У чаканні шчасця

Новы год практычна стаіць на парозе нашых дамоў. Старанна ўпрыгожаныя ёлкі зіхацяць рознакаляровымі агеньчыкамі, усюды пахне мандарынамі і чаканнем шчасця. Зусім хутка гадзіннік праб’е дванаццаць разоў, і на змену году Каня прыйдзе новы сімвал — зялёная Каза ці сіняя Авечка.

Свабода выбару вызначае магчымасць падрыхтавацца да гэтай падзеі максімальна скрупулёзна і прыцягнуць поспех на свой бок мінімум на 365 дзён. Па традыцыі кожны надыходзячы год мае не толькі сваю сімвалічную жывёлу, але і колер, стыхію, якія яму спрыяюць. Ціхмяная Авечка або флегматычная Каза (як я ўжо гаварыла, кожны можа выбраць жывёлу на свой густ), — жывёла неадназначная: толькі што яна стаяла і абыякава жавала траўку з лісцікамі, а праз імгненне перад табой сапраўдны ўраган і сур’ёзная магчымасць пацярпець ад гэтай свавольнай жывёлы.
Яно і зразумела — кожнаму цярпенню калі-небудзь прыходзіць канец. З такім вось свавольным характарам, які час ад часу праяўляецца, усім нам, хочаш не хочаш, а ў надыходзячым годзе давядзецца лічыцца.
Па прагнозах астролагаў, у свае правы ўступае планета Юпітэр, якая з’яўляецца ідэальным заступнікам для ўсіх знакаў задыяка. Уплыў гэтай планеты будзе максімальна станоўчым, і наперадзе нас чакае шмат добрага і пазітыўнага.

Мараканскі маркоўны салат

Самы просты на свеце салат. Ідэальны ў якасці дадатку да мясных страў. Галоўны сакрэт — правільна падабраная камбінацыя спецый і прыпраў.
Нам трэба:
5—7 морквін (сярэдняга памеру),
4 сталовыя лыжкі аліўкавага алею,
2 зубчыкі часнаку (ціснем або дробна рэжам),
2 зубчыкі часнаку (цалкам),
2 сталовыя лыжкі свежавыціснутага лімоннага соку,
2 сталовыя лыжкі дробна нарэзанай пятрушкі або каляндры,
1/2 чайнай лыжкі (або на смак) солі,
1/2 чайнай лыжкі куміну (аднак, калі вы не вельмі ведаеце гэтую вострую прыправу, пачніце з 1/4 чайнай лыжкі),
1/2 чайнай лыжкі папрыкі,
1/4 чайнай лыжкі каенскага перцу.
У працэсе:
Моркву наразаем кубікамі/кружочкамі і злёгку адварваем у падсоленай вадзе з дадаваннем 2—3 зубчыкаў часнаку, лаўровага ліста, 1/4 чайнай лыжкі куміну (зіры) і двух бутончыкаў гваздзікі. Морква павінна застацца хрумсткай. Змешваем інгрэдыенты запраўкі, дадаём да морквы і падаём.

Як упрыгожыць навагодні стол?

“Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш”, — сцвярджае народная мудрасць. “А хто з нас не хоча быць шчаслівым?” — скажаце вы і будзеце мець рацыю. Як? Што падарыць? Што прыгатаваць? На гэтыя і многія іншыя пытанні я паспрабую адказаць у гэтым артыкуле. І перш чым мы дойдзем да ўпрыгожвання і сервіроўкі навагодняга стала, я хачу падкрэсліць, што козы (як і авечкі) — жывёлы палахлівыя, сарамлівыя і вельмі сціплыя. У чалавечым варыянце — гэта сям’я і цесная кампанія блізкіх і дарагіх вам людзей. Пасля “Дзе?” па логіцы ідзе пытанне “У чым?”. І тут усе ў адзін голас гавораць, што ваш убор павінен быць арыгінальным, элегантным і адначасова зручным. Абавязкова з натуральных тканін сіняга, жоўтага і зялёнага колеру. Пры гэтым у вас павінна быць хоць адно ўпрыгажэнне з дрэва або драўляны гузік у кішэні. Гэтыя ж правілы распаўсюджваюцца на сервіроўку стала і ўпрыгожванне дома: простыя лініі, мяккасць і вытанчанасць.
Паколькі заступніца 2015 года належыць да стыхіі Дрэва, пажадана, каб на стале быў драўляны посуд: паставіць на стол драўляную хлебніцу або сальніцу будзе зусім не лішнім. Абавязкова пастаўце на навагодні стол свечкі сіняга або зялёнага колеру ў прыгожых драўляных падсвечніках. Выконваючы гэтыя няхітрыя правілы, вы можаце быць упэўнены ў тым, што рагаты сімвал 2015 года акажа вам падтрымку і заступніцтва на працягу ўсяго года.

