Замест забароны — арганізаваная дзейнасць

З надыходам лета тысячы школьнікаў адпраўляюцца на адпачынак у лагеры працы і адпачынку, у вёскі, на дачы. Апынуўшыся на прыродзе, дзеці радуюцца магчымасці пайсці ў турыстычны паход, пагуляць, паскакаць, пабегаць. Добра, калі ўсё гэта адбываецца пад кантролем дарослых, але калі іх няма, то дзіця можа атрымаць траўму. Практыка паказвае, што ў дзяцей, якія адпачываюць арганізавана, напрыклад, у аздараўленчым лагеры, траўмы здараюцца ў 4,5 разу радзей.

У хлопчыкаў траўмы сустракаюцца ў 3-3,5 разу часцей, чым у дзяўчынак, пры гэтым колькасць траўм павялічваецца з узростам. Большасць траўм можна папярэдзіць. Мы самі здольныя паўплываць на абставіны, якія прыводзяць да разнастайных пашкоджанняў.
У структуры дзіцячага летняга траўматызму пераважаюць бытавыя траўмы. Прычыны іх вельмі розныя: апёкі, раненні вострымі прадметамі, падзенні і іншыя. Пашкоджанні часцей за ўсё маюць характар паверхневых раненняў, удараў, расцяжэнняў. Але частка дзяцей мае патрэбу ў стацыянарным лячэнні ў сувязі з пераломамі, апёкамі, страсеннем мазгоў. У летні перыяд у дзяцей павялічваецца частата ранак, сінякоў, пераломаў, пашкоджанняў органаў грудной і брушной поласцей, чэрапна-мазгавых траўм, атрыманых у дварах, на вуліцы. Высветлена, што кожнай узроставай групе характэрны свае найбольш тыповыя прычыны пашкоджанняў і траўмагенныя сітуацыі, абумоўленыя асаблівасцямі псіхафізічнага і эмацыянальнага развіцця. Дзеці ва ўзросце 5—7 гадоў, захапляючыся гульнёй, губляюць над сабой кантроль, менавіта таму яны часцей за ўсё атрымліваюць траўмы ў такіх сітуацыях. Дзеці 7—14 гадоў радзей атрымліваюць пашкоджанні ў кватэры. Прага даследчай дзейнасці цягне іх на вуліцу, часам у зусім непрыдатныя для прагулак месцы — на будаўнічыя пляцоўкі, захламленыя двары і пусткі. Імпульсіўнасць, схільнасць да свавольства нярэдка робяць іх удзельнікамі адчайных гульняў, звязаных з агнём, пагонямі па дахах хлявоў, скачкамі з вялікай вышыні, узлажваннем на платы. У гэтай узроставай групе 78% траўм дзеці атрымліваюць у дварах, на вуліцах і толькі 22% — у памяшканнях.
У летні час зонай павышанай небяспекі становяцца дзіцячыя пляцоўкі, асабліва арэлі, у асноўным недагледжаныя: стойкі расхістваюцца, металічныя перакладзіны слабеюць, канаты пераціраюцца, сядзенні трэскаюцца. Усё гэта тоіць у сабе траўмы. Пасля падзення з арэляў тыповай памылкай з’яўляецца спроба стаць на ногі, якая прыводзіць да атрымання дадатковага ўдару.
Трэба ўважліва аднесціся да катання і скачкоў на скейтах. Гэты працэс часта цягне за сабой траўмы галавы, твару, пашкоджанні спіны, жывата. Каб гэтага не здарылася, трэба набыць і выкарыстоўваць пры катанні накаленнікі, налакотнікі і шлем.
У апошні час усё большай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца катанне на ролікавых каньках і лыжах. Але трэба памятаць, што пажадана катацца на ролікавых трасах або на вельмі роўным дарожным пакрыцці. Абавязкова карыстацца засцерагальным рыштункам (шлем, пратэктары для кісцей, локцяў, каленяў). Пры падзенні магчымы сур’ёзныя ўдары, і часцей за ўсё пашкоджваюцца суставы рук, перадплечча, калені.
Небяспечныя і апёкі полымем, якія найбольш часта назіраюцца ў дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту падчас гульняў з вогненебяспечнымі рэчамі і паблізу вогнішчаў.
Асаблівай увагі варты траўматызм пры яздзе на веласіпедах. Палова такіх пашкоджанняў прыпадае на дзяцей 10—14 гадоў. Характар траўм разнастайны: ад лёгкіх ранак да вельмі цяжкіх камбінаваных пашкоджанняў, якія ў шэрагу выпадкаў заканчваюцца смерцю. Непасрэднай прычынай цяжкіх калецтваў з’яўляюцца наезды і сутыкненні з транспартам, які рухаецца.
Траўмы, нанесеныя дзецям транспартнымі сродкамі, сустракаюцца рэдка, аднак яны лічацца самымі цяжкімі. Асноўнай прычынай узнікнення ДТЗ з удзелам дзяцей часта з’яўляюцца іх паводзіны, якія не ўлічваюць патрабаванняў Правіл дарожнага руху: пераход праезнай часткі ў нявызначаным месцы, ігнараванне сігналаў святлафора, адсутнасць на адзенні, заплечніках, сумках святловяртальных элементаў. Дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм мае ярка выражаную сезоннасць — найбольшая колькасць ДТЗ адбываецца ў летні час, калі ў дзяцей шмат вольнага часу, яны застаюцца без кантролю дарослых.
Сур’ёзную заклапочанасць выклікаюць паражэнні электрычным токам, якія прыводзяць не толькі да глыбокіх апёкаў, але і да спынення сэрца, дыхання, што патрабуе неадкладнага правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў. Прычына часта хаваецца ў няспраўных праводцы і электрапрыборах, за рамонт якіх бяруцца самі дзеці, не валодаючы дастатковымі навыкамі і ведамі тэхнікі бяспекі.
У летні перыяд адзначаецца павелічэнне колькасці падзенняў з неабгароджаных і не абароненых сеткамі вокнаў, з балконаў і лоджый. Гэтыя траўмы адрозніваюцца найбольшай цяжкасцю і часта прыводзяць да лятальнага канца. Выязджаючы з дзецьмі на дачу, у вёску, на прыроду, пазнаёмце іх з асаблівасцямі мясцовасці. Калі лясы навокал балоцістыя, то каля старых пнёў, у зарасніках верасу, брусніц, у нізкіх кустах можна сутыкнуцца з ядавітай змяёй — гадзюкай. Раскажыце дзецям, якія ядавітыя расліны могуць сустрэцца ў гэтай мясцовасці, патлумачце, чаму нельга каштаваць незнаёмыя ягады, браць у рот лісце, піць ваду з незнаёмых крыніц і паверхневых вадаёмаў.
Існуе памылковае меркаванне, што засцерагчы дзіця ад траўм можна толькі аднымі забаронамі. Гэта не так. Дзецям неабходна свабода, прастора для творчасці, у гульнях у іх фарміруецца характар, воля, фізічныя якасці. Рух стымулюе развіццё думкі. Задача дарослых — не змагацца з фізіялагічна апраўданай актыўнасцю, а адцягваць дзяцей ад рызыкоўнага свавольства, запаўняць іх вольны час разумнымі гульнямі, а таксама навучыць прадбачыць траўманебяспечныя сітуацыі.

Таццяна БЫЧАНОК,
спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска.