Карвінг агародніны і фруктаў

Карвінг — англ. carving ці curving (ад curve, што азначае “рэзаць”; лац. сurve — “крывая”) — “разная работа”, “разны арнамент”. Карвінгам называюць разьбу па дрэве, лёдзе, камянях, агародніне. У сувязі з летнім сезонам нас сёння цікавіць карвінг у кулінарыі — гэта значыць фігурнае выразанне па агародніне і фруктах. Гэты захапляльны занятак зараз шырока практыкуюць не толькі кухары, але і ўсе, каму падабаецца такая незвычайная справа.

Можна сказаць, што карвінг — мастацтва гравіравання ці нават скульптуры. І няважна, што гэтыя творы недаўгавечныя. Галоўнае — жаданне, творчы падыход да справы і правільна падабраны спецыяльны інструмент. Але калі ў вас ёсць толькі звычайны кухонны нож, вы ўсё роўна зможаце выразаць з фруктаў і агародніны простыя вырабы: упрыгажэнні на стравы, кветкі, лісце, жывёл і тое, што падкажа фантазія ці кніга з інструкцыямі, відэаўрок з інтэрнэту. Прыемна бачыць і есці стравы, якія прыгожа аформлены. Для гэтага і не толькі са старажытных часоў выкарыстоўваецца карвінг агародніны і фруктаў.

Лічыцца, што карвінг з агародніны ўзнік на Старажытным Усходзе, а потым перабраўся ў еўрапейскую частку кантынента, перакачаваў на іншыя мацерыкі і спадабаўся жыхарам розных краін свету. Сёння існуюць два віды карвінга: еўрапейскі і азіяцкі. Еўрапейскі карвінг з фруктаў мае на ўвазе апрацоўку больш даступных для еўрапейца прадуктаў. Азіяцкі — гэта апрацоўка экзатычных фруктаў і агародніны.
Калі прыслухацца да вопытных рэзчыкаў, то пачынаць трэба са стварэння кветак з пекінскай капусты, агурка і бульбы. Асноўныя прыёмы — гэта надрэзы і фігурнае выразанне. Прыемна, што карвінг можна ствараць з абсалютна любой агародніны і фруктаў. Напрыклад, з даступных нам асабліва ў канцы лета і восенню яблыкаў розных сартоў. З прывычных нам фруктаў можна зрабіць лебедзяў, матылькоў, якія вылятаюць з яблыка. Такі фрукт з задавальненнем будуць есці не толькі дзеці. Выдатна паддаюцца апрацоўцы ў стылі карвінга груша, вінаград, апельсін, кавун, дыня. Важна ведаць, што некаторыя віды агародніны пажадана папярэдне зварыць ці прапарыць. Перш за ўсё гэта тычыцца бульбы і буракоў.

Карвінг — мастацтва цікавае, смачнае, прыгожае і… дамашняе. Менавіта таму Галіна Мікалаеўна Малюшыцкая (у нядаўнім мінулым настаўніца пачатковых класаў, а цяпер мама ў дэкрэтным водпуску) звярнула ўвагу на мастацтва карвінга. Галіна расказала, што цікавасць зараджалася ў дзяцінстве: мама Тамара Паўлаўна старалася ўпрыгож-ваць стравы на святочным стале. Гэта былі “грыбы”, “парасяты”, “божыя кароўкі” з вараных яек, упрыгажэнні з памідораў і агуркоў на салаты. “Часта мы з сястрой гаварылі маме, з якой кветачкай хочам кавалачак торта. Ды і цяпер любое дзіця аддае перавагу ўпрыгожанаму кавалачку ласунку. Хаця гэта не карвінг, але дзесьці вельмі блізка”, — расказвае суразмоўца. “Ды вось яшчэ маё захапленне, якое, думаю, можна лічыць перадкарвінгам: выпяканне бліноў у выглядзе літар. Як бліны мае вырабы былі, напэўна, не вельмі, затое як блінныя літары былі цудоўнымі”, — усміхаецца Галіна.
Вось яшчэ прычыны, якія падштурхнулі мяне да карвінга. Калі на пятым курсе педагагічнага інстытута праходзіла практыку ў пачатковай школе, то многаму навучылася ў настаўніка-куратара, да якога мяне прымацавалі набірацца вопыту. Вучылася не толькі прафесійнаму, але і чалавечаму. На жаль, ужо не памятаю імя настаўніцы, але, на шчасце, з удзячнасцю да гэтага часу ўспамінаю тую практыку. Мая настаўніца пераканала бацькоў дзяцей свайго класа стаць яе памочнікамі. Мамы і таты сачынялі сцэнарыі дзіцячых свят, дапамагалі іх ажыццяўляць. На гэтых дзіцячых святах такія былі смачныя пачастункі для ўдзельнікаў! І не толькі смачныя, але і надзвычай прыгожа аформленыя. Азіраючыся назад, разумею, што ў жыцці няма выпадковасцей.