Яблычныя браўніз

160 г мукі,
1 чайная лыжка парашку для выпечкі,
1/4 чайнай лыжкі соды,
1 чайная лыжка молатай карыцы, 1/4 чайнай лыжкі чорнага перцу (молатага), 1/4 чайнай лыжкі солі,
100 г несалёнага сметанковага масла,
220 г цукру,
2 яйкі,
110 г несалодкага яблычнага пюрэ або дзіцячага яблычнага харчавання,
1 чайная лыжка ванільнага экстракту,
1 сталовая лыжка рому або брэндзі (можна ўзяць звычайную гарэлку),
1 печаны яблык сярэдняга памеру (перад тым як запячы, абіраем, рэжам, а печаны ціснем на невялікія кавалачкі),
60 г разынак (заліваем 1 чайнай лыжкай вады і на 30 с у мікрахвалёўку),
80 г ядраў грэцкіх арэхаў (наразаем на кавалачкі, пры жаданні гэты пункт можна прапусціць).
Для глазуры:
3 сталовыя лыжкі вяршкоў,
60 г цукру,
3 сталовыя лыжкі сметанковага масла,
1/2 чайнай лыжкі ванільнага экстракту.
У працэсе:
Награваем духоўку да 180°С. Форму для выпечкі 22 на 33 см змазваем маслам і прысыпаем мукой або змазваем маслам, засцілаем пякарскай паперай і зноў змазваем маслам. Ці можна гэты крок прапусціць? Можна, калі вы цвёрда ўпэўнены, што ваш пірог не прыгарыць. А паколькі жыццё — штука складаная і несправядлівая, то ён дакладна згарыць, а вы засмуціцеся.
Прасейваем разам муку, соду, пякарскі парашок, спецыі і соль. У невялікай каструлі пачынаем тапіць сметанковае масла і цукар. Калі атрымалі аднастайную кансістэнцыю — ставім астываць. У камбайне збіваем яйка да лёгкага павелічэння аб’ёму, затым паступова дадаём цукрова-масленую сумесь, затым яблычнае пюрэ і алкаголь.
Пры дапамозе лапаткі паступова ўводзім муку, перамешваем да аднастайнасці і дадаём працёрты печаны яблык, разынкі і арэхі. Выкладваем у форму і ставім выпякаць на 25—30 хвілін (залежыць ад духоўкі). Праз 25 хвілін правяраем гатоўнасць драўлянай палачкай. Гатовы пірог дастаём, даём крыху астыць, пераварочваем на апрацоўчую дошку, знімаем паперу з нізу, пірог кладзём назад у форму. Калі вы пяклі без пякарскай паперы, то проста даём астыць, а перад глазураваннем пераконваемся, што пірог свабодна адстае ад дна формы.
Глазура:
У невялікай каструлі змешваем усе кампаненты і варым, перыядычна памешваючы, на павольным агні 5 хвілін. Знімаем з агню, дадаём ванільны экстракт і раўнамерна размяркоўваем па паверхні пірага. Даём астыць і наразаем на кавалачкі адвольнага памеру.

