Салата “Летняе сонейка”

Люблю дэгуставаць смачныя салаты, якія прадаюцца ў аддзелах гатовай прадукцыі гіпермаркетаў, здзіўляюся выдатнаму спалучэнню іх кампанентаў і арыгінальнасці. Аднак заўсёды памятаю, што нішто не заменіць хатнюю ежу, згатаваную без якіх-небудзь кансервантаў, таму ў кожную вольную хвіліну імкнуся гатаваць смачныя і карысныя стравы для сваёй сям’і.

Рэцэпт салаты “Летняе сонейка” з’яўляецца маім экспромтам. Салата можа быць і поснай, калі замяніць некаторыя кампаненты. У яе складзе — дары лета, якія прынясуць карысць вашаму здароўю.

Інгрэдыенты: 200 г курыных грудак, 4—5 сярэдніх маладых бульбін, 50 г малака, 20 г сметанковага масла, 50 г смятаны, 100 г алівак або маслін без костачак, 100 г чарнасліву, 100 г курагі, 1 чырвоны перац, 100 г цвёрдага сыру, 100 г свежых або нарэзаных марынаваных апенек, 200 г маянэзу (пажадана хатняга), 100 г ачышчанага абсмажанага арахісу або грэцкіх арэхаў, 1 буйны пучок кропу, соль, алей для смажання.

Гатаванне

1.Бульбу прамыць і адварыць у лупінах да гатоўнасці ў падсоленай вадзе. Зрабіць бульбянае пюрэ з некалькімі лыжкамі кіпячонага малака, дабавіць крыху смятаны і сметанковага масла.

2. Курыныя грудкі адварыць да гатоўнасці з дабаўленнем невялікай колькасці солі, нарэзаць на дробныя кавалачкі.

3. Калі ў вас свежыя апенькі, то трэба нарэзаць іх слайсамі, злёгку абсмажыць на алеі, пасаліць.

4. Сыр нацерці на дробнай тарцы.

5. Перац ачысціць і нарэзаць кубікамі.

6. Арэхі здрабніць.

7. Масліны ці аліўкі нарэзаць кольцамі.

8. Чарнасліў і курагу прамыць, замачыць у кіпячонай цёплай вадзе на 20 мінут, потым дробна парэзаць.

9. Кроп буйна пасекчы. Пару галінак пакінуць для ўпрыгожвання.

Паколькі ў мяне няма формы ў выглядзе кола, я прыгатавала салат на вялікай плоскай талерцы. Пасярэдзіне талеркі паставіла шкляную бутэльку. Вакол яе выкладвала пласты салаты.

Інгрэдыенты для хатняга маянэзу:

3 яечныя жаўткі, 250 г аліўкавага алею, 1 ч. л. лімоннага соку, 1 ч. л. солі, молаты чорны перац.

Гатаванне

Усе інгрэдыенты павінны быць хатняй тэмпературы. Жаўткі трэба вельмі добра ўзбіць, паступова дабаўляючы алей. Праз 20—30 секунд, працягваючы ўзбіванне, дабавіць спачатку лімонны сок, а потым іншыя інгрэдыенты. Узбіць соус да аднароднай масы.

Зараз выкладваем салату. Кожны пласт абавязкова змешваем з маянэзам, акрамя першага.

1-ы пласт — бульбяное пюрэ;

2-гі пласт — смажаныя або марынаваныя апенькі;

3-ці пласт — курага;

4-ы пласт — перац;

5-ы пласт — аліўкі або масліны;

6-ы пласт — чарнасліў;

7-ы пласт — аліўкі;

8-ы пласт — курынае філе, калі ў вас не посная салата;

9-ы пласт — арэхі.

Салату пасыпаць нацёртым на дробнай тарцы сырам і ўпрыгожыць галінкамі кропу. Асцярожна пракруціць вакол сваёй восі бутэльку, каб пласты ўшчыльніліся. Паставіць салату ў холад на 3—4 гадзіны. Потым асцярожна дастаць бутэльку і падаваць да стала.

Курыныя грудкі можна замяніць слоем нацёртай на сярэдняй тарцы маладой морквы.

Гэтая салата выдатна ўпрыгожыць як штодзённы, так і святочны стол.

Смачна есці!

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.