— Я толькі пачынаю ствараць карвінг і раблю ў гэтым мастацтве першыя крокі, але з якім задавальненнем! Двухгадовы сынок Пашка таксама зацікавіўся, як жа так прыгожа ў мамы атрымліваецца?! Пашаў трынаццацігадовы брацік Аляксей разам са мной выразаў свой першы выраб.
Вучыцца карвінгу Галіне дапамагае інтэрнэт. Яна гаворыць, што адных відэа са спецыялістамі, якія ствараюць вобразы з фруктаў, недастаткова. Патрэбны яшчэ іх каментарыі, парады. “Такія матэрыялы з тлумачэннямі таксама можна знайсці ў інтэрнэце. Калі гэтага недастаткова, то звярніцеся да кніг, ідзіце на курсы”, — раіць Галіна Мікалаеўна. У найбліжэйшых планах госці рубрыкі набыць некаторыя інструменты для карвінга. У першую чаргу нож, які выразае асяродак яблыка. Захапленне карвінгам для нашай суразмоўцы натуральнае яшчэ і таму, што ва ўласным садзе і агародзе можна знайсці шмат добрых мадэлей для творчасці. Яблыкі, перцы, памідоры, агурочкі, клубніцы Галіна вырошчвае сама.

— Магу падзяліцца з чытачамі здабытымі мною парадамі, якія лічу важнымі для паспяховага карвінга, — працягвае аповед Галіна Малюшыцкая. Не кожны фрукт ці агародніна падыходзяць для выразання. Радыска павінна быць буйной і яркай, морква — роўнай і гладкай, апельсін і лімон — вельмі свежымі. З яблыкаў лепш выкарыстоўваць тыя, што маюць гладкую скурку, агуркі трэба браць роўныя і з цёмнай афарбоўкай, у кавуна з грубай скуркай больш шчыльная і зручная ў рабоце мякаць. Многія віды агародніны прыгодныя для фігурнай разьбы толькі ў сырым выглядзе — гэта таксама неабходна ўлічваць. Найбольш удалы прадмет для творчасці — кавун, у якім камбінуецца цэлыя тры колеры. Важна, каб упрыгажэнні спалучаліся са стравай па смаку. Так, мясныя стравы лепш упрыгожваць агуркамі, памідорамі, морквай, морапрадукты — лімонамі. Выбіраючы спалучэнні прадуктаў, аддавайце перавагу кантрасным колерам — кампазіцыі будуць больш яркімі. Фрукты і агародніна для карвінга павінны быць чыстымі і сухімі. Яблыкі і памідоры да пачатку работы трэба вымачыць у вадзе з лімонным сокам і час ад часу спырскваць іх, каб не пацямнелі. Моркву неабходна замачыць пасля выканання работы — яна стане больш цвёрдай і сакавітай. Ядомыя “абрэзкі” прадуктаў не выкідайце — іх можна выкарыстаць у прыгатаванні іншых страў: салатаў, супоў, пюрэ, гарніраў, начынак.
Карвінгам можна зацікавіць дзяцей: яны атрымаюць ад удзелу ў гэтым працэсе задавальненне. Карвінг дапаможа бацькам, якім ніяк не ўдаецца прывіць дзецям любоў да фруктаў і агародніны. “Казачнае” афармленне зробіць вітаміны больш прывабнымі для вашых сыноў і дочак.
Дарагія чытачы, цяжка ўстаяць перад спакусай хаця б паспрабаваць выразаць з фруктаў і агародніны. Пасля напісання матэрыялу і я з задавальненнем выразала лілею з агурка. Цяпер ваша чарга.

Святлана РАДЗЬКОВА.