Меню навагодняга стала

Святочнае застолле — асаблівы прадмет гонару кожнай гаспадыні. Задоўга да наступлення Новага года мы пачынаем задумвацца аб меню, складаць спіс прадуктаў і выбіраць лепшыя рэцэпты. Хочацца, каб на стале было ўсяго шмат — смачнага і рознага. Часта мы гатуем значна больш, чым нам трэба на самай справе. “Лепш няхай застанецца, чым не хопіць”, — гаворым мы, ставячы на стол трэці варыянт сёмага па ліку салата. У гэтым годзе ў нас павінна быць усё па-іншаму. Каза ці Авечка не вельмі сябруе з грашыма, таму ў працэсе выбару страў і гатавання ежы кіруемся прынцыпамі разумнай і рацыянальнай траты грошай. У адваротным выпадку фінансавы бок вашага жыцця абяцае быць вельмі неспакойным.
Шмат агародніны, цікавыя нескладаныя салаты, рыба і малочныя прадукты — вось краевугольны камень нашага святочнага меню. Фаршыраваная агародніна, салаты з цікавым спалучэннем агародніны і садавіны, арыгінальныя дэсерты, рыбныя нарэзкі і разнастайныя рулецікі, а таксама розныя гатункі капусты, салатнае лісце, зеляніна і цыбуля — усё гэта любімыя прадукты нашай прыгажуні. Мала хто ведае, але Каза вельмі любіць рыбу. Заліўное з рыбы, фаршыраваны карп, слабасалёная сёмга або запечаная ў духоўцы рыба. Для прыгатавання канапэ — маленькіх бутэрбродзікаў, насаджаных на шпажкі, — ідэальна падыдуць крэветкі, сардзінкі, кавалачкі сёмгі ці іншай рыбы. Канапэ павінны быць маленькімі, на адзін укус. У гарачых стравах абмежаванняў практычна няма. Выключэнне — стравы з казляціны, ягняціны і бараніны. Любую рыбу, птушку, ялавічыну, свініну падаваць на навагодні стол можна смела. Пры гэтым пажадана падаваць да гарачых страў агароднінны гарнір. Ідэальным варыянтам можа стаць запечаная агародніна з бульбай. Пацешаць Козачку свежы духмяны хлеб, малочныя прадукты, сыры. Гэта зусім не значыць, што на стале не будзе любімых усімі традыцыйных страў — салата “Аліўе” або “Селядца пад шубай”. Галоўнае — падысці да падачы гэтых страў з фантазіяй, эфектна ўпрыгожыўшы іх зелянінай або выразанымі з агародніны кветачкамі і лісточкамі. Калі верыць спецыялістам у галіне кулінарнага фэн-шуй (аказваецца, ёсць і такія людзі), то яны раяць прытрымлівацца ў працэсе падборкі страў наступнага прынцыпу: любімая ежа, карысная ежа і абавязкова адна новая страва або прадукт, які вам раней не даводзілася каштаваць. У гэтым выпадку вашы шансы задобрыць і пацешыць гаспадыню 2015 года істотна павышаюцца. Не варта таксама забываць і пра дэсерты, асабліва з яблыкамі, слівамі або грушамі. Каза гэта ацэніць, бо яна сапраўдная ласуха.
Пагаварыўшы пра яду, варта звярнуць увагу і на напіткі. Тут нам на дапамогу зноў прыходзіць мудрасць кітайскіх астролагаў і жыццёвы вопыт. Морс, безалкагольны пунш або свежавыціснутыя сокі — што б вы ні прыгатавалі, яно павінна быць яркім па колеры, абавязкова мець унутры кавалачкі ягад або садавіны і падавацца ў прыгожым і яркім посудзе. За прыемнымі размовамі і клопатамі надыходзячага свята так проста ўпусціць самае важнае: выкінуць з галавы, дома і сэрца ўсё старое і непатрэбнае. Новы год — гэта не толькі смачная яда і прыгожы стол, гэта яшчэ і час рабіць дабро. Напоўніце сваё жыццё дабром, любоўю і радасцю. У гэтым выпадку ваш будучы год будзе абавязкова шчаслівы. Са святам вас, мае дарагія чытачы!

Запечаная агародніна

Просты, але надзвычай элегантны рэцэпт. Вялікі плюс — можа выкарыстоўвацца ў якасці самастойнай стравы.
5—7 бульбін (залежыць ад памеру, наразаем буйнымі брускамі),
2 сцяблы сельдэрэю (наразаем упоперак),
2 цыбуліны фенхеля (наразаем долькамі сярэдняга памеру),
1 балгарскі перац,
1 цыбуліна (вялікая, наразаем паўкольцамі),
1 бляшанка маслін без костачак,
1—2 чайныя лыжкі солі,
3 сталовыя лыжкі алею,
2 зубчыкі часнаку (ціснем),
1 чайная лыжка папрыкі.
У працэсе:
Агародніну абіраем, мыем, наразаем. Складаем у глыбокі посуд, дадаём алей, соль, часнок і папрыку. Усё акуратна змешваем. Выкладваем на бляху (засланую пергаментнай паперай для выпечкі). Ставім у папярэдне разагрэтую да 180°С духоўку на 40—45 хвілін або да гатоўнасці.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.