Хітрыкі ад Анатольеўны

Прабачце, калі ласка, паважаныя мужчыны, але ўсю гаспадарку і побыт у сям’і звычайна вядзе жанчына і вялікую частку свайго часу яна праводзіць на кухні. Напэўна, у кожнай гаспадыні ёсць свае маленькія сакрэты і хітрыкі, якімі яна карыстаецца, каб сэканоміць каштоўны час або зрабіць сваю каронную страву непаўторнай.

Жанчынкі! Скарыстайцеся спісам хітрыкаў ад Анатольеўны, якія дапамагаюць ёй адчуваць сябе на кухні як рыба ў вадзе.

  • Анатольеўна: нельга сыпаць спецыі са слоічка, у якім яны захоўваюцца, непасрэдна ў каструлю з кіпячай стравай — яны ж паглынуць вільгаць з пары і страцяць сваю якасць!
  • Калі Анатольеўне трэба хутка размякчыць кавалачак цвёрдага сметанковага масла, якое яна толькі што дастала з халадзільніка, яна проста налівае на хвіліну ў шклянку кіпень, а затым накрывае ёй масла.

Сакрэт баршчу ад Анатольеўны:

буракі для баршчу яна чысціць і варыць цалкам у булёне ўвесь час, пакуль варыцца булён. Затым мяса і бурак вымае, булён працэджвае і варыць б­оршч, як звычайна — толькі ў самым канцы гатавання вараныя буракі працірае на буйной тарцы, кладзе ва ўжо гатовы боршч. Дае закіпець і выключае. Смак асаблівы, а колер выдатны!

  • Капусту і боршч Анатольеўна робіць больш  насычанымі і смачнымі, калі ў іх варыць цэлую бульбіну, а затым расцірае. Расціраць трэба ў каструлі або ў патэльні з засмажкай.
  • Ніколі Анатольеўна не выкідвае сала пажоўклае, а прапускае яго праз мясарубку і захоўвае ў халадзільніку ў слоіку, а пры неабходнасці дадае ў капусту або боршч. Для гэтага расцірае часнок разам з салам у ступцы або кубку. Незвычайны смак забяспечаны. Вылівайце гэтую заправу ў боршч, калі ён ужо гатовы, размяшайце і адключыце агонь.
  • Вараную без лупіны бульбу Анатольеўна можа зрабіць белай без асаблівых намаганняў, проста яна дадае ў ваду крыху лімоннага соку.
  • А гэтая парада для аматараў агароднінных супоў, у якіх няма круп і бульбы. Анатольеўна, заправіўшы такі суп злёгку падсмажанай мукой, робіць яго больш густым і смачным!
  • Сакавітасць запечаных у духоўцы курыных крылаў Анатольеўна можа захаваць, калі перад гатаваннем націрае іх сумессю з кетчупу і смятаны, узятых у роўнай колькасці (смятану можна замяніць маянэзам, а кетчуп — аджыкай).
  • Смак варанай агародніны Ана­тольеўна паляпшае, дадаўшы ў каструлю два кавалачкі цукру.
  • А якія ў Анатольеўны адбіўныя!

Адбіўныя будуць сакавітымі і мяккімі, калі іх, добранька адбітыя, пасоленыя і падперчаныя, абмакнуць у наступную сумесь з абодвух бакоў: 1/2 шклянкі малака змяшаць з яйкам, пасаліць, паперчыць на смак (падыдзе і злёгку разведзены вадой падсолены маянэз). Скласці адбіўныя ў невялікую эмаліраваную ёмістасць, заліць рэшткамі сумесі і паставіць на ноч у халадзільнік. У халодным месцы ў такой сумесі сырое мяса можа захоўвацца да 5 дзён, не губляючы смакавых якасцей і не набываючы непрыемных пахаў.

І няпраўду кажуць,  што чым больш сапсаваны настрой, тым мякчэйшыя адбіўныя!

  • Часта яечня атрымліваецца плоскай і не вельмі апетытнай на выгляд. Анатольеўна адкрые вам адзін сакрэт: каб яечня была пышнай, трэба дадаць да яек 1—2 лыжкі халоднай вады і добранька ўзбіць масу!
  • Працэс наразання цыбулі ніхто не любіць, з-за таго што яе даволі цяжка ўтрымаць у руках. Але Анатольеўна ведае, што калі падчас чысткі цыбулі пакінуць хвосцікі (з боку пёраў), то цыбулю будзе наразаць значна хутчэй, трымаючы яе за гэтыя самыя хвосцікі. Потым іх можна проста выкінуць.
  • Вінегрэт гатуюць, мабыць, у кожнай сям’і. Гэтую карысную і смачную страву Анатольеўна робіць яшчэ смачнейшай і апетытнай, калі дадае ў яе адну сталовую лыжку малака і адну чайную лыжку цукру. Смак вінегрэту  становіцца вельмі мяккім і далікатным.
  • Каб рыс атрымаўся белым і рассыпістым, Анатольеўна за­сы­пае яго толькі ў кіпячую падсоленую ваду, дадаўшы некалькі кропель лімоннага соку або растворанай у вадзе лімоннай кіслаты, і не накрывае посуд, у якой варыцца рыс. Толькі ў гэтым выпадку ён захавае свой ідэальна белы колер.
  • Самыя смачныя катлеты, дранікі і іншыя стравы на аснове фаршу атрымліваюцца тады, калі Анатольеўна робіць фарш змяшаным. Напрыклад, да катлет дадае цёртую сырую бульбу, моркву, а ў дранікі кладзе цёрты сыр і гарчыцу.

Жанчынкі, аблягчайце жыццё і эканомце час! Спрашчайце гатаванне некаторых страў і скарачайце час, праведзены каля пліты.

Анатольеўна гарантуе — вашы стравы стануць яшчэ смачнейшымі, а родныя ад гэтага толькі больш шчаслівымі.

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.