Брызоль з фаршу

Брызоль — гэта нават не назва стравы, а спосаб гатавання. Азначае засмажаны ў амлеце, яйку, увогуле ў льезоне*. Брызоль — страва, якая падыдзе як для снедання, так і як другое на абед. Безумоўна, упрыгожыць ваша святочнае меню гэтая страва можа не толькі моднай французскай назвай, але і апетытным выглядам. Сутнасць гатавання зводзіцца да абсмажвання мяснога фаршу ў яечнай сумесі. Затым падача стравы з соусамі, з начынкамі. Аднак без апошніх яна таксама цалкам дапушчальная і нават самадастатковая.

Для гатавання стравы выкарыстоўваюць любы мясны фарш — з ялавічыны, свініны, змешаны. Мяса пажадана вельмі добра здрабніць ці прапусціць праз мясарубку (лепш 2 разы). У такім выпадку брызоль атрымаецца дастаткова тонкім. Такім чынам можна гатаваць рыбу, курыную або свіную адбіўную. Я хачу прапанаваць вам класічны рэцэпт “Брызоль з фаршу”.

Тэхналогія гатавання стравы не такая простая, як можа здацца на першы погляд, але, калі вы маеце цярпенне і мінімальную кулінарную спрытнасць, гэтая страва стане частым госцем на вашым стале. У гэтым рэцэпце не спатрэбіцца  шмат прадуктаў. Самае галоўнае — правільна абсмажыць мясную аладку з яйкам.

Інгрэдыенты на 4 порцыі:

· яйкі — 4 шт.;

· малако — 4 ст.л.;

· соль — 1/4 ч.л.;

для падліўкі:

· смятана — 100 г;

· кроп;

· часнок — 1—2 зубкі;

· соль — 1/4 ч.л.

для фаршу:

· фарш — 300 г;

· соль — 1/3 ч.л.;

· часнок — 3 зубкі;

· перац чорны;

· агурок марынаваны — 2 шт. альбо свежыя памідоры — 2 шт.;

· алей для смажання.

Пачнём гатаваць.

Кроп дробна рэжам, часнок здраб­няем пры дапамозе прэса і дадаём  да смятаны.

Дадаём крыху солі і чорнага перцу, усё змешваем.

Марынаваныя агуркі наразаем саломкай.

Бяром фарш (у мяне ялавічына з курыцай). Дадаём 1/3 ч.л. солі, чорны перац, здробнены часнок.

Добра змешваем і адбіваем.

Дзелім фарш на 4 часткі. Робім шарыкі. Бяром харчовую плёнку або мяшочак, кладзём шарык фаршу, закрываем плёнкай і раскочваем пры дапамозе качалкі круг. Яйка разбіваем у міску, дадаём 1 ст.л. малака, крыху солі і ўзбіваем відэльцам. Патэльню разаграваем, наліваем крыху алею.

Выліваем узбітае яйка і адразу ж зверху кладзём фарш. Смажым на сярэднім агні. Калі яйка схопіцца, пераварочваем, накрываем накрыўкай і смажым з другога боку.

Гатовы брызоль перакладаем на талерку фаршам уверх. Змазваем яго часночна-смятаннай падліўкай. Выкладваем па краі марынаваныя агуркі ці памідоры. Скручваем брызоль у трубачку.

Гатовы брызоль упрыгожваюць соусам з маянэзу і кетчупу, сечанай зелянінай, ці, як у мяне, можна абгарнуць зялёнай цыбуляй. Таксама можна ўнутр брызолю палажыць начынку. У якасці начынкі падыходзяць тушаныя або смажаныя з цыбуляй грыбы, пасераваная агародніна (рагу з яе).

Страва падыходзіць як для дарослага стала, так і для дзіцячага.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.


* Льезон — гэта глейкая сумесь, што можа быць выкарыстана для падліўкі (як загушчальнік) або ў якасці складніка для паніроўкі (каб яна добра прыстала).