плаванне паказана тым, хто мае праблемы з пазваночнікам, — у вадзе нагрузка на міжпазванковыя дыскі адсутнічае, а мышцы спіны пры гэтым актыўна задзейнічаны.
Асабліва рэкамендаваны басейн людзям з сядзячай работай і з невялікімі скрыўленнямі пазваночніка (скаліёзам).
Сярод распаўсюджаных страхаў наконт наведвання басейна — боязь прастудзіцца. Але прастуда можа падпiльноўваць вас і ў спякотны дзень пасля порцыі марожанага або на лёгкім скразняку. І, вядома, у марозны дзень не варта адразу, спехам выцершыся і апрануўшыся, выбягаць на вуліцу: выходзьце канчаткова сагрэўшыся і добра высушыўшы галаву.
Непрыемныя адчуванні і галаўныя болі могуць узнікаць толькі ў тых, хто не надзявае шапачку пры купанні, а пасля не прасушвае да канца валасы. Калі ж вы скарысталіся і шапачкай, і фенам, усё будзе ў парадку.
Наступная фобія: небяспека падхапіць грыбковую інфекцыю. На самай справе гэтая непрыемнасць можа здарыцца не толькі ў басейне, але і на пляжы або ў саўне. Каб засцерагчы сябе, дастаткова проста падыходзіць да самай вады ў шлёпанцах.
Ваду ў басейне ў мэтах дэзынфекцыі апрацоўваюць рознымі спосабамі: ультрафіялетам, азанаваннем, хлараваннем. Азанаваная і хлараваная вада можа выклікаць дыскамфорт і раздражненне ў тым выпадку, калі ў вас сухая, адчувальная або схільная да алергіі скура. Аднак да такога ж эфекту могуць прывесці і іншыя знешнія ўздзеянні, напрыклад, мыла, сухое паветра ў памяшканні, кандыцыянер або абагравальнік. Таму даглядаць за скурай трэба ў любым выпадку, у тым ліку пасля басейна. Існуе мноства крэмаў для цела. Выбірайце на свой густ.
Спортам і фізкультурай займаюцца сотні людзей, але плаванне, несумненна, з’яўляецца адным з самых любімых. Станоўчы вынік ад яго настолькі вялікі, што плаванне даўно стала не толькі відам спорту, але і папулярнай даступнай методыкай аздараўлення. Займайцеся плаваннем — і вы заўсёды будзеце ў найлепшай фізічнай форме і выдатным настроі.
Як у любога віду фізічнай актыўнасці, у плавання ёсць свае проціпаказанні, хоць іх і няшмат: вострая стадыя ВРЗ, пнеўманіі; мокнучыя скурныя праяўленні алергіі; прыроджаны парок сэрца; параліч; эпілепсія; паталогіі, пры якіх магчыма з’яўленне сутарг.

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.