Уласцівая дашкольнікам бесклапотнасць, пагружанасць у гульню вельмі хутка зменіцца жыццём, напоўненым мноствам патрабаванняў, абавязкаў і абмежаванняў. У верасні пачнецца самы цікавы і захапляльны час для дзяцей. Школа! Дзіця павінна будзе сістэматычна і напружана працаваць, захоўваць рэжым дня, падпарадкоўвацца розным нормам і правілам школьнага жыцця, выконваць патрабаванні настаўніка, займацца на ўроку тым, што вызначана школьнай праграмай.
Паступленне ў школу — адзін з самых пераломных момантаў у жыцці кожнага дзіцяці без выключэння. Пачатак школьнага навучання кардынальным чынам мяняе ўвесь яго лад жыцця. Многае на гэтым цяжкім, але такім захапляльным шляху залежыць ад бацькоў. І таму хацелася б прапанаваць вашай увазе наступныя рэкамендацыі, якія можа выкарыстаць у сваёй рабоце не толькі педагог-псіхолаг, але і настаўнікі:
1. Падтрымайце ў дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам. Слухайце ўважліва, задавайце пытанні, каб дзіця адчувала, што вам гэта сапраўды цікава.
2. Адказвайце на кожнае пытанне дзіцяці. Толькі ў гэтым выпадку яго пазнавальная цікавасць ніколі не згасне.
3. Пастарайцеся хоць калі-нікалі глядзець на свет вачыма вашага дзіцяці. Бачыць свет вачыма іншага — аснова ўзаемаразумення. А гэта азначае — лічыцца з індывідуальнасцю дзіцяці, ведаць, што ўсе людзі розныя і маюць права быць такімі.
4. Часцей хваліце, захапляйцеся вашым дзіцем. На скаргі пра тое, што штосьці не атрымліваецца, адказвайце: “Атрымаецца абавязкова, толькі трэба яшчэ некалькі разоў паспрабаваць”. Самі верце, што ваша дзіця можа ўсё, трэба толькі крышку яму дапамагчы. Хваліце словам, усмешкай, ласкай і пяшчотай, а не адкручвайцеся такога роду заахвочваннямі, як пакупка новай цацкі ці слодычаў.
5. Не будуйце вашы ўзаемаадносіны з дзіцем на забаронах. Пагадзіцеся, што яны не заўсёды разумныя. Заўсёды тлумачце прычыны, абгрунтаванасць вашых патрабаванняў, калі магчыма, прапануйце альтэрнатыўны варыянт. Павага да дзіцяці цяпер — падмурак паважлівых адносін да вас сёння і ў будучыні. Ніколі не карыстайцеся фармулёўкай “калі…, то…” (“Калі прыбярэш свае рэчы, дазволю глядзець тэлевізар” і г.д.), гэта згубна ўплывае на выхаванне асобы — дзіця пачынае прымаць пазіцыю “ты — мне, я — табе”.
6. Абмяркуйце з дзіцем правілы і нормы, з якімі ён сустрэўся ў школе. Растлумачце іх неабходнасць і мэтазгоднасць.
7. Складзіце з першакласнікам распарадак дня, сачыце за яго захаваннем.
8. Калі вас нешта хвалюе ў паводзінах дзіцяці, яго школьных справах, не саромейцеся звяртацца за парадай і кансультацыяй да настаўніка ці школьнага псіхолага.
9. З паступленнем у школу ў жыцці вашага дзіцяці з’явіўся чалавек больш аўтарытэтны, чым вы. Гэта настаўнік. Паважайце думку першакласніка пра свайго педагога.
10. Вучэнне — гэта цяжкая і адказная праца. Паступленне ў школу істотна мяняе жыццё дзіцяці, але не павінна пазбаўляць яго шматлікіх радасцей, гульні.
Наталля КОТАВА, Дзіяна ЛУГАВАЯ,
педагогі-псіхолагі сярэдняй школы № 2 Мінска.