Грушы, вінаград, дарога…

Навагоднія святы — асаблівы і непаўторны час года: прыбраная ёлка, яркія цацкі, рознакаляровае канфеці і падарункі — усё гэта само па сабе гарантуе выдатны настрой. Аднак у глыбіні душы кожнаму з нас хочацца трохі чараўніцтва, зімовай казкі ў якасці прыемнага і вельмі важнага дадатку. Менавіта надзея на лепшае і вера ў цуды прымушаюць нас падрабязна вывучаць гараскопы, звычаі і рэцэпты да навагодняга стала.
Новы год — гэта тое свята, падрыхтоўку да сустрэчы якога пачынаюць, як правіла, задоўга да яго прыходу. І часцяком пераднавагоднія клопаты бываюць не менш прыемнымі і хвалюючымі, чым сама ўрачыстасць. Бо нездарма гавораць: “Як Новы год сустрэнеш — так яго і правядзеш”.

Ідэі ў вобразы

Галоўны ключ да арганізацыі паспяховага свята — дакладнае разуменне выбранай ідэі. Згодна з усходнім календаром, сімвал 2014 года — Сіні Драўляны Конь. Гэта значыць, што ўсе вашы ідэі і прапановы павінны асацыіравацца ці быць звязанымі з гэтай жывёлай. Конь лічыцца вернай, добрай, міралюбівай свойскай жывёлай. Пры гэтым ёй уласціва любоў да бязмежных прастораў, скорасці і змены месцаў.
Для таго каб “задобрыць” сімвал будучага года, вам неабходна ў навагоднія і калядныя дні часцей хадзіць у госці і запрашаць гасцей да сябе. Аднак калі ў вас жыве дух рамантыкі, здаровы авантурызм і прага да прыгод, то лепшае месца сустрэчы Новага года для вас — дарога. Самая папулярная парада па прыцягненні ўдачы ў навагоднюю ноч гучыць так:
“Поезд, параход, самалёт, добрыя сябры, чыстая вада і смачны салат са свежай агародніны”.
Старажытныя астролагі вызначалі каня як сімвал моцнай прыроднай энергіі, карыснай, загартаванай зброі. Надыходзячы год Драўлянага Сіняга Каня абяцае быць дынамічным, напоўненым новымі падзеямі і зменамі. Дарэчы, драўляныя конікі адрозніваюцца ад сваіх “родзічаў” дабрынёй, велікадушнасцю, мяккасцю характару, у іх развіта ўяўленне. Ім уласцівы неардынарны склад розуму, што дапамагае ў многіх сітуацыях прымаць нестандартныя, але дзейсныя рашэнні. Каб удача ў наступным годзе была заўсёды на вашым баку, пакладзіце сабе ў сумачку або шуфлядку рабочага стала невялікі кавалачак дрэва: дуба, ліпы ці бярозы. Яшчэ ў наступным годзе астролагі і спецыялісты па ведычнай кулінарыі раяць звярнуць увагу на грушы і вінаград.
Залацістыя і зялёныя грушы валодаюць станоўчай энергетыкай. Яны выдатна развіваюць фантазію і творчыя здольнасці. Калі пакласці грушу побач з пасцеллю, то ваш сон будзе спакойным, а наступны дзень надзвычай прадукцыйным.
Вінаград — крыніца станоўчай энергіі і прыроднай сілы. Нядзіўна, што ён сімвалізуе пладавітасць і багацце.
Год Каня — гэта ўнікальная магчымасць праявіць творчыя бакі вашай натуры. Гэта час для пачатку новых праектаў і смелых рашэнняў. Ад сябе дадам, што яшчэ гэта час для стварэння асабістага маленькага амулета шчасця і поспеху.

На кулінарным фронце

Асаблівасць святочнага стала ў гэтым годзе — разнастайнасць, невялікія порцыі, а таксама мноства агародніны і садавіны. Акрамя гэтага, на стале павінна быць як мага больш зеляніны: упрыгожвайце ёю гатовыя стравы, выкарыстоўвайце зялёныя яблыкі і грушы ў якасці дэкаратыўных элементаў, посуд зялёнага колеру, сурвэткі і нават ёлачныя цацкі — галоўная ўмова — колер.
Кітайскія астролагі сцвярджаюць, што Сіні Конь — капрызная і свавольная жывёла. Для таго каб не пакрыўдзіць гэтую высакародную жывёлу, трэба ўстрымацца ад рыбы ў вашым кулінарным меню. На стале таксама павінны быць “рытуальныя пачастункі”: аўсянае пячэнне, фінікі, морква ці яблыкі.
Рыхтаваць стол трэба з фантазіяй і абавязкова з добрым настроем. Зялёныя яловыя галінкі, серпанцін, мішура, шарыкі, пацеркі, прыгожыя свечкі — усё гэта выдатна падыдзе для стварэння кампазіцый, якія ўпрыгожаць навагодні стол. Напоі расстаўце па сярэдняй лініі стала. Бутэлькі з віном трэба адкрыць загадзя, а шампанскае — перад тым, як разліваць. Па цэнтры стала можна паставіць прыгожую вазу з садавіной, далей — халодныя закускі.
Сіні Конь — істота свету фантазіі і казкі, таму яна вельмі любіць паўзмрок. Для стварэння ўтульнасці і святочнага настрою падрыхтуйце свечкі ў прыгожых высокіх падсвечніках. Добра глядзяцца на стале кампазіцыі са свечкамі, якія плаваюць: празрыстую шкляную пасудзіну напоўніце вадой, а далей праявіце фантазію. На дне можна размясціць рознакаляровыя каменьчыкі, на паверхні — залацістыя зорачкі ці пялёсткі кветак. Рамантычная атмасфера вам забяспечана!

