Сціплы родзіч дыфенбахіі

У пакаёвае кветкаводства гэтыя расліны ўвайшлі значна пазней, чым многія іншыя культуры. Каля 160 гадоў назад вядомым аўстрыйскім вучоным-батанікам Шотам былі адначасова апісаны два блізкія роды — аглаанема і дыфенбахія. Эфектныя рослыя дыфенбахіі хутка сталі папулярнымі ў дэкаратыўным кветкаводстве, а іх больш сціплыя родзічы доўгі час заставаліся незаўважанымі. І толькі адносна нядаўна строгую прыгажосць і непераборлівасць аглаанем па заслугах ацанілі як аматары, так і спецыялісты-фітадызайнеры.

У даволі вялізным сямействе ароідных аглаанемы адносяцца да падсямейства філадэндравых.
Лісце аглаанем даволі разнастайнае па афарбоўцы, па форме мае некалькі варыянтаў. Звычайна яно даволі шчыльнае, скурыстае, ад яйкападобнага да ланцэтнага, часам асіметрычнае. Сярэдняя жылка амаль заўсёды шырокая, выступае з ніжняга боку ліста, бакавыя (звычайна іх 6—12) у аснове моцна выгнутыя, амаль паралельныя адна адной.
Суквецце аглаанем не вызначаецца дэкаратыўнасцю. У адрозненне ад антурыумаў і спаціфілумаў пакрывала (ліст, які прылягае да суквецця) несамавітае, зялёнае альбо белаватае, зверху адкрытае, унізе яго краі налягаюць адзін на адзін.
Аглаанемы — вечназялёныя расліны. У сярэднярослых і высокіх відаў з разгалінаваных падземных парасткаў утвараюцца прамастаячыя, больш альбо менш пакрытыя лісцем, неразгалінаваныя сцёблы. У нізкіх відаў ёсць толькі падземныя парасткі, на якіх і ўтвараецца лісце.
Расце ў мусонных лясах, часам у вельмі зацемненым месцы, на вільготных раўнінах, абапал рэк. Арэал роду ахоплівае тропікі мацерыковай часткі Паўднёва-Усходняй Азіі і шматлікіх астравоў Ціхага і Індыйскага акіянаў. Гэтым тлумачыцца вялікая ўнутрывідавая разнастайнасць. На радзіме аглаанемы вырошчваліся як дэкаратыўныя і лекавыя расліны.
Для аматарскіх калекцый найбольш цікавыя наступныя віды і гатункі.
Аглаанема зменлівая — сярэдне разгалінаваная расліна са сцяблом 50—60 см. Лісце скурыстае, яйкападобнае, у аснове акруглае, часам несіметрычнае, на верхавінцы завостранае. Па колеры — цёмна-зялёнае, з серабрыста-шэрым перыстым малюнкам уздоўж бакавых жылак. Сярэдняя жылка ўціснутая, бакавыя — ярка выражаныя.
Аглаанема рабрыстая — эфектная кампактная расліна без надземнага сцябла, да 20—25 см у вышыню. Лісце тоўстае, бліскучае, яйкападобнае альбо эліптычнае, цёмна-зялёнае, са шматлікімі хаатычна размешчанымі белымі плямамі. Сярэдняя жылка малочна-белая, тоўстая, выступае з абодвух бакоў ліста, бакавыя — тонкія, уціснутыя.
Аглаанема Тройбі — высокадэкаратыўная, моцна разгалінаваная расліна, 50—75 см у вышыню, са сцяблом, густа пакрытым лісцем. Лісце скурыстае, падоўжанае, 20—25 см у даўжыню, 4—5 см у шырыню, цёмна-зялёнае, з блакітным адценнем, выражаным попельна-шэрым альбо серабрыстым малюнкам уздоўж бакавых жылак. Сярэдняя жылка тонкая, уціснутая, бакавыя — больш выпуклыя, 6—8 пар.
Аглаанема сціплая — сярэдне разгалінаваная расліна са сцёбламі 40—50 см у вышыню. Лісце моцнае, скурыстае, бліскучае, яйкападобнае альбо яйкападобна-ланцэтнае.
Пакаёвая культура аглаанема не ўяўляе асаблівых цяжкасцей. Вырошчваць яе пад сілу нават пачынаючаму кветкаводу. Галоўнае, што патрэбна для іх паспяховага росту, — цёплае памяшканне з тэмпературай не ніжэй за 20 градусаў і багаты гумусам рыхлы субстрат, які рыхтуюць з сумесі лісцевай зямлі, торфу і пяску (2:1:1) з дабаўленнем тоўчанага драўніннага вугалю. Гэтым раслінам патрэбны даволі прасторны вазон, бо ў падыходзячых умовах яны інтэнсіўна ўтвараюць новыя парасткі. Абавязковы дрэнаж з керамзіту альбо перліту. Пасля пасадкі расліны шчодра паліваюць, а потым паліваюць умерана. Летам кветку можна абмываць пад цёплым душам.
Аглаанемы добра пераносяць нават значнае зацямненне, не губляючы пры гэтым характэрнага малюнка на лісці. Зразумела, яны лепш развіваюцца ў больш светлым месцы, у прыватнасці на ўсходнім альбо заходнім акне, але прамых сонечных прамянёў яны не пераносяць.
Маладыя расліны перасаджваюць штогод у красавіку — маі, больш старыя — раз у 3—5 гадоў. У перыяд вегетацыі раз у 2—3 тыдні іх падкормліваюць вадкім комплексным угнаеннем.
Па меры росту сцёблы ў ніжняй частцы агаляюцца, што адмоўна адбіваецца на дэкаратыўнасці раслін. Таму ўвесну старыя парасткі можна абрэзаць на пянёк 2—3 см (яго трэба змазаць зялёнкай). Такая аперацыя стымулюе ўтварэнне новых парасткаў.
Размнажаюць аглаанемы дзяленнем і чаранкаваннем. На чаранкаванне можна выкарыстаць абрэзаныя парасткі. З іх зразаюць верхавінкі даўжынёй 8—10 см і, падсушыўшы зрэзы, саджаюць у чысты вільготны пясок, заглыбляючы на 4—6 см. Пясок падтрымліваюць у вільготным стане. Праз 20—30 дзён утвараецца каранёвая сістэма, і маладая расліна перасаджваецца ў новы вазон. Аглаанемы, атрыманыя такім чынам, хутка ўтвараюць новыя парасткі, не хварэюць. Пры ўкараненні ў вадзе вынікі куды больш сціплыя. Можна чаранкаваць і адрэзак сцябла без верхавінкі. Сцябло рэжуць упоперак на адрэзкі 3—4 см, размяшчаюць гарызантальна ў вільготным пяску на глыбіню 1,5—2 см. Трымаюць у цёплым месцы.
У продажы сустракаецца і насенне аглаанем. Яго высяваюць у ёмістасці з вільготным торфам і пяском. Пасевы рэгулярна паліваюць, трымаюць у цяпле. Маладыя расліны з парай сапраўдных лістоў адсаджваюць у маленькія вазончыкі. Па меры неабходнасці змяшчаюць у больш прасторныя ёмістасці.
Аглаанемы валодаюць высокай фітанцыднай актыўнасцю, добра ачышчаюць паветра. Вельмі прыгожа выглядае кампазіцыя з некалькімі відамі аглаанем.
Цікава, што аглаанема — любімая пакаёвая кветка Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з інтэрнэту.