Рэцэпты, якія мы выбіраем

Я ўпэўнена, што ў кожнай гаспадыні ёсць любімыя і правераныя рэцэпта. Я не бачу асаблівага сэнсу соты раз расказваць аб тым, як правільна запякаць птушку ці смажыць кавалак ялавічыны. Галоўны ключ да правільнага прыгатавання мяса — разагрэтая загадзя духоўка, уважлівае чытанне рэцэпта і абавязковы “адпачынак” мяса перад падачай. У якасці дадатковага бонусу пры гатаванні курыцы ці індычкі. Перад тым, як запякаць, марынуем/замочваем у халоднай вадзе з дабаўленнем на адзін кілаграм: 2 сталовыя лыжкі солі буйнога памолу, сталовая лыжка цукру, палавіна лімона, пучок любой травы (пятрушка, базілік, арэгана), 15 — 20 гарошын чорнага перцу. Дастаём, выціраем насуха і толькі потым націраем птушку падрыхтаванай сумессю для запякання. Даём пастаяць 30 мінут пры хатняй тэмпературы і толькі потым ставім у духоўку.
Пакінуўшы ўбаку мяса, вяртаемся да выпечкі і салатаў. Памятаеце, у пачатку артыкула я гаварыла аб тым, што коні любяць агародніну і садавіну, яшчэ яны любяць салодкае, і наша задача зрабіць усё, каб не расчараваць нашага казачнага госця.

Салат
Лёгкі, просты ў гатаванні і вельмі незвычайны, гэты салат не пакіне абыякавым нікога за вашым святочным сталом.
Нам трэба: (на 3-4 порцыі)
1 пучок лісця рымскай салаты,
2 кісла-салодкія яблыкі ці грушы (дастаткова цвёрдыя, каб у вас атрымалася нарэзаць іх невялікімі кубікамі),
1 бляшанка кансерваванай кукурузы,
3 сталовыя лыжкі фундуку,
3 сталовыя лыжкі сушаных журавін.
Запраўка:
сок палавіны лімона,
3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею,
1 сталовая лыжка дзіжонскай гарчыцы,
1 сталовая лыжка маянэзу,
1 зубчык часнаку,
соль, чорны молаты перац па густу.
У працэсе:
Лісце салаты тонка наразаем, яблыкі ці грушы, на ваш выбар, наразаем невялікімі кубікамі і апырскваем лімонным сокам (каб не пацямнелі). Абсмажваем арэхі, на асобнай патэльні абсмажваем кукурузу (без алею), наша мэта — падсушыць і выпарыць лішнюю ваду. Змешваем усе інгрэдыенты запраўкі і падаём.

Шакалад, ваніль і ром — у кухні маленькі разгром
Зімой я вельмі люблю выпечку з сухафруктамі. У правераным рэцэпце пры правільных прапорцыях яна атрымліваецца духмянай, смачнай і надзвычай зімовай. Добры рэцэпт пачынаецца з правільна замочаных сухафруктаў. Я заўсёды вымочваю іх у сумесі апельсінавага соку і каньяку. Лепш за ўсё гэты працэс пачынаць за тыдзень, але калі вы прапусцілі ўсе тэрміны, то працэс можна паскорыць, калі нагрэць іх у мікрахвалевай печы да вельмі цёплага стану, даць астыць і пакінуць пры хатняй тэмпературы на ўсю ноч.

Тыповая сумесь сухафруктаў
Чорныя, чырвоныя і жоўтыя разынкі ў роўных прапорцыях, сушаны інжыр, чарнасліў, вішнёвыя цукаты, курага, сушаныя ананасы. Адзін апельсін і 300 мл каньяку ці брэндзі.
Буйныя кавалкі цукатаў і сухафруктаў рэжуць папалам або на дробныя кавалачкі вялікімі нажніцамі. З апельсіна знімаюць таркай цэдру і выціскаюць сок. Фрукты перамешваюць з цэдрай, заліваюць сумессю каньяку з апельсінавым сокам і шчыльна закрываюць слоік ці скрынку вечкам. Вытрымліваюць мінімум тыдзень пры хатняй тэмпературы, часам патрэсваючы слоік.

Залацісты фруктовы кекс з цукатамі
На круглы кекс дыяметрам 23 см або на квадратны 19х19 см.
Нам трэба:
300 г мукі,
1/2 сталовай лыжкі пякарскага парашку,
1/2 чайнай лыжкі солі,
220 г цукру,
250 г сметанковага масла,
4 буйныя курыныя яйкі,
1/4 шклянкі апельсінавага лікёру ці каньяку,
1/4 шклянкі абрыкосавага джэму,
1 шклянка сухафруктаў (190 г), загадзя вымачаных, гл. рэцэпт вышэй,
0,5 кг цукатаў (вішнёвых, абрыкосавых, персікавых і ананасавых у розных прапорцыях),
125 г абсмажанага здробненага міндалю.
У працэсе:
Духоўку праграваюць да 160°С. Змазваюць маслам глыбокую форму, высцілаюць трайным слоем паперы так, каб папера тырчала над краямі на 5 см. Масла збіваюць з цукрам дабяла, дабаўляюць па адным яйкі (сумесь можа стварожыцца, нічога страшнага). Фрукты сушаць сурвэткай або папяровым ручніком, укачваюць у муку і ўмешваюць разам з арэхамі, мукой, лікёрам і джэмам. Выкладваюць цеста ў форму, упрыгожваюць верх міндалем (пры жаданні). Пякуць 2 гадзіны або да гатоўнасці, якую правяраюць драўлянай шпажкай. Гатовы гарачы кекс накрываюць у форме фольгай і пакідаюць да наступнага дня: астыць і выспець. Перад падачай пасыпаюць цукровай пудрай і наразаюць на кавалкі